«Каласавiны» з аркестрам

У вывучэннi спадчыны Якуба Коласа застаецца нямала праблем?..  

У вывучэннi спадчыны песняра застаецца нямала праблем?..

Класiку нацыянальнай лiтаратуры, народнаму паэту Беларусi Якубу Коласу прысвячалася адметнае свята, якое прайшло на Стаўбцоўшчыне. Упершыню традыцыйныя «каласавiны», якiя штогод ладзяцца на радзiме песняра i прымяркоўваюцца да дня яго нараджэння – 3 лiстапада, набылi новае, музычнае гучанне. 

Свята беларускай песнi "Мiншчына спявае з аркестрам" – яшчэ адзiн творчы праект Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi, падрыхтаваны на гэты раз сумесна з Мiнскiм аблвыканкомам, Стаўбцоўскiм райвыканкомам i Дзяржаўным лiтаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. Нагадаем, ужо больш за дзесяць гадоў як аркестрам распачаты фестывальны рух па так званых малых гарадах краiны (у лiку iх сёння Заслаўе i Нясвiж, Тураў i Мсцiслаў, Мiр i Маладзечна) з мэтай вяртання ўвагi да беларускай музычнай спадчыны i яе славутых, але нярэдка незаслужана забытых стваральнiкаў. 

Новы праект скiраваны на пошук таленавiтай моладзi i аднаўленне лепшых айчынных песенных традыцый. Невыпадкова ў цэнтры яго — конкурс маладых выканаўцаў, якi сёлета сабраў 26 удзель­нiкаў, адабраных у папярэднiх турах з прадстаўнiкоў розных раёнаў Мiншчыны. У супра­ваджэннi славутага аркестра пад кiраўнiцтвам маэстра Мiхаiла Фiнберга гучалi бе­ларускiя эстрадныя песнi i "жы­выя" галасы маладых салiстаў, лепшых з якiх вызначала прафесiйнае журы. Перамож­цамi ў конкурсе названы Iрына Вярковiч (Дзяржынскi раён), Алеся Кульша (Маладзечанскi раён) i Аляксандра Сярожнi­кава (Мiнскi раён). Прыз глядацкiх сiмпатый атрымала жыхарка Стаўбцоўшчыны Кацярына Шкурапацкая. Лаўрэатам дадзена права прадстаўляць Мiнскую вобласць на будучым Нацыянальным конкурсе беларускай паэзii i песнi "Маладзечна-2007". 

"Коласаўскую" адметнасць надалi святу круглы стол з удзелам сына класiка Мiхася Канстанцiнавiча Мiцкевiча, беларускiх пiсьменнiкаў Ула­дзi­­мiра Гнiламёдава, Мiколы Маляўкi, Генрыха Далiдовiча, Навума Гальпяровiча, Алеся Карлюкевiча, выстаўка аса­бiстых рэчаў Якуба Коласа, спецыяльна падрыхтаваная супрацоўнiкамi яго лiтара­турна-мемарыяльнага музея, вернiсаж дзiцячых малюнкаў "Мая гiстарычная спадчына". Музычным працягам "кала­савiн" стала гала-выступленне салiстаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра, у выка­наннi якiх прагучаў новы цыкл песень народнага артыста Беларусi Эдуарда Зарыцкага на вершы Якуба Коласа. Пявучае коласаўскае слова выдатна кладзецца на музыку, i кампазiтара можна смела па­вiншаваць са з’яўленнем цудоўнай нiзкi яркiх сучасных твораў, якiя з задавальненнем выконвалi артысты i вельмi цёпла прымалi слухачы. Адзначыць гэта тым больш прыемна, што раней  вершы класiка выкарыстоўвалiся для напiсання ўсяго некалькiх  песень i рамансаў. 

Варта заўважыць i яшчэ адну асаблiвасць стаўбцоўскага свята. Усе яго музычныя мерапрыемствы адбылiся ў прыгожым абноўленым Доме культуры першага ў раёне аграгарадка Стары Свержань. Як расказаў "Р" начальнiк аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкома Анатоль Грэкаў, сёлетняй вясной Дом культуры адкрыўся пасля рамонту i рэканструкцыi, на якую на працягу двух апошнiх гадоў затрачана каля мiльярда рублёў з абласнога i раённага бюджэтаў. А спецыяльна да свята "Мiншчына спявае з аркестрам" закуплена на 65 мiльёнаў рублёў светлавога i гукавога абсталявання. Як адзначае Анатоль Васiльевiч, некалi Стаўбцоўшчына сла­вiлася на ўсю рэспублiку моцнай матэрыяльна-тэхнiчнай базай сваiх устаноў культуры, i спадзяецца, што слава гэта да раёна вернецца зноў. 

Паводле слоў старшынi Стаўбцоўскага райвыканкома Iгара Радзюка, падштурхоў­ваць да гэтага будзе i свята беларускай песнi. Мяркуецца, што ў раёне яно стане не толькi традыцыйным, але i вандроўным. Як плануюць арганiзатары, у наступным годзе Мiншчына заспявае з аркестрам у Доме культуры СВК "Радзiма Якуба Коласа", пасля завiтае ў населеныя пункты Любкаўшчына i Новаколасава. Не выключае старшыня райвыканкома i маг­чымасцi ўключыць з цягам часу свята беларускай песнi на Стаўбцоўшчыне ў турыстычны маршрут па родных мяс­цiнах Якуба Коласа.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter