Калi камень ажыве?

У мiнскiм парку ў мiкрараёне Уручча-6 з’явяцца 17 дэкаратыўна-паркавых скульптур, вырабленых беларускiмi майстрамi ў час пленэра, якi праходзiў у сталiцы ў мiнулым годзе па iнiцыятыве Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта i Беларускага саюза мастакоў.

“Да асноўнай задачы, якая ставiлася перад удзельнiкамi, — сродкамi архiтэктуры зрабiць гарадское асяроддзе больш гуманным, камфортным — нам удалося наблiзiцца, — такое меркаванне выказаў начальнiк упраўлення добраўпарадкавання гарадскога дызайну камiтэта архiтэктуры i горадабудаўнiцтва Мiнгарвыканкама Аляксандр Андрончык. — Мы не абмяжоўвалi майстроў нейкай агульнай тэмай. На працягу года лепшыя 17 скульптур будуць устаноўлены ў парку, а тры — у гарадскiм заапарку”.
Па словах старшынi Беларускага саюза мастакоў Уладзiмiра Басалыгi, раней такiя пленэры былi традыцыйнымi i ў апошнi час сталi аднаўляцца. “I сёння, калi зойдзеш у мiнскi парк iмя Янкi Купалы, можна ўбачыць дэкаратыўна-паркавыя скульптуры з каменю, — сказаў ён. — Увогуле, камень — цудоўны матэрыял для работы. Скульптар глядзiць на яго i бачыць як бы знутры. Яму застаецца толькi “вызвалiць” свайго героя з абдымкаў прыроднага матэрыялу”.
Нехта са скульптараў проста апрацаваў камень, дадаў да яго iншыя — i атрымаўся быццам аздоблены брыльянт, толькi ў гранiце. У кагосьцi вялiзны валун ператварыўся ў фантастычны казачны вобраз, хтосьцi вырабiў з яго папараць-кветку, а нехта ўвасобiў праз камень свае ўспамiны пра маленства.
Па словах Уладзiмiра Басалыгi, перад скульптарамi сёння стаiць задача ўпрыгожыць не толькi парк у мiкрараёне Уручча-6, якi пакуль што не мае назвы, але i ўсе гарады Беларусi. “Гэтыя апрацаваныя камянi дапамогуць зрабiць нашы будынкi, плошчы больш эстэтычнымi, — сказаў ён. — Мы будзем працягваць практыку правядзення такiх пленэраў. Паспрабуем у будучым ствараць паркавыя скульптуры ў бронзе i дрэве”.
Аднак у такой важнай справе нельга дапускаць стыхiйнасцi, адзначыў старшыня Рэспублiканскага экспертнага савета па манументальным мастацтве пры Мiнiстэрстве культуры Беларусi Iван Мiско. “У нашай краiне да гэтай пары не распрацаваны план развiцця манументальнай прапаганды, — адзначыў скульптар. — I гэта нас вельмi непакоiць. Што i казаць, калi нават у сталiцы дагэтуль няма помнiкаў многiм вядомым людзям Беларусi. Затое ёсць бронзавыя “Паштальён”, “Баба з семачкамi”.
План размяшчэння паркавых скульптур, створаных падчас першага ў гiсторыi суверэннай Беларусi пленэра, праведзенага яшчэ летам — напачатку восенi мiнулага года, пакуль што ў стадыi распрацоўкi. Колькi яшчэ “Свiцязянка”, “Метамарфозы дрэва”, “Языцкi матыў”, “Нямiжскi цмок”, “Сляды восенi” i iншыя работы майстроў будуць сцiпла стаяць на тэрыторыi былога цырка шапiто?

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter