Каласы пад крылом арла. Беларускія шляхі Казахстана

На першы погляд, беларусаў у Казахстане нямнога. Паводле слоў пасла нашай краіны Васіля Гапеева, суайчыннікаў там пражывае ўсяго каля ста тысяч чалавек: “Асноўная маса сканцэнтравана ў Кастанаі, Паўладары, Астане, Паўночна-Казахстанскай, Акмолінскай абласцях. Дзейнічаюць 11 культурных цэнтраў”. Аднак калі капнуць глыбей, акажацца, што суродзічаў у стэпе болей.

Наш чалавек прэзідэнта

Алмацінскія беларусы стварылі сайт belarus.kz — “Беларускі партал у Казахстане”. З яго становіцца вядома, што ў 1886—1888 гадах у Акмолінскім павеце (ваколіцах Астаны) адбываў трохгадовую ссылку Пётр Румянцаў. У 1898 годзе ў яго доме ў Мінску прайшоў гістарычны І з’езд РСДРП. Ужо ў сталінскія часы ссылку ў Казахстане трывалі паэты Пятро Бітэль і Ян Скрыган. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны больш за дзесяць тысяч беларусаў знайшлі прытулак і адносны спакой на гэтай зямлі. Тут працавалі калектыў Белдзяржтэатра оперы і балета, віцебскага тэатра, многія кінематаграфісты. У Алма-Аце жыла прыма Ларыса Александроўская, тут жа рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін зняў першыя айчынныя фільмы пра вайну. А ў горадзе Уральску пахаваны Змітрок Бядуля, сэрца якога перастала біцца ў 1941 годзе, у час эвакуацыі з радзімы.
Да эпохі асваення цаліны казахстанскі стэп, такім чынам, служыў або месцам выгнання для палітычных апанентаў то царскай, то савецкай улады, або месцам ратунку ад вайны. Нягледзячы на трагічную гісторыю асваення беларусамі сярэднеазіяцкіх прастораў, цяпер нашы людзі тут — паўнапраўныя грамадзяне, нароўні з казахамі ды іншымі нацыянальнасцямі.
У 1995 годзе прэзідэнт Назарбаеў ініцыіраваў стварэнне Асамблеі народа Казахстана, у якую ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей рэспублікі. Назарбаеў абраны пажыццёвым старшынёй асамблеі, што невыпадкова. Асамблея з’яўляецца пэўнага кшталту парламентам, у якім абмяркоўваюцца лёсавызначальныя для краіны пытанні — у нечым яе дзейнасць нагадвае Усебеларускі народны сход. “Парламент нацыянальнасцей” не падмяняе заканадаўчую ўладу, а выконвае ролю веча, на якім дэлегаты ад нацыянальных супольнасцей выказваюць свае заўвагі і прапановы па агульнадзяржаўных пытаннях.
— Прэзідэнт Назарбаеў сапраўды ўвасабляе стабільнасць у шматнацыянальнай краіне, і наданне яму асаблівай ролі ў асамблеі невыпадковае, — упэўнены Валерый Еўдакіменка, загадчык сакратарыята Малой асамблеі народа Казахстана. — Менавіта дзякуючы ўзважлівай палітыцы Нурсултана Абішавіча Казахстан здолеў пазбегнуць разгарання канфліктаў на этнічным грунце ў вайну, як гэта адбылося ў некаторых рэгіёнах былога СССР на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. А падставы для канфліктных сітуацый у Цэнтральнай Азіі былі. Цяпер усе спрэчныя пытанні вырашаюцца цывілізавана — за сталом перамоў.
Паводле слоў спадара Еўдакіменкі, “ні Канстытуцыя, ні заканадаўчыя акты па моўнай палітыцы не прымаліся без кансультацый з асамблеяй”.
У 1995 годзе намеснікам Назарбаева ў кіраўніцтве асамблеі быў назначаны беларус — Павел Атрушкевіч. Спадар Атрушкевіч нарадзіўся ў Стаўбцоўскім раёне і цяпер жыве на радзіме, вярнуўшыся нядаўна з краіны, дзе меў вялікую павагу: у 1987—1999 гадах працаваў рэктарам Казахскай дзяржаўнай архітэктурна-будаўнічай акадэміі, з 1999 года з’яўляўся дэпутатам сената парламента Казахстана, узнагароджаны ордэнамі, медалямі, у 1998 годзе стаў лаўрэатам прэзідэнцкай Прэміі міру і духоўнай згоды.
Такім чынам, казахстанская дзяржава дае магчымасць для развіцця творчага і нават палітычнага патэнцыялу кожнай нацыянальнасці. Дастаткова сказаць, што сталічную Акмолінскую вобласць узначальвае немец Альберт Рау, а Паўночна-Казахстанскай яшчэ нядаўна кіраваў рускі Анатолій Смірноў, цяперашні пасол у Беларусі.

Народжаныя на Ленінскім праспекце

Беларусы, як здалося пасля сустрэч з прадстаўнікамі дыяспар у Астане і Петрапаўлаўску, маюць нізкі ўзровень нацыянальнай свядомасці. Раіса Солапава, старшыня беларускага культурнага цэнтра “Радзіма”, што дзейнічае ў Паўночна-Казахстанскай вобласці, паскардзілася, што ў суполку перастала прыходзіць газета “Голас Радзімы”... Хаця дастаткова зазірнуць у Інтэрнэт, а пры вялікім жаданні падпісацца хаця б на адну газету — і быць у курсе спраў. Зрэшты, былы мінчанін Сяргей Каралёў расказаў мне, што не мае праблем з весткамі з роднага горада: знайшоў у Інтэрнэце старонкі беларускіх газет і не адчувае інфармацыйнага голаду.
З Беларуссю яе ўраджэнцаў звязвае толькі “прапіска” — месцы нараджэння іх саміх або бацькоў, настальгія па дзяцінстве. Адна жанчына, якая нарадзілася ў Мінску, з замілаваннем расказвала мне пра шпацыры па Ленінскім праспекце, але са здзіўленнем даведалася, што цяпер праспект носіць назву Незалежнасці.
Як адзначыў спадар Еўдакіменка, кіраўніцтва Казахстана стварае магчымасці для захавання нацыянальных адметнасцей, а ўсё іншае залежыць ад саміх людзей і іх жадання. Таму калі ў Петрапаўлаўску даводзілася чуць нараканні ад суайчыннікаў, што радзіма на іх “забылася”, то падумалася: а ці самі землякі парупіліся пра сябе і пра сувязі са сваёй Бацькаўшчынай?
— Даволі паказальна, што з пяцісот яўрэяў горада 15—20 дзяцей наведвае нацыянальную нядзельную школку на базе школы № 17, а з беларусаў такіх набіраецца ўсяго 5—6 чалавек, — канстатуе сумную тэндэнцыю Валерый Васільевіч.
Паводле слоў спадарыні Солапавай, самымі важнымі падзеямі ў жыцці дзесяці тысяч петрапаўлаўскіх беларусаў апошняга часу былі візіт у горад епіскапа Друцкага ўладыкі Пятра і ўручэнне франтавікам юбілейных медалёў ад Прэзідэнта за ўдзел у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Хто не сядзіць на месцы, таму ўдаецца згуртаваць суайчыннікаў. Галіна Волкава, у якой сваякі з-пад Мінска і муж мінчанін, аб’яднала вакол сябе пяцьдзесят бардаў з усяго Казахстана і сярод іх — пяць беларусаў. Ініцыятыўная жанчына марыць аб правядзенні бардаўскага фестывалю.
У Астане дзейнасць беларусаў засяроджана на ўдзеле ў гарадскіх святах ды ў іншых афіцыйных урачыстасцях. Пераважная большасць актыўных удзельнікаў дыяспары — людзі сталага веку. Культурны цэнтр “Беларусь” у сталіцы Казахстана ўзначальвае Аляксандра Раманава. У 30-я гады мінулага стагоддзя яе бацькі былі высланы ў стэп з Магілёўшчыны.
— Таму для мяне і многіх беларусаў вялікай падзеяй стаў удзел у здымках фільма пра дэпартаваныя народы, што праводзіла нядаўна адна з маскоўскіх кінастудый, — гаворыць Аляксандра Фёдараўна. — Такія мерапрыемствы даюць нагоду сустрэцца землякам. Апрача таго, беларусы бачацца на фестывалях, некаторыя прыходзяць у наш цэнтр на заняткі па вывучэнні роднай і казахскай моў.
Спадарыня Раманава сама выкладае казахскую. А пяць год назад у цэнтр прыйшла казашка Гульміра

Балатава, каб навучыцца спяваць... па-беларуску!

— Мне падабаюцца розныя мовы, — прызнаецца дзяўчына. — Сёлета я скончыла агратэхнічны універсітэт па спецыяльнасці фінансы, але яшчэ спяваю і ўдзельнічаю ў розных конкурсах. На рэспубліканскім конкурсе Young Star свядома выступала з беларускай песняй, хаця магу спяваць і па-англійску, і па-руску, і па-казахску.
Шматмоўнасць маладых казахстанцаў уражвае. На шоу “Міс Акмала” ў абласным цэнтры Какшэтау самадзейныя і прафесійныя артысты выступалі то па-казахску, то па-руску, вядучыя пераходзілі з мовы на мову. Пры гэтым было відавочна, што зала ўсё разумее і гэткая “трасянка” нікога не раздражняе.
Казахстан знаходзіцца ў самым цэнтры Еўразіі: частка краіны размешчана ў Еўропе, частка — у Азіі. Мабыць, іншага гэтаму краю не дадзена, як быць мостам паміж культурамі і цывілізацыямі, а значыць — захоўваць палітру нацыянальнай разнастайнасці.

Аўтар і рэдакцыя “Народнай газеты” выказваюць падзяку пасольству Казахстана ў Беларусі за магчымасць наведаць паўночныя рэгіёны гэтай краіны і азнаёміцца з сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у ёй ды жыццём беларускай дыяспары.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter