Жыхары старажытнага Полацка перажываюць за лёс свайго горада

Калi б палi маглi гаварыць

Сёння я гатова сцвярджаць адназначна: жыхары старажытнага Полацка вельмi перажываюць за лёс свайго горада. Без сумнення, ён стаў значна прыгажэй за апошнiя гады, зрабiўся мiжнародным турыстычным, культурным i нават спартыўным цэнтрам. Але, напэўна, чым больш добраўпарадка-ванымi становяцца гарадскiя вулiцы, тым больш прыцягваюць увагу месцы, да якiх пакуль, як гавораць, не дайшлi рукi. Або на паўдарозе спынiлiся. Адным словам, калi добра — заўсёды хочацца чагосьцi лепшага. Асаблiва, калi гэта лепшае было запланавана ўжо даўно i нават ўвайшло ў доўгатэрмiновую праграму развiцця рэгiёна.

Фота аўтара

Пераканалася ў гэтым яшчэ раз, калi ў адну з субот па просьбе гараджан прыехала ў Полацк на чарговую журналiсцкую экскурсiю. Такiм чынам, мяне вядуць па полi, размешчаным на ўскрайку, паблiзу новага мiкрараёна пад назвай Аэрапорт. Кажуць, што тут калiсьцi былi ўзлётныя палосы, садзiлiся i падымалiся ў неба самалёты. Цяпер гэта зарослая пустка. Перасякаем яе па дыяганалi i, нарэшце, упiраемся ў хмызняк, за iм — вялiзны яр i ручай. А вось тут, трохi ў баку, густа-густа насаджаныя ў зямлю бетонныя палi. Пад’язныя дарогi, калiсьцi пракладзеныя будаўнiчай тэхнiкай, ужо зарастаюць травой. Само месца вельмi прыгожае,  з пагоркам. Часам перапады вышынь дасягаюць  метраў 30. Мабыць, гэтая прыгажосць i стала тады, некалькi гадоў таму, галоўным аргументам пры выбары будучай будпляцоўкi пад Палац гульнявых вiдаў спорту.

Планы былi сур’ёзнымi, расказала начальнiк аддзела праектных i геадэзiчных работ УКБ Вiцебскага аблвыканкама Галiна Бараноўская. Быў распрацаваны i зацверджаны вялiкi i прыгожы праект. Палi з падагрэвам, аўтастаянкi пад зямлёй, гасцiнiца i кафэ, вучэбна-трэнiровачныя пля-цоўкi, унiверсальная глядзельная зала. Прайшоў час. З-за недахопу сродкаў прымаецца рашэнне зрабiць таннейшым будаўнiцтва. Яно, як бачым, незакончана i сёння.

Прыгожым хоча бачыць свой горад i намеснiк старшынi Полацкага райвыканкама Аляксандр Мiхалевiч.

— Будаўнiцтва планавалася яшчэ да аб’яднання горада i раёна, так што я не магу дакладна сказаць, чыя канкрэтна гэта была iнiцыятыва, — вiдаць, што намеснiка старшынi прыпыненне будоўлi не радуе. — Палац мог бы працаваць на два гарады, бо размешчаны памiж Полацкам i Наваполацкам. Вядома, iдэя была цiкавай, ды i распрацоўвалася з размахам. Вось толькi фiнансаваць яе няпроста. Першапачаткова, калi разлiчваць у цяперашнiх цэнах, патрабавалася прыкладна 700 мiльярдаў рублёў. Пасля ўдакладнення кошт знiзiлi да 200 мiльярдаў. На жаль, пакуль грошай няма. Будзе цi не будзе будавацца далей?  Скажу адно: аб’ект уключаны ў праграму развiцця Полацка. Для нас цяпер галоўнае — закончыць карэкцiроўку праекта, потым будзем вызначаць крынiцы фiнансавання...

 Шчыра кажучы, гэты адказ мяне не суцешыў. Заўсёды лiчыла, што спачатку трэба знайсцi грошы, а  потым ўжо заганяць на будпляцоўку тэхнiку i забiваць палi. Можа быць, пра перспектывы раскажуць у абласным аддзеле капiтальнага будаўнiцтва? Але тут, на жаль, таксама не могуць назваць дакладнай даты аднаўлення будаўнiцтва. Называюць лiчбы: у палац ужо iнвесцiравана без малога 9 мiльярдаў рублёў, у тым лiку звыш 6 мiльярдаў — на выраб праектна-каштарыснай дакументацыi. Генпадрадчыкам работ з’яўляецца РУП «Будаўнiча-мантажны трэст № 22». Тэлефаную туды. Намеснiк кiраўнiка Наталля Мыснiк прызнаецца: яна устрывожана тым, што будаўнiкi былi вымушаны сысцi з аб’екта яшчэ ў чэрвенi 2012 года. Калi вернуцца? Тады, калi з’явяцца грошы. У размове адкрыта выказвае ўласнае меркаванне: а цi варта было наогул пачынаць такi маштабны i затратны праект у невялiкiм горадзе?

Што ж, сёння ўжо позна абмяр-коўваць мэтазгоднасць самой iдэi. Тым больш што з моманту яе нараджэння нямала вады сплыло: памянялiся кiраўнiкi, аб’яднаны раён i горад, змянiлася i эканамiчная сiтуацыя. Але грошы, прычым немалыя, ужо ўкладзеныя. А таму палачане спадзяюцца, што вось-вось тут, сярод асiрацелых палей, зноў прачнецца жыццё. Вельмi хацелася б убачыць такую карцiнку i мне падчас наступнага вiзiту ў гэты прыгожы старадаўнi горад.

Алена БЕГУНОВА

a_veresk@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter