Химик-технолог с помощью госсубсидии открыла турфирму

Калекцыянер падарожжаў

Некалькі гадоў таму Крысціна Сазінава стварала касметыку, якую і цяпер можна знайсці на прылаўках магазінаў. Аднак любоў да падарожжаў, імкненне адкрываць новыя краіны для іншых людзей узялі верх над жаданнем працаваць па прафесіі. Уладкаваўшыся ў найбуйнейшую турыстычную кампанію, за некалькі гадоў дзяўчына змагла не толькі асвоіць усе асновы новай прафесіі, але і «паспець» для адкрыцця ўласнай справы. І ў гэтым пачынанні ёй вельмі дапамагла дзяржсубсідыя.

У свае 26 гадоў Крысціна САЗІНАВА наведала столькі ж краін.
Фота з архіва гераіні матэрыялу

Калі вельмі захацець


— Пасля таго як, скончыўшы Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, адпрацавала пару гадоў хімікам-тэхнолагам у вядомай беларускай кампаніі, мне захацелася чагосьці новага, — гаворыць Крысціна.

Да таго часу яна ўжо ведала, у якім кірунку ёй развівацца. Добра, што турыстычныя аператары часта набіраюць у штат актыўную моладзь, якая літаральна на ляту ловіць новыя веды і хутка ўключаецца ў працэс.

— У мяне не было вопыту, але было вялікае жаданне. Тыдзень кіраўніцтва кампаніі назірала за маёй працай, а потым вырашыла ўзяць у штат, — працягвае аповед суразмоўніца. — Зараз рынак у нейкай меры перанасычаны прапановамі, патрэбны свежыя нестандартныя падыходы. Таму часам пачаткоўцы значна больш паспяхова прадаюць прадукт, чым тыя, хто ў гэтым бізнесе працуе даўно.

Амаль тры гады Крысціна займалася самай «гарачай» працай — шукала для тураў аўтобусы, падбірала суправаджаючых і браніравала гатэлі ў розных краінах свету. Словам, была на перадавой.

— У працы кампаніі мне адно падабалася, другое не вельмі, нейкія моманты хацелася паправіць, бо ў кожнага чалавека сваё бачанне працэсу, — сцвярджае дзяўчына. — Так паступова я прыйшла да рашэння адкрыць уласнае турыстычнае агенцтва.

Ад знаёмых Крысціна даведалася пра тое, што дзяржава дае беспрацоўным субсідыю для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.

— Шчыра кажучы, адразу не паверыла, што такое магчыма. Да таго ж мне здавалася, што для атрымання гэтых грошай трэба вельмі шмат усяго зрабіць. Аказалася, усё значна прасцей, — усміхаецца Крысціна Сазінава. — Як толькі зарэгістравалася на біржы працы, адразу ж пачала пісаць бізнес-план. Адзначацца ў службе занятасці, прайсці адзін раз за месяц абавязковую адпрацоўку было нескладана.

Здаўшы бізнес-план, літаральна праз два тыдні гераіня даведалася, што ён адобраны. А потым пачаліся прыемныя клопаты — афармленне неабходных дакументаў для адкрыцця прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, пошук памяшкання, касметычны яго рамонт.

Падарунак пад Новы год


— Афіцыйна мая кампанія пачала працаваць з 1 снежня, і літаральна праз пару дзён мне ўдалося прадаць першы тур, — не без гонару кажа суразмоўніца. — Я вельмі перажывала, каб усе дакументы былі правільна аформлены. Гэты наш першы кліент тады добра адпачыў і ўжо звяртаўся зноў.

Дарэчы, субсідыю Крысціна выдаткавала на прыгожую вулічную шыльду і аплату арэнды офіснага памяшкання за месяц. У новую справу прыйшлося ўкласці і нямала ўласных сродкаў.

— Ды і цяпер увесь прыбытак ідзе на развіццё турагенцтва, — дадае малады кіраўнік. — У штаце, акрамя мяне, два менеджары. У будучыні хачу дадаць столькі ж. Бухгалтэрыя — на аўтсорсінгу, таму што я магла б загразнуць у папяровых справах, а мне больш падабаецца прадаваць, распавядаць.

Большасць кліентаў даведваецца аб турагенцтве Крысціны з інтэрнэту, дзе яна стварыла старонкі ў сацсетках, альбо ад знаёмых, якія паспяхова супрацоўнічалі з амбіцыйнай дзяўчынай.

— Нягледзячы на тое што кампаніі ўсяго паўгода, у базе ў нас ужо шмат кліентаў. У маі мы перажылі сапраўдны бум! — з бляскам у вачах успамінае Крысціна. — Таму што наша крэда — выключна якасныя паслугі. Рабочы дзень у нас з 10 да 19 гадзін, але мы аказваем інфармацыйную падтрымку нашым кліентам кругласутачна сем дзён на тыдзень. Праз наша агенцтва людзі могуць адправіцца ў любыя куткі планеты: у Тайланд, В’етнам, на Кубу, у Еўропу, Лацінскую Амерыку. Большасць, вядома ж, аддаюць перавагу папулярным сёння Турцыі, Егіпту і Тунісу.

Сама Крысціна ў свае 26 гадоў наведала столькі ж краін. Пакуль пашырыць геаграфію паездак не атрымоўваецца з-за занятасці на працы.

— Мне вельмі падабаюцца Лацінская Амерыка і Азія. Шмат ездзіла па Еўропе. У Італіі была разоў 10. Люблю Рым, — паведамляе дзяўчына.

На апошняе пытанне, што б яна параіла тым, хто не можа адважыцца адкрыць сваю справу з дзяржпадтрымкай, не задумваючыся адказвае:

— Не трэба сумнявацца, трэба дзейнічаць! Таму што можна думаць усё жыццё, а потым шкадаваць, што не паспрабаваў. Заўсёды будуць знаходзіцца 90 прычын, чаму не варта пачынаць. Я ні секунды не шкадую, што рызыкнула. Больш за тое, мне вельмі цікава гэтым займацца, таму што калі ты на сваім месцы, развіваеш уласную кампанію — зусім іншае стаўленне да справы.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter