Калі свечкі ў храме не дапамагаюць

Кожны чалавек задумваецца над сэнсам свайго жыцця.

У нашым грамадстве прынята лічыць, што той, хто вядзе бессэнсоўнае існаванне, ніколі не дасягне поспеху. Хрысціяне, шукаючы адказу на пытанне, для чаго яны з’явіліся на свет, скіроўваюць свой позірк на Бога.

У Евангеллі запісаны эпізод, калі Хрыстос сказаў першасвятарам і старэйшынам ізраільскага народа, што мытнікі і распусніцы наперадзе іх ідуць у Валадарства Божае. Гэта не магло не збянтэжыць слухачоў, але такімі словамі падкрэслівалася парадаксальнасць сітуацыі, якая часам здараецца ў жыцці веруючых людзей, калі яны абмяжоўваюцца толькі знешнімі праявамі рэлігійнасці.

Можна ў сваім доме павесіць мноства абразоў, але ў гэтым няма сэнсу, калі мы не будзем рэгулярна і шчыра маліцца. Можа, і малітва не прынясе плёну, калі мы ў ёй прадстаўляем Богу толькі спіс нашых жаданняў. Нават рэгулярнае наведванне літургіі само па сабе можа не мець ніякага эфекту, калі чалавек жыве ў нянавісці, падмане і эгаізме. Такі чалавек выкарыстоўвае рэлігійнасць не для таго, каб станавіцца лепшым, а для таго, каб закансерваваць сваю сапсаванасць і заглушыць голас свайго сумлення.

Тыя распусніцы і мытнікі, якія, па словах Хрыста, першымі ўваходзяць да неба, — гэта людзі, якія, магчыма, знаходзіліся на “самым дне” чалавечага падзення. Аднак у нейкі момант свайго жыцця яны зразумелі, што так больш жыць немагчыма. Тады і распачалася іх доўгая і складаная дарога да Бога, да неба. Гэта стала іх асноўнай мэтай.

Можа быць, хтосьці знаходзіцца ў такім стане, што не можа пераадолець сваю схільнасць да нейкага зла.

Ён прыкладае да гэтага вялікія намаганні, але ўсе яны застаюцца марнымі. Вялікае значэнне мае ўжо тое, што чалавек усведамляе сваю слабасць. Хрыстос прыйшоў да слабых людзей з пасланнем надзеі. Божая любоў не памятае нашага зла, калі мы просім за яго прабачэння і імкнёмся не вяртацца да яго ў будучыні.

Знешнія праявы рэлігійнасці, такія як свечкі ці абразы, могуць дапамагчы стварыць адпаведную малітоўную атмасферу, але збаўляе нас толькі жывая і актыўная вера, якая напаўняе ўсе сферы нашага жыцця.

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter