Радиоконкурс «Молодые таланты Беларуси»: более 630 заявок на участие, компетентное жюри, достойная награда

Калі запальваюцца «зоркі»

Юбілейны, дзясяты па ліку Рэспубліканскі творчы радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі» б’е рэкорды: ад юных выканаўцаў з усёй краіны ў адрас Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё паступіла больш за 630 заявак. Па словах арганізатараў праекта, выпадак беспрэцэдэнтны, падобнага наплыву жадаючых за дзесяцігоддзе існавання конкурсу не было ні разу.

Лаўрэаты конкурсу атрымліваюць стыпендыі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта (на здымку — Ксенія Галецкая).

Радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі» заўсёды лічыўся і ў педагогаў, і ў юных музыкантаў прэстыжным, аднак на гэты раз ажыятаж вакол удзелу ў ім проста небывалы, нягледзячы на тое, што з-за каронавіруса і нежадання падвяргаць дзяцей небяспецы конкурс ужо другі год запар праходзіць у аддаленым фармаце.

Як расказала аўтар і кіраўнік праекта Таццяна Якушава, агульная колькасць заявак сёлета перавышае мінулагоднюю ў паўтара раза. Найбольш папулярнымі і запатрабаванымі, як і раней, застаюцца сольныя намінацыі «Эстрадны вакал» і «Інструментальная музыка».

— Мяркуем, беларускія рабяты ў перыяд вымушаных каранцінных абмежаванняў засумавалі па профільных конкурсах, дзе можна не толькі паказаць сваё майстэрства, але і атрымаць кампетэнтны водгук ад знаўцаў мастацтва, — не без падстаў мяркуе Таццяна Якушава. — Наш праект — з’ява ў сваім родзе ўнікальная для музычнага жыцця краіны, і мы рады, што нават у фармаце аддаленых праслухоўванняў ён штогод павялічвае ахоп і карыстаецца цікавасцю ў слухачоў. Да таго ж юбілейны конкурс сёлета прапануе пашыраную колькасць намінацый: іх дзевяць па самых розных музычных напрамках, таму, думаю, кожны змог знайсці для сябе ідэальную катэгорыю, а ўжо наступнае слова — за членамі журы.

Калегію экспертаў сёлета зноў узначальвае народны артыст Беларусі, кампазітар, кіраўнік папулярнага ансамбля «Бяседа» Леанід Захлеўны. У журы ўвайшлі таксама народныя артысткі Беларусі Анастасія Масквіна (оперная дзіва) і Ніна Ламановіч (галоўны хормайстар Вялікага тэатра), заслужаная артыстка Ірына Дарафеева, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, кіраўнік арт-групы «Беларусы», спявак, кампазітар і педагог па вакале Валерый Шмат, галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Сасноўскі, дацэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вераніка Сахарава і Святлана Сітнікава.

— Статус конкурсу вельмі высокі, таму мы адбяром самых лепшых удзельнікаў, — запэўнівае Леанід Захлеўны. — Ужо трэці раз я працую ў журы і павінен сказаць, што «Маладыя таленты Беларусі» для нашых юных артыстаў маюць вялікае значэнне. Хочацца адзначыць і вельмі вялікі жанравы дыяпазон, і ўзроставы: усе таленавітыя выканаўцы могуць сябе паказаць і будуць ацэнены дастойна. Чарнавы адсеў, зразумела, праводзіцца, паколькі не ўсе гатовы ўдзельнічаць у конкурсе такога ўзроўню.

У першым туры журы на чале з Леанідам Захлеўным збярэцца ў студыі Дома радыё, каб прагледзець відэазапісы выступленняў усіх удзельнікаў (па ўмовах I тура рабяты павінны выканаць вакальны або інструментальны твор беларускіх аўтараў). Да 10 красавіка экспертам трэба прыняць рашэнне, хто з юных талентаў пройдзе ў наступны тур.

— Глядзець выступленні мы будзем, як і летась, у запісе, — пацвердзіў кампазітар. — У гэтым ёсць свае плюсы, напрыклад паглядзець нешта двойчы, тройчы, абмеркаваць спрэчныя моманты, ды і недахопы ў ігры, спяванні на відэа відаць адразу. Але для дзяцей, вядома, гэта больш складана: ніякая камера не заменіць тыя свежыя, непасрэдныя эмоцыі, якія дае выступленне ўжывую. Спа­дзяюся, як і ў мінулым годзе, мы справімся з сітуацыяй паспяхова і не праглядзім па-сапраўднаму таленавітае дзіця.

Конкурс «Маладыя таленты Беларусі» праводзіцца Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё з 2009 года. За час існавання праекта ў ім узялі ўдзел больш за 2000 маладых музыкантаў. З 2013 года прызёры конкурсу рэгулярна становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, па выніках леташняга конкурсу ганаровых стыпендый і прэмій удастоіліся 43 салісты і калектывы.

ovsepyan@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter