«Калi са шчырасцю i дабрынёй, тады без грошай, фальшу i крывадушнасцi»

Тры складнікі добрых ведаў матэматыкі па Сарагаўцу: прыродныя даныя, разумны падручнік і зацікаўлены настаўнік
УЛАДЗІМІРУ САРАГАЎЦУ ў прафесіі пашанцавала з самага пачатку. Ён трапіў на працу ў Сноўскую школу. Па-першае, сама вёска, а цяпер аграгарадок, — месца жывое і прыцягальнае. Як тут жартуюць: Мінск, канешне, вялікі горад, але калі глянуць на карту Нясвіжскага раёна, дык яго і не відаць. А вось Сноў — буйны аграпрамысловы цэнтр. І школа тут са стопяцідзесяцігадовымі традыцыямі. Адразу выкладаў матэматыку, быў класным кіраўніком, а з 1988 года — намеснік дырэктара па навучальнай рабоце. 

Непрыкметна прамінула 37 верасняў. Восеньскі месяц для школьнага жыцця — своеасаблівая кропка адліку. Дык вось пачынаўся ён для Уладзіміра Васільевіча кожны раз на адным і тым жа месцы. У яго працоўнай кніжцы значыцца толькі адзіны запіс аб прыёме на працу. 

— Уладзімір Васільевіч, за гэты час якія змены адбыліся ў школе, у адукацыі наогул?

— Ведаеце, як і трыццаць-сорак гадоў таму, засталася адна ранейшая праблема. Вучань сам па сабе ніколі не хацеў бы вучыцца, аднак настаўнік заўсёды «зараджаны» на тое, каб яго заахвоціць, як цяпер кажуць, заматываваць. Такім чынам, ідзе пастаянная барацьба двух супрацьлеглых жаданняў. Разам жа мы супрацоўнічаем і дасягаем нядрэнных вынікаў. Мяняюцца толькі падручнікі, прозвішчы школьнікаў. На жаль, цяпер іх з кожным годам менш на 5—8 чалавек. І ўсё роўна 428 навучэнцаў для сельскай школы — вельмі нават нядрэнна. 


Уладзімір Васільевіч САРАГАВЕЦ са сваімі калегамі— намеснікамі
дырэктара па навучальнай і выхаваўчай рабоце Таццянай АЛЯШКЕВІЧ
і Наталляй ТАБАЧКА

А вось узаемаадносіны настаўніка і дзяцей змяніліся істотна. Сорак гадоў назад пераважаў аўтарытарны стыль, калі вучні павінны былі слухаць педагога без малейшых пярэчанняў. Сёння паміж намі няма ранейшага разрыву, падкрэслю, мы супрацоўнічаем на роўных. Што датычыць дзяцей. Іншы раз можна пачуць, маўляў, моладзь зараз непаважлівая да старэйшых, нявыхаваная. Лухта! Паводле маіх назіранняў, агульная культура маладых людзей расце — і ў адзенні, і ў манерах, і ў адносінах да старэйшага пакалення. У іх шырэйшы кругагляд, і ў нечым яны разумнейшыя за нас. Разам з тым патрабуюць вольнасці і дэмакратызму. І пратэстуюць у адваротным выпадку. Задачы школы таксама застаюцца ранейшымі: выхаваць патрыёта, здаровага, працалюбівага чалавека, даць яму цвёрды падмурак ведаў. 

— Цяпер шмат разважаюць аб зніжэнні прэстыжнасці прафесіі. На вашу думку, з чаго складаецца аўтарытэт настаўніка? 

— Прывяду прыклад сваёй сям’і. Мае дзед і бацька таксама сельскія настаўнікі. Два родныя браты выкладалі фізіку і гісторыю. Агульны стаж дынастыі Сарагаўцоў больш за двесце гадоў. Калі ж улічыць яшчэ і лінію жонкі, дык наогул усе трыста. У яе дынастыі такі знакаміты настаўнік, як Канстанцін Міцкевіч — родны брат бабулі Юзі.

Арцём Пятровіч Сарагавец, мой дзед, пасля заканчэння Навагрудскіх настаўніцкіх курсаў у 1913-м прыбыў на працу ў вёску Прусінава, што на Уздзеншчыне, у пачатковае народнае вучылішча. Трапіўся яму кемлівы і здольны хлопчык, якому лёгка давалася навука, і праз тыдзень дзед сваім рашэннем перавёў яго з першага ў другі клас. Відаць, раней настаўнік меў больш самастойнасці. Пасля той хлопец са шматдзетнай сялянскай сям’і стаў вядомым пісьменнікам. Гэта Алесь Пальчэўскі, які ў сваіх творах не адзін раз узгадваў свайго першага настаўніка і адзначаў, што Арцём Пятровіч аказаў на яго вялікі ўплыў. Сумленнасць і стараннасць, з якімі адкрываў мой дзед шлях у навуку сялянскім дзецям, назаўсёды засталіся ў іх памяці, а юнага Пальчэўскага беззваротна скіравалі ў педагогіку, потым — у дзіцячую літаратуру. 

Дзед усё жыццё працаваў на вёсцы. Я гасцяваў у яго на канікулах на Случчыне, у Кляпчанах. Ён быў сціплым, не паліў, не піў, у восемдзесят пяць гадоў трымаў казу. Яго хату можна было пазнаць па партрэце Леніна, які ён сам і намаляваў, хаця ніколі не быў партыйцам. А бацька мой працаваў у Мікалаеўшчыне, на радзіме Якуба Коласа.

Кажуць, панізілася прэстыжнасць прафесіі. Ды не. Вырасла патрабавальнасць да яе. У сапраўднага прафесіянала заўсёды будзе аўтарытэт. 

— Уладзімір Васільевіч, а чаму сёння ў вашай прафесіі пераважна жаночы твар?

— Скажу, мабыць, непапулярную рэч і адначасова камплімент у адрас дзяўчат, выпускніц педагагічных ВНУ. Яны з першых дзен лепш спраўляюцца з настаўніцкай справай, больш устойлівыя да стрэсаў, больш цярплівыя.

— Аднак навука сцвярджае, што сучаснай адукацыі не хапае мужчынскага пачатку...

— Я ж разважаю як практык. Жанчыны на самой справе лепш прыстасоўваюцца. Хлопцы, прыходзячы ў школу, не вытрымліваюць перш-наперш папяровай работы, губляюцца, апускаюць рукі і адразу заяўляюць: «Мне гэта не падабаецца». Настаўніцы спраўляюцца і з дзецьмі, і з кабінетам, і з дакументацыяй. У нашай школе, калі я сюды прыйшоў, сорак працэнтаў педкалектыву складалі мужчыны. Цяпер з 47 настаўнікаў іх толькі пяцёра. Але я не бачу трагедыі ў такой тэндэнцыі. Павысяць заработную плату, сітуацыя памяняецца. Бо наша прафесія вельмі цікавая і ўдзячная. Мяркуйце самі. Адпачынак 56 рабочых дзён, і толькі летам. Дзе яшчэ вам прадаставяць гэтулькі? Працуем у цяпле, пераважна ў першай палове дня. Дзеці ўпітваюць усё, як губка, і працаваць з імі адно задавальненне. У настаўнікаў высокая выканальніцкая дысцыпліна, ім не трэба паўтараць двойчы адно і тое ж. Гэта я разважаю як адміністратар. 

— Якія прафесійныя запаведзі засталіся вам у спадчыну ад дзеда і бацькі?

— Бацька заўсёды папярэджваў: «Калі ты марыш аб настаўніцкай працы, рыхтуйся да незаможнага быту». Патрэбна выбіраць ці грошы, ці справу па душы. Таксама я вынес з сям’і, што ў педагогіцы не можа быць месца фальшу і крывадушнасці, што толькі шчырасць і дабрыня выклікаюць давер чуйных дзіцячых сэрцаў.

— А чаму вас навучылі дзеці?

— Памятаю, быў маладым і гарачым. Аднойчы ў размове з вучнем рашыў націснуць на яго грубасцю. І тое ж атрымаў у адказ. Таму зразумеў, што большага можна дабіцца спакойным, упэўненым тонам, што пры любых абставінах патрэбны вытрымка і карэктнасць, павага ў адносінах да юнай асобы. Таксама ў маладосці лічыў, што ўсё ведаю. Але аднаго разу дзяўчынка на ўроку задала пытанне, на якое не змог адказаць. Пасля гэтага штодня старанна рыхтуюся да заняткаў.

— Дарэчы, ваш прадмет не з лёгкіх. Як заахвочваеце да матэматыкі?

— Гэта такая навука, якая сама прываблівае логікай. Атрымаў задавальненне ад разумовай дзейнасці, ад мыслення, лічы, палюбіў матэматыку. Ёсць тры складнікі добрых ведаў прадмета: прыродныя дадзеныя, разумны падручнік і зацікаўлены настаўнік.

— З якімі вучнямі менавіта вам больш падабаецца працаваць — з кемлівымі ці тугадумамі?

— Больш задавальнення атрымліваеш, калі ўдаецца растлумачыць штосьці незразумелае школьніку, якому цяжка даецца прадмет, выдатнікі ж самі звычайна схопліваюць усё хутка. 

— Уладзімір Васільевіч, ці згодныя вы, што ў жыцці лепш прыстасоўваюцца тыя, хто ў школе не вызначаўся адзнакамі, «ціхія» троечнікі?

— Ёсць такое паняцце, як крывая развіцця. Яна ў кожнага індывідуальная. Па нейкіх прычынах, дасягнуўшы свайго піку, яна можа падаць уніз ці, наадварот, паступова ісці ўверх. Напрыклад, у сталым узросце могуць праявіцца асаблівыя здольнасці. Памятаю, майму вучню Сашу Дуняеву не давалася матэматыка. А ў дзясятым класе юнак відавочна падцягнуўся, і я паставіў ў атэстат пяцёрку. Праз два гады, калі сустрэў яго, даведаўся, што той — пастаянны ўдзельнік усесаюзных алімпіяд. Значыць, не памыліўся ў вучні.

Часам спрацоўваюць нашы комплексы, якія зноў жа бяруць пачатак з дзяцінства. Дарэчы, ёсць і комплекс перавагі, калі чалавек усімі спосабамі імкнецца ўзвысіцца над іншымі. Так што кар’ерызм і пагоня за сімваламі ўлады часам не столькі праява сілы, колькі сімптом слабасці.

У Сноўскай школе больш прыкладаў таго, як менавіта трывалыя веды і працавітасць вывялі ў людзі нашых выпускнікоў. Сучасныя юнакі і дзяўчаты добра разумеюць, што без адукацыі ў наш час нікуды не праб’ешся. У нас высокі ўзровень падрыхтоўкі педагогаў: 75 працэнтаў іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі, адзін настаўнік-метадыст, трое ўзнагароджаны значком «Выдатнік адукацыі». Сярод іх наш дырэктар Галіна Васільеўна Радаман, выпускніца Сноўскай школы. Для самарэалізацыі, прафесійнага росту ў сельскага настаўніка не менш магчымасцей, чым у гарадскога. Створаны ў школе ўсе ўмовы для развіцця творчых здольнасцей дзяцей. Таму і паспяховасць вучняў расце. Большая частка з іх потым атрымлівае вышэйшую адукацыю. І што асабліва радуе, многія выбіраюць педагогіку і вяртаюцца ў родную школу.

— Дзякуй, Уладзімір Васільевіч, за гутарку.

Алена КЛІМОВІЧ, «СГ»

klimovich@sb.by

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter