Обзор книг Пимена Панченко "Сэрца маё" и Антуана де Сент-Экзюпери "Маленькi прынц"

Калi ў сэрцы жаўранак начуе

Пiмен Панчанка. Сэрца маё. Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2017.

Другая кнiга цiкавага праекта выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» «100 вершаў» не расчаравала. Нагадаю, што ў гэтай серыi задумана з’яднаць беларускую паэзiю i мастацкiя творы. У першым томе прагучалi дуэтам карцiны Валерыя Шкарубы i вершы Мiхася Стральцова. У другiм выпуску — радкi Пiмена Панчанкi сiнтэзуюцца з фарбамi Гаўрыiла Вашчанкi. Думаецца, выдаўцы не памылiлiся, складаючы менавiта такiя дуэты. Магутны па гучаннi, з яркiмi колерамi i шырокiмi мазкамi, жывапiс народнага мастака Вашчанкi сугучны паэзii Панчанкi з яе моцнымi вобразамi, сакавiтай мовай i вечнымi, традыцыйнымi каштоўнасцямi.

Дзе начуе жаўранак, скажыце,
Цi на лёгкiм воблаку, цi ў жыце?
Запытаўся некага
Я ўраннi...
Гэта пачалося ўжо
Вяртанне
Праз жыццё,
Удачы i няўдачы,
Да палёў,
Духмяных i гарачых.

I побач — карцiна, на якой трывожна–жоўтыя аблокi клубяцца над цёмнымi глыбамi, у якiх можна адгадаць стагi... Цi не ў гэтых зыркiх аблоках начуюць жаўранкi паэта? (Дарэчы, вельмi шкада, што не пазначаны назвы карцiн.) Але паэт дае сваю разгадку:

Запытаўся.
Ды нiхто не чуе...
Пэўна ў сэрцы
Жаўранак начуе.

Каштоўнасць такiх выданняў — магчымасць па–новаму адкрыць для сябе класiкаў выяўленчага мастацтва i лiтаратуры, а таксама — скласцi калекцыю з унiкальных тамоў для сваёй хатняй бiблiятэкi.

Антуан дэ Сэнт-Экзюперы. Маленькi прынц. Выдавец Змiцер Колас. Мiнск, 2017.

Незвычайнае выданне вядомага твора сталася часткай праекта «Беларускiя ўiк–энды»: у кiнатэатрах краiны прайшлi паказы з беларускай агучкай, у тым лiку французскага мультфiльма «Маленькi прынц». Падчас паказаў прэзентаваўся i пераклад самога твора. А па колькасцi перакладаў, дарэчы, казка Сэнт–Экзюперы — на трэцiм месцы пасля Бiблii i Карана, то бок з мастацкiх твораў гiсторыю Маленькага Прынца пераносяць у iншыя культурныя асяродкi часцей за ўсё. Вельмi важна, што на беларускую мову яе пераказала цудоўная паэтка Нiна Мацяш, якая дзевяць гадоў таму пайшла з жыцця. Гэты пераклад стаўся апошнiм для паэткi, якую цяжкая хвароба пазбавiла магчымасцi хадзiць. Кажуць, з галоўным героем Нiна Мацяш шмат у чым атаясамляла сябе. У кнiзе — тыя самыя класiчныя малюнкi, зробленыя самiм Антуанам. Тая самая мудрая iронiя i кранальная прыгажосць. «Калi ласка, намалюй баранчыка...» Пустыня, зламаны самалёт, лётчык, якi не ведае, колькi працягне тут без дапамогi, i — чароўны хлопчык, якi немаведама адкуль узяўся i просiць малюнак... I чары беларускай мовы, што здольная перадаць найтонкiя нюансы. Чытво, абавязковае для дзяцей i для дарослых.

Издания для обзора предоставлены книжным магазином «Академическая книга», Минск, пр-т Независимости, 72.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter