Над чем работают писатели Витебщины

Каласы пад пяром тваім

Чым жывуць літаратары Віцебскай вобласці, над якімі тэмамі працуюць?
СЁННЯ ў  Мінску III з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі. Вялікая дэлегацыя прадстаўляе Віцебшчыну. Чым жывуць літаратары рэгіёна, над якімі тэмамі працуюць? Аб гэтым — у інтэрв’ю старшыні абласнога аддзялення  СП Тамары КРАСНОВАЙ-ГУСАЧЭНКА.

—Тамара Іванаўна,  віншую вас з Першай нацыянальнай літаратурнай прэміяй  за кнігу паэзіі “Сустрэча”. Якія поспехі ў пісьменнікаў вобласці?

— Дзякуй! Літаратары Віцебшчыны — людзі  самаадданыя, адказныя, светлыя душой. У  абласным аддзяленні Саюза — 40 чалавек. Зроблена імі нямала.  Выдадзена 268 кніг, паўтара дзясятка адзначаны міжнароднымі, рэспубліканскімі і абласнымі прэміямі. Так, Фёдар Палачанін за “Зраненае сэрца”  і “Дарогу ў неба” атрымаў прэмію Савета Федэрацыі прафсаюзаў. Мікалай Намеснікаў за “Лістапад спавядальны” і “Час яблыкаў” названы лаўрэатам  абласной прэміі імя Пятруся Броўкі. Такой жа прэміяй узнагароджаны Алесь Жыгуноў, Віктар Улюценка, Марына Бабарыка,  Сяргей і Галіна Трафімавы...

— За пяцігодку 268 кніг. Выходзіць, штогод кожны член Саюза пісьменнікаў  атрымліваў з выдавецтва сама меней адну кнігу. Ці не маглі б  падзяліцца сакрэтам такой актыўнасці? 

— Ён просты. Напрыклад, Сяргей і Галіна Трафімавы з Оршы выдаюць свае кнігі па заказу “Народнай асветы”. Супрацоўнічаюць з выдавецтвам 5 год. Пішуць займальныя творы для дзяцей аб прыродзе па школьных праграмах. У мяне  за гэты перыяд выйшлі ў свет 4 кнігі. Шукала грошы ў спонсараў — на прадпрыемствах, у арганізацыях, асобных людзей. Па такому ж шляху, ведаю, ішлі і многія іншыя. А ў Полацкім літаратурным аб’яднанні штогадовы зборнік “Надзвінне” аўтары выдаюць за свой кошт, а потым дораць яго сябрам і знаёмым. 

— Відаць, пісьменніку сёння патрэбна не проста выдаць кнігу, але і думаць, ці знойдзе яна свайго чытача?  Чамусьці ў апошні час малавата стала твораў пра вёску, яе праблемы...

— Якраз гэту тэму глыбока падняў у сваёй дакументальна-мастацкай аповесці “Сын зямлі”  былы старшыня калгаса імя Суворава Пастаўскага раёна Герой Сацыялістычнай Працы Алег Валадзько. Арыгінальную серыю кніг пра гісторыю вёсак пастаўскага краю распачаў Ігар Пракаповіч.  Выйшлі ў свет апавяды пра Стары Двор, Рымкі, Вялікія Споры. Прычым гэтай ідэяй ён захапіў краязнаўцаў раёна. Пра свае вёскі Ясюкі, Дунілава, Хрыстава напісалі  Аліна Лотыш, Франц Хоміч, Янусь Малец. Спонсары выданняў сельгаспрадпрыемствы, самі вяскоўцы, а часцей — заможныя землякі, якія жывуць зараз у гарадах, але жадаюць, каб захавалася ў слове іх сельская спадчына.

— Паўсядзённая работа з людзьмі, відаць, абагачае і самога пісьменніка.

— Абласное аддзяленне ў гэтым плане вельмі актыўнае. Надоўга запомніліся літаратурныя вечары ва Ушацкай раённай бібліятэцы, сустрэчы з вяскоўцамі Глыбоцкага, Верхнядзвінскага, Полацкага, Шаркаўшчынскага і іншых раёнаў. У Шуміліне было разлічана выступленне па праграме на гадзіну, а давялося правесці больш трох. Нізкі ўсім паклон за альтруізм, самааддачу, бо пісьменніцкая праца, а я заўсёды гэта сцвярджаю, — шлях самаахвяравання  на дабрабыт Айчыны, народа. За пяць гадоў прайшло звыш трох тысяч такіх сустрэч.

—Тамара Іванаўна, колькасць членаў абласнога аддзялення за апошні час скарацілася на трэць?

—Так, сумна гэта гаварыць, але пайшлі з жыцця такія вядомыя пісьменнікі, як Барыс Беляжэнка, Генадзь Казак, Алег Салтук, Алесь Шпыркоў, Эдуард Зубрыцкі, Ніна Давыдзенка, Васіль Рудой, Аляксандр Пухаеў. Светлая ім памяць. Трэба імкнуцца хутчэй расціць маладое пакаленне.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter