Калмыцкі брат Беларусі Міша Чорны

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства на Міншчыне, у горадзе Беразіно, плануюць усталяваць мемарыяльную дошку ў знак памяці калмыцкага паэта Міхаіла Хонінава. Ён вядомы яшчэ і як беларускі партызан Міша Чорны.
Пра тое, што памяць бацькі рыхтуюцца ўшанаваць у Беларусі, паведаміла яго дачка Рыма Ханінава, літаратуразнаўца з Элісты. Зімою яна прымала ўдзел у Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час” у Мінску. Пабывала і ў Беразіно, ганаровым грамадзянінам якога з’яўляецца Міхаіл Хонінаў.

Аўтар паэмы пра Хатынь, многіх вершаў, прысвечаных Беларусі, партызаніў у тых мясцінах. Прычым па-геройску: быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга. Часта наведваў Міншчыну і Магілёўшчыну, дзе жылі ягоныя браты па зброі, у пасляваенныя гады. У Мінску пабачылі свет дзве кнігі калмыцкага паэта на беларускай мове. Сярод перакладчыкаў — вядомыя беларускія паэты Аляксей Пысін, Рыгор Барадулін, Алесь Бачыла...

Рыма Ханінава шмат робіць дзеля развіцця, пашырэння беларуска-калмыцкіх літаратурных сувязяў. Пра стасункі яе бацькі, іншых калмыцкіх пісьменнікаў з Беларуссю піша ў калмыцкім і беларускім друку. Выдала некалькі кніг, дзе змешчаны артыкулы на гэтую тэму. А на інтэрнэт-партале “Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў”, заснаваным Выдавецкім домам “Звязда”, Рыма Ханінава вядзе старонку “Міхаіл Хонінаў”. 

Алесь Карлюкевіч

Голас Радзімы № 19 (3523), чацвер, 25 мая, 2017 у PDF

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter