Чалавек-энерджайзер Надзея Кавалёва зрабіла так, што вясковая «Крыніца» стала візітоўкай усяго Расонскага раёна

Калекцыйныя жамчужыны ў парным крузе

КАЛІ ты аматар усяго традыцыйнага, то пабываць у Расонах і не пачуць пра мясцовую «Крыніцу» Янкавічскага СДК — з разраду фантастыкі. Таленавіты народны фальклорны калектыў пад такой назвай тут ведаюць і любяць усе. Прайшло сямнаццаць гадоў, як па дакументах ён стаў народным. А без папер, у больш шырокім сэнсе, ён заўсёды такім і быў.

Народны фальклорны калектыў "Крыніца" Янкавічскага СДК.

СТВОРАНЫ жыхарамі вёскі Янкавічы – з народнай душой і творчым размахам. «Крыніца» пастаянна ўдзельнічае ва ўсіх раённых і абласных святах, абараняе гонар рэгіёна на фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”. А ў 2016-м на рэспубліканскім форуме фальклорнага мастацтва “Берагіня” яе прызналі лепшым аўтэнтычным калектывам. Касцяк складаюць 14 артыстаў, а ўзначальвае “Крыніцу” Надзея Кавалёва. У свае 73 гады яна поўная энергіі  і энтузіязму, а іскрынак пазітыву хапае, каб заразіць іншых.

Чалавек-энерджайзер — прама заявілі пра яе ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. На месцы не ўседзіць — заўсёды хоча, каб з “Крыніцы” ліліся мілагучныя песні, бруіліся завадныя танцы. Пасля педвучылішча Надзея Канстанцінаўна працавала ў пачатковай школе, была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Наступныя віткі біяграфіі – Інстытут культуры ў Ленінградзе, праца ў сельсавеце, парткаме. Калі ж парткама не стала, Кавалёва вярнулася ў культуру. Гэта і сапраўды яе ніша. Творчасць ва ўсім на свеце дапамагае, не без падставы лічыць суразмоўца. Разам з ёй каля вытокаў “Крыніцы”, якую арганізавалі яшчэ гадоў 40 таму, стаялі Іна Лебедзева, Лія Кардзюкова, Жанна Васенічава, Галіна Самойленка...

Так добра, што душа разгортваецца, на гармоніку грае музыка-ўніверсал Уладзімір Гаўрыловіч. Саліруе Станіслаў Казлоў, якога сябры па творчасці з цеплынёй называюць наш “Ярмоленка”. А колькі агню ў звонкіх галасах Таццяны Самуйлавай і Алены Хамчаноўскай!

У багатым рэпертуары “Крыніцы” — самыя розныя традыцыйныя беларускія народныя песні. Многія з іх характэрныя менавіта для гэтага краю. Надзея Кавалёва і яе аднадумцы пачулі і запісалі іх у фальклорных экспедыцыях ад носьбітаў-інфарматараў. Спадчына заўсёды вартая самай пільнай увагі, упэўнена Надзея Канстанцінаўна:

— Не так даўно ў нас цэлы дзень гасцявалі карэспандэнты тэлеперадачы “Наперад у мінулае”, запісалі нашыя самабытныя песні “Купалінка”, “Ноч маленька” і “Каліну”.

ТАКІХ жамчужын у калекцыі «Крыніцы» нямала. На днях яшчэ адзін песенны камбэк адбудзецца на абласным фальклорным форуме ў Лепелі. Расонцы прадставяць тут вернутую з нябыту песню “Па сіню мору…”. У танцах калектыў таксама не адстае. А яго візітоўка не першы год  “Джанджоха” — імклівы і ў літаральным сэнсе галавакружны танец. Яго фішка ў тым, што на парным крузе ў сярэдзіну становіцца самы бойкі хлопец і па чарзе перакручвае ў танцы ўсіх дзяўчат. Гадоў дзесяць таму Надзея Кавалёва прыгадала пра “Джанджоху”, якую любілі яшчэ ў часы яе дзяцінства, і задалася мэтай аднавіць традыцыю. Атрымалася, у тым ліку з дапамогай мясцовага тубыльца Мікалая Васільева, які напеў матыў.

Кіраўнік “Крыніцы” прызнаецца, што свайго ўзросту не адчувае:

— Іду па райцэнтры, крычаць: “Здарова, бубуля!” Страпянулася  — якая ж я бабуля, задумак і запалу яшчэ ого-го... А потым бачу, гэта шафёр наш, які мне ва ўнукі падыходзіць. Усміхаюся і думаю, колькі ж такіх рабят прайшло праз наш былы дзіцячы калектыў “Ручаёк”, спадарожнік “Крыніцы”. І зараз сустракаюць мяне дарослыя хлопцы, якія калісьці ліха адкідвалі ў нас каленцы, і дзякуюць, што танчыць навучылі. Ім ні на адным свяце не сорамна — і вальс, і польку ўмеюць.

У гэтым кіраўніку калектыву бачыцца добры знак: жыве народная творчасць, мае свой пачатак-крыніцу. Дай Божа, будзе і працяг.

Navumavahanna@mail.ru

Фота прадстаўлена Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter