«Видеомагнитофон купили родители по случаю моего дня рождения»: как молодой предприниматель зарабатывает на оцифровке видеокассет

Калі заканчваецца плёнка

Прывітанне вам, дзеці дзевяностых! Мы — апошняе пакаленне, якое глядзела мультфільм «Кароль Леў» у аднагалосым перакладзе на касеце з дапамогай відэамагнітафона, або, як яго называлі па-хатняму, відзіка. У 1990-я і 2000-я гады яго ўладальнікамі былі людзі з дастаткам абавязкова вышэй за сярэдні, а ўладальнікі ўласнай відэакамеры наогул лічыліся шчасліўчыкамі. Менавіта дзякуючы гэтым людзям захаваліся запісы ранішнікаў у дзіцячых садках, вяселляў, салютаў, першых і апошніх школьных званкоў, юбілеяў. Відэа запісвалася на вялікія касеты стандарта VHS, касеты пераглядалі на відзіку. Цяпер жа мы робім гэта націскам адной кнопкі на тэлефоне. А пластыкавыя «цагліны», што дагэтуль захоўваюць нашы цёплыя ўспаміны, усё яшчэ ляжаць у пыльнай каробцы дзе-небудзь на антрэсолі…


Магчыма ўсё

У прадпрымальніка Аляксея Худанава, нядаўняга выпускніка факультэта журналістыкі БДУ, таксама быў важкі стос касет з відэа, знятымі на бацькоўскую камеру яшчэ ў яго дзяцінстве. Пэўна, мама з татам у тыя гады не маглі ўявіць, што праз пару дзесяцігоддзяў такая апаратура з прычыны непатрэбнасці пойдзе на перапрацоўку пластыку або стане рарытэтам, за якім пачнуць паляваць калекцыянеры з дзівацтвамі. Лёша задумаўся: няўжо запісы ніяк не ўратаваць? Ён знайшоў некалькі аб’яў у інтэрнэце, дзе прапаноўвалася аблічбаваць старыя касеты. Кошт адной гадзіны аблічбаванага відэа пачынаўся ад 5 і заканчваўся 15 рублямі. Стала цікава, і хлопец вырашыў даведацца, якое абсталяванне для гэтага неабходна.

Аказалася, мінімальны набор для аблічбоўкі касет у яго ўжо ёсць — камп’ютар і старэнькі надзейны відзік, які некалі купілі яго бацькі на грашовую дапамогу з нагоды яго нараджэння. Касеты аблічбоўваюцца праз гэты магнітафон: падключаецца прыстасаванне, з дапамогай якога можна вывесці выяву на камп’ютар. Спецыяльная праграма дазваляе запісваць малюнак з гукам.

— Я зразумеў, што танней будзе зрабіць самому. Апрача таго, быў упэўнены, што маім сябрам і знаёмым гэтая паслуга таксама будзе цікавая. Наогул, у сферы аблічбоўкі попыт вышэйшы за прапанову. Яшчэ напрыканцы вучобы, калі дыплом быў напісаны, а дзяржаўныя экзамены шчасліва здадзены, скарыстаў свабодныя майскія дзянёчкі і заняўся аблічбоўкай сваіх відэакасет VHS, — успамінае Аляксей.

Шчыра кажучы, хлопец даўно хацеў мець сваю справу. Аблічбоўка ж велізарных фінансавых укладанняў не патрабуе. Таму пачаў тады яшчэ некамерцыйны праект — з інтарэсу раскруціцца і паглядзець, наколькі гэтая сфера актуальная.

Сам сабе рэжысёр

Малады прадпрымальнік стварыў групу ў сацыяльнай сетцы, дзе рэкламаваў паслугі па аблічбоўцы, і пачаў актыўна развіваць сваю суполку. Яму пачалі пісаць сябры, сваякі, сябры сяброў і іх знаёмыя. Аўдыторыя жадаючых аднавіць памятныя відэа была маладая — 20—25 гадоў. Затым пачалі звяртацца людзі старэйшага ўзросту — тыя, каму за сорак. Аляксей працуе ў адной кампаніі са спецыялістам па SMM, аблічбоўка для яго пакуль толькі дадатковы прыбытак.

Калі раней ён мог працаваць выключна з вялікімі касетамі VHS, то цяпер пашырыў спіс паслуг, да якога дадалася аблічбоўка касеты на 8 міліметраў, а таксама кінастужкі ў шпульцы для відэапраектара.

Працэс аблічбоўкі цяжкі, і яна самая дарагая па кошце паслуг.

— Калі аблічбоўваю касеты на 8 міліметраў, прынцып такі ж, як і з вялікімі, але не праз відэамагнітафон, а праз відэакамеру, якія ўжо не вырабляюць. У нашай краіне ніхто такія не прадаваў, таму давялося зарэгістравацца на расійскай пляцоўцы аб’яў абходнымі шляхамі: папрасіў знаёмую з Піцера даслаць код пацвярджэння. І праз некалькі дзён з цэнтральнай часткі Расіі поштай прыйшла пасылка, — распавядае Аляксей.

Паступіў заказ і на аблічбоўку кінастужкі ў шпульцы, на якія здымалі ў 1980-я. Працэс аблічбоўкі цяжкі, і яна самая дарагая па кошце паслуг. Разлік кошту ідзе не на гадзіны, а на хвіліны. Для шпулек Аляксей купіў новы відэапраектар. Амаль навюткі — былы ўладальнік ім не карыстаўся.

Хлопец прызнае, што захоплены кліентаарыентаванасцю. Усе відэа ён рэжа на сюжэты па тыпу «Вяселле», «Хрышчэнне», «Дзень нараджэння», а таксама апрацоўвае: колеракарэкцыя, выдаленне праблемных участкаў, накладанне гукавой дарожкі. Многія фірмы гэтага не робяць пры мінімальным чэку ў шэсць рублёў за гадзіну відэа.

— Калі зраблю добра, у кліента будзе жаданне вярнуцца альбо параіць мяне сваім знаёмым. Аблічбоўка звычайна робіцца адзін раз і назаўсёды, таму важна зрабіць яе максімальна якасна. Раней першую касету незалежна ад таго, колькі на ёй гадзін, аблічбоўваў бясплатна, за другую касету браў 2,5 рубля за гадзіну, але калі больш за 10 гадзін, то рабіў зніжку за працягласць, — кажа малады чалавек.

У прадпрымальніка Аляксея ХУДАНАВА таксама быў важкі стос касет з відэа.
pixabay.com

Няма мяжы

Бізнес убок... З кур’ёзнымі сітуацыямі Аляксей сутыкаўся не раз. Зразумела, што людзі ўжо і не ўспомняць без відзіка, якія менавіта падзеі запісаныя на касетах. 

— На адной касеце было сямейнае свята. Затым — некалькі хвілін чорнага экрана. Я падумаў, што ўсё, канец, але тут жа пачаўся фільм зместу «18+», — усміхаецца ён.

На пытанне, колькі яшчэ, на яго думку, будзе доўжыцца гісторыя з аблічбоўкай, Лёша адказвае, што многія нават не ведаюць, што касету можна аблічбаваць: 

— Гэта 70 працэнтаў людзей, з якімі я размаўляў на гэтую тэму. Таму трэба рабіць упор на рэкламу.

А наогул, калі што — варта паспяшацца. Тэрмін «жыцця» касет складае каля 20 гадоў. З кожным праглядам якасць відэазапісу горш: размагнічваецца плёнка, расцягваецца стужка, губляецца сінхранізацыя відэа, з’яўляюцца палосы, знікае выразнасць малюнка, пагаршаецца гук.

— Сапраўды, касеты рана ці позна скончацца. Але мая мэта — развіць справу ад простай аблічбоўкі да ўласнага фотаагенцтва.

ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ

• Сярэдні прыбытак у месяц — 100 рублёў.

• Сярэдні чэк — 30 рублёў.

• Кошт аблічбоўкі 1 гадзіны — 4 рублі.

• Стартавы капітал — 600 рублёў.

• Кошт відэапраектара — 200 рублёў.

malyshchyts@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter