У розных куточках нашай краіны склаліся свае звычаі памінання памерлых

Калі смутак і радасць побач

У розных мясцінах — свае звычаі памінання памерлых, якія зарадзіліся ў старажытныя часы

Дзень памінання памерлых, Радаўніца, язычніцкае веснавое свята усходніх славян, якое ўспрыняла і пераняла Праваслаўная царква. У Беларусі яно шырока распаўсюджана. Як некалі ў земляробчым календары, гэтак і ў нашы дні Радаўніца выконвае важную выхаваўчую ролю ўшанавання памяці продкаў і з’яўляецца адлюстраваннем духоўнай сувязі пакаленняў.

Фота аўтара

Абрусы на могілках

Вельмі цікавы звычай адзначаць Радаўніцу захаваўся ва ўсходняй частцы Магілёўшчыны — у міжрэччы Сожа і Бесядзі. У гэтым рэгіёне на Радаўніцу прынята засцілаць надмагіллі абрусамі. Крыжы на магілах, дзе пахаваны мужчыны, абвязваюць ручнікамі, а крыжы на жаночых — фартушкамі.

У вёсцы Судзілы Клімавіцкага раёна роўна апоўдні пачынаецца хрэсны ход з аброчным абразом вакол могілак, што сведчыць пра хрысцінізацыю старажытнага паганскага абраду. Могілкі абыходзяць тройчы. Першы круг робіцца за мінулае, усіх памерлых, продкаў. Другі — за будучыню, тых, хто будзе працягваць радавод. Трэці — за цяперашняе і тых, хто прыйшоў ушанаваць “радзіцеляк” (гэтак кажуць тут пра нябожчыкаў).

Па сканчэнні хроснага ходу ўсе разыходзяцца па сваіх сямейных кутах, наведваюць магілы родных. Катаюць яйкі, малюючы імі крыжыкі на зямлі. Абыйшоўшы ўсе могілкі, трэба вярнуцца з яйкам да той магілы, з якой пачынаўся абыход, і закапаць яго. Пасля гэтага можна пачынаць палуднаваць з “радзіцелькамі”. Памінальны стол утвараецца на ўсланым на магіле абрусе. Пачынаюцца ўспаміны, роспыты, расповеды пра жыццёвыя справы. Крыху падсілкаваўшыся, народ пачынае агледзіны іншых сталоў-абрусоў, адбываюцца сустрэчы колішніх сяброў, суседзяў, аднавяскоўцаў.

Гуляюць Радаўніцу да пазна, пакуль не стомяцца і дазваляе час не спяшацца па гаспадарскіх справах. Калі надвор’е спрыяе, кажуць: “Радзіцелькі пагоды ўпрасілі”. У Судзілах робяць так, як у народзе кажуць: “Да абеду пашуць, у абед плачуць, а па абедзе скачуць”. Вярнуўшыся з могілак, гаспадыні развешваюць абрусы на платах абапал хаты. Потым збіраюцца на лавачках — працягваюць гуляць, спяваць песні. Аднекуль даносяцца гукі гармоніка. Дзесьці жаночыя галасы выводзяць вяснянку — на Радаўніцу ў Судзілах яшчэ працягваецца гуканне вясны.

Звон на вязе

А ў вёсцы Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна спакон веку доўжыцца велікодная традыцыя — “Будзіць продкаў”. У панядзелак, на другі дзень свята, пасля сняданка ўся “родзіна” (так называюць ў вёсцы сям’ю) выпраўляецца на могілкі. У гэты дзень у вёсцы чуваць царкоўны звон, хоць храма ў Раздзялавічах няма. Званар б’е ў невялікі звон, які падвешаны на вязе на ўваходзе на могілкі. Так і “будзяць продкаў”.

Дарэчы, Дзяржаўная камісія па пытанях ЮНЕСКА ўключыла традыцыю “Будзіць продкаў” у Спіс помнікаў духоўнай спадчыны. У велікодны комплекс на вясковых могілках уваходзяць такія рытуальныя элементы, як абуджэнне памерлых, павязванне ручнікоў і фартушкоў, частаванне для дзядоў, праліванне, ахвяраванне званару (раней яму давалі яйкі і ежу, а цяпер і грошы).

У час наведвання могілак жыхары кладуць ежу на зямлю альбо на невялікі стол, але ж традыцыі снедаць з “бацькамі” на могілках ў Раздзялавічах няма. А вось частаванне гарэлкай захавалася. Спачатку гаспадар альбо гаспадыня палівае моцным напоем магілку, трошкі налівае ў шклянкі і смакуе напой з бутэлькі. Гэты звычай называюць “праліваннем”. Аднак на могілках ніхто не напіваецца, каб не абражаць памяць продкаў.

У гэты дзень трэба паспець наведаць могілкі да дванаццаці гадзін апоўдні. І пакуль іх не пакіне апошні чалавек, не сціхае і звон...

Іван Лужынскі

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter