Уласныя ўражанні ўдзельніка III з'езда Саюза пісьменнікаў Беларусі

Калi мы родам з вёскi

Уласныя ўражанні ўдзельніка III з'езда Саюза пісьменнікаў Беларусі
ЗАСНЕЖАНАЯ дарога да Мінска на легкавушцы, якую выдзеліў нам траім дэлегатам пісьменніцкага з’езда Глыбоцкі райвыканкам, не аказалася надта доўгай.  Але, вядома, і за гэтую гадзіну-паўтары сама сабой узнікла гаворка аб маючым адбыцца форуме. Мае спадарожнікі — настаўніца базавай Мярэцкаўскай школы Ганна Зінкевіч і загадчык сельгасаддзела  раённай газеты “Веснік Глыбоччыны” Алесь Жыгуноў — гаварылі пра набалелае. А галоўнае, як быць з выданнем сваіх твораў? I калі Алеся Жыгунова гэта праблема закранае пакуль што злёгку, бо паспеў выдацца не толькі ў дзяржаўным, але і  прыватным выдавецтве, то Ганна даўно не бачыла сваіх друкаваных радкоў. А паэзія ў яе ліецца ад душы і сэрца. I не трэба нікому даказваць, што пісьменнік стварае творы для таго, каб іх чыталі.  У адваротным няма сэнсу.


ДАРЭЧЫ, гэта пытанне — выданне кніг — стала ці не асноўным на з’ездзе.  Меркаванні, спрэчкі былі розныя. На чым пагадзіліся? Па-першае, у два разы павялічыць ганарары за апублікаваныя творы. Гэта істотна. Але ж,  з другога боку, ёсць небяспека, што беларуская кніга, якая і так не вытрымлівае па кошту з замежнымі выданнямі, стане яшчэ даражэй. Хто яе тады будзе купляць? Праўда, калі ўсё пойдзе так, як планавалася, то мае хваляванні, мусіць, дарэмныя. 

У кнігарнях на беларускую кнігу будзе мінімальная нацэнка. Больш таго, нарэшце, прынята рашэнне, што Саюз пісьменнікаў створыць  у самым бліжэйшым будучым сваё выдавецтва, дзе будуць больш спрыяльныя ўмовы.

Але ж і сам пісьменнік, на мой погляд, не павінен быць пасіўным, трэба і яму рэкламаваць свае творы. Прыходзіць у тую  ж кнігарню, падпісваць аўтографы на свае выданні. А яшчэ лепей, сустракацца з калектывамі, пачуць, якую жадае мець кнігу сам чытач. А то некаторыя і носа ў глыбінку баяцца паказаць.

Якраз пра гэта і нагадала ў сваім даволі эмацыянальным выступленні  Iрына Масляніцына, рэдактар шматтыражкі Мінскага падшыпнікавага завода. Дарэчы, яна і перадала наказ работнікаў гэтага прадпрыемства пісьменнікам — больш расказваць аб сённяшнім жыцці радавога чалавека,  аб тых добрых пераменах, якія адбываюцца ў краіне, бо набілі аскоміну баявікі і розныя страшылкі. Вельмі, думаю, слушная і своечасовая заўвага. 

Калі сталіца выказвае такія скаргі, то што тут казаць пра вёску. Старшыня Саюза пісьменнікаў  Беларусі  Мікалай Чаргінец прывёў прыклад: па ініцыятыве Прэзідэнта пісьменнікі наведалі некаторыя рэгіёны рэспублікі, вынікам чаго стала кніга “На  прасторах любай Беларусі”. Улічваючы, што больш паловы членаў Саюза жыве ў Мінску, на “асфальце”, гэтага вельмі мала. Вёска, асабліва сённяшняя, варта большага ўвасаблення ў слове. Што тут казаць: ўся  наша літаратура выйшла, менавіта, з вёскі — пачынаючы  ад Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Івана Мележа, Івана Шамякіна. Чаму сённяшнія пісьменнікі так не пішуць? 

— У вёсцы — нашы карані, духоўнасць, адчуванне  зямлі. Пра яе – творы паэтаў і пісьменнікаў. Гэта тэма не сыйдзе з беларускай літаратуры ў XXI cтагоддзі, — аптымістычна выказаўся паэт Мікола Мятліцкі.

I прыклады для гэтага ёсць. Плённа, нібыта  рудакоп, працуе над вясковай тэмай  лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Васіль Шырко, з пад пяра якога выйшлі кнігі пра Герояў Беларусі Віталя Крымко і Васіля Рэвякі.  А нядаўна здадзена ў друк якраз па слядах паездкі па рэгіёнах дакументальна-мастацкая аповесць “Світанкі Кудзінава”, пра Героя Сацыялістычнай Працы з Пружанскага раёна. Тэма сяла заўсёды прысутнічае ў творах крытыка Алеся Марціновіча, вядомага паэта Мар’яна Дуксы, які між іншым і жыве ў вёсцы Солы, Міхася Слівы, Міхася Кузьміча, Алеся Жыгунова, Ігара Пракаповіча.

Але, на мой погляд, літаратуры пра вёску не хапае рэальнага жыцця. Ад майстроў слова людзі чакаюць большага. Калі гэта будзе, то, напэўна, не прыйдзецца гаварыць ні пра невысокія ганарары, ні пра тое, што кнігі не купляюць.

*   *   *

У з’ездзе Саюза пісьменнікаў удзел прынялі каля 600 літаратараў краіны. Вызначылі планы на наступную пяцігодку і перавыбралі старшыню. Кандыдатуру Мікалая Чаргінца дэлегаты аднагалосна падтрымалі.

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter