Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Актывісты беларускай суполкі “Белая Русь”, якая створана ў Самары два гады таму, паўдзельнічалі ў Міжнацыянальным свяце “Единая семья”

Калі ласка, у нашу хату!

Нехта з чытачоў “ГР” можа й здзівіцца: у Самары — “Белая Русь”? Газета больш расказвае пра справы Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, якой кіруе Ірына Глуская. Ды ў тэксце “Карысная сустрэча” (ГР, 14.06.2017) Людміла Дзёміна, кіраўніца суполкі “Нёман” з Тальяці, згадвала й пра “Белую Русь”. Калі Дзёміна з артыстамі паехала ў Самару на абласны Фестываль дружбы славянскіх народаў, то госці “адразу, на аўтавакзале адчулі цеплыню і ўвагу з боку Ксяндзова Алега Аляксандравіча, старшыні Самарскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі па захаванні ды развіцці самабытнасці беларускага народа “Белая Русь”. Нашых артыстаў павезлі ў сталовую ДТСААФ, накармілі смачным абедам. Потым — у Дом афіцэраў”.

Алег Ксяндзоў (справа) на свяце “Единая семья”

І ўжо восенню Людміла нагадала нам пра сяброў-беларусаў, запытала: як бы ім таксама газету па рассылцы атрымліваць? Сакрэту няма: самім на карысць беларускай культуры актыўна працаваць ды з рэдакцыяй кантакты падтрымліваць. У хуткім часе Алег Ксяндзоў напісаў нам па электроннай пошце, расказаў трохі пра справы суполкі, прыняў прапанову аб супрацоўніцтве. Пісаў: цяпер асноўны клопат суполкі — будаўніцтва й добраўпарадкаванне беларускай сядзібы, што ўзводзіцца ў адпаведнасці з абласным праектам “Парк дружбы народаў”.    

Мы расказвалі ўжо: у экаградзе “Волгарь” летам 2016-га распачалося будаўніцтва. З дасланых земляком матэрыялаў вынікае: маштабны праект рэалізуе рэгіянальная грамадская арганізацыя “Саюз народаў Самарскай вобласці” на прынцыпах прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Ствараецца Парк, вядома ж, дзеля ўмацавання сяброўства народаў у рэгіёне, праект падтрыманы на ўзроўні абласной адміністрацыі.

Сёлета ў красавіку “Белая Русь” заключыла з суполкай “Нёман” дамову аб супрацоўніцтве. І аднадумцы разам, як пісала Дзёміна, прадстаўлялі Беларусь на абласным фестывалі: там былі й выстава прадметаў беларускага народнага побыту, і выступленне (з вялікім поспехам!) гурта “Купалінка”. Што ж, сяброўства-кааперацыя беларускіх суполак заслугоўвае павагі! А тым часам, удакладняў Алег Ксяндзоў, “Белая Русь” і сама збірае таленты: вакальны калектыў, створаны пры суполцы, распачаў рэпетыцыі.

Алег Ксяндзоў — кіраўнік суполкі “Белая Русь”

Хто сёння ў актывістах суполкі? Як звязаны яны з Беларуссю? З інфармацыі, дасланай нам, вынікае: старшыня суполкі Алег Ксяндзоў, хоць і мае глыбокія беларускія родавыя карані, нарадзіўся 6 лютага 1955 года ў Дрэздэне (ГДР), у сям’і вайскоўца. У 1972-м закончыў 21-ю мінскую школу, паступіў у Кастрамское Вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча хімічнай абароны, якое закончыў у 1976-м. Служыў на розных пасадах у Беларусі, Венгрыі. У 1984-м паступіў у Ваенную акадэмію хімабароны, якую закончыў з адзнакай (1987). У 1986-м удзельнічаў у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1987-га служыў у Куйбышаве (цяпер Самара), з 1992 па 2002-і — у Прыволжскім рэгіянальным цэнтры Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Расіі, прычым сем апошніх гадоў — першым намеснікам начальніка ПРЦ. У 1996-м наш зямляк закончыў Вышэйшыя курсы Ваеннай акадэміі Генштаба. Палкоўнік з 1994 года. У актыве суполкі цяпер і Сяргей Якаўлевіч Валошчык, родам з 1964 года: ён з вёскі Гошчава Івацэвіцкага раёна Брэстчыны. Пасля школы паступіў у Тульскае ваенна-будаўнічае вучылішча, закончыў яго (1986), быў накіраваны служыць у Прыволжскую ваенную акругу: у Куйбышаў (Самару). Пасля звальнення ў запас там і застаўся. З будаўніцтвам звязаў жыццё яшчэ адзін актывіст суполкі, Аляксей Іосіфавіч Галіцкі — ён нарадзўся ў 1963-м у палескай вёсцы Заполле: гэта Лельчыцкі раён Гомельшчыны. У 1986-м прыехаў у Куйбышаў у ліку будаўнікоў, што дапамагалі гораду рыхтавацца да 400-годдзя. І застаўся жыць удалечыні ад Бацькаўшчыны.

Напрыканцы кастрычніка мы дамовіліся з Алегам Аляксандравічам і правялі “сеанс інтэрнэт-сувязі” па скайпе. Тыя запісы з часам выкарыстаю. Цяпер жа звернемся да навіны, анансаванай у падзагалоўку. Зямляк паведаміў: 25 лістапада ў Палацы культуры “Заря” праходзіла чарговае Свята народаў Самары “Единая семья”, і ў плыні яго нібы нарадзіўся на свет Ансамбль беларускай народнай песні “Белая Русь”: было дэбютнае выступленне. І яго, і выставу беларускай літаратуры, прадметаў беларускага народнага побыту для гасцей і ўдзельнікаў свята зладзілі-прадставілі актывісты суполкі “Белая Русь”. “Дэбют нашых артыстаў вельмі цёпла сустрэлі ды падтрымалі ўдзячныя гледачы. А кіраўніца й арганізатар ансамбля — жонка мая, Зоя Віталеўна,” — радуецца кіраўнік суполкі. Фотаздымак артыстаў Алег Ксяндзоў абяцае выслаць пазней — хоча зняць у нацыянальных касцюмах, а іх пакуль няма.

Прыгожая Беларуская хата пабудавана ў Самары

На дасланым у рэдакцыю здымку я пабачыў: у земляка ёсць ордэны, медалі. “Я ўзнагароджаны расійскімі ардэнамі “Мужество”, “За военные заслуги”, “Знак Почета”, медалём “За военные заслуги” 1 ступені, медалём “Участнику чрезвычайных гуманитарных операций”, Ганаровым знакам МНС Расіі, занесены ў Кнігу пашаны “Союз “Чернобыль”, — удакладніў Алег Аляксандравіч. — У 1986-м удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС: камандаваў батальёнам спецапрацоўкі (28 полк хімабароны Уральскай ваеннай акругі) у Гомельскай вобласці — мы працавалі ў Брагінскім раёне, вёска Піркі. Ордэн “Мужество” ў мяне — за Чарнобыль”. Так што, як аказалася, маглі мы сустрэцца і ў 1986-м. Напісаў яму: “А Калыбань, Камарын, Верхнія Жары — назвы знаёмыя вам? У чэрвені 1986-га я быў два тыдні ў камандзіроўцы ў Брагіне — дапамагаў журналістам у раённай газеце. Мы, мінскія журналісты, пісалі пра сельгасработы, мясцовых людзей. Наведвалі й вялікі лагер дэзактыватараў: палаткі там у полі стаялі. У вёсцы Піркі, здаецца, пекла было: стронцый. Вёску, пэўна, закапалі”. Зямляк назвы, вядома ж, памятае: “Камарын і Верхнія Жары былі тады ў так званай “чыстай зоне”. У Камарын нашы тылавікі ездзілі па прадукты. А вось Калыбань, Піркі, Сувіды больш не існуюць. Палаткі, тэхніка наша — усё стаяла ў полі паміж Піркамі ды Сувідамі”.

Больш падрабязна пра родавыя карані, жыццёвы шлях кіраўніка суполкі “Белая Русь”, пра ўзвядзенне Беларускай хаты на тэрыторыі самарскага Парку дружбы народаў (ёсць ужо сцены, вокны, завершаны й чаратовы дах!) — раскажам іншым разам.

Голас Радзімы № 46 (3550), чацвер, 7 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter