Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Да стогадовага юбілею паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка” знакаміты твор перакладзены на рускую мову паэтамі з Санкт-Пецярбурга

Каласавін цудоўныя імгненні

Восенню 2016-га на адной з сустрэч з калегамі ў піцерскім Доме пісьменнікаў я пабачыла, як пра нешта размаўляюць Ігара Дзеордзіеў з Віктарам Кудраўцавым. Што ж іх так захапіла, што нікога не заўважаюць? Аказалася, калегі, а разам з імі яшчэ Наталля Ладзеева і Сяргей Порахаў, пачалі перакладаць на рускую мову паэму Якуба Коласа “Сымон-музыка”. Мне таксама захацелася паўдзельнічаць у такой працы: мела ўжо добры досвед перакладаў з іншых моў. Адзін з калегаў падзяліўся некалькімі раздзеламі з той часткі, што яму дасталася для перакладу.

Працаваць над перакладам — наогул цікавы занятак. Кожны раз ты шукаеш новае слова, найбольш удалае для перадачы арыгінальнага сэнсу. У беларускай мове, як вядома, шмат слоў, блізкіх да мовы рускай, бо мы ж маем агульныя карані, у тым ліку і ў мове, мы — усходнія славяне. А ў сучаснай рускай мове, пэўна, згублены-забыты многія словы, якія калісьці ўжывалі нашы продкі, але якімі па гэты час карыстаюцца ў Беларусі. А каб нашым сучаснікам былі зразумелыя ўсе словы, то давялося мне шукаць аналагі, сінонімы ў мове рускай, перабіраючы розныя слоўнікі, бо не ва ўсіх можна выявіць патрэбнае.

Я — заўсёды за тое, каб у перакладах быць найбліжэй да арыгіналу мастацкага твора. Каб не дадаваць свайго і ў той жа час не зменшыць аўтарскага. Такое бывае няпроста зрабіць, але тым цікавей становіцца працаваць над перакладам.

Мы ўсе разам зрабілі поўны пераклад паэмы на рускую мову: такога ў яе гісторыі раней не было. У кастрычніку 2017-га пры фінансавай падтрымцы Урада Санкт-Пецярбурга выйшла кніга на рускай мове пад назвай “Симон-музыкант”. І летась жа ў лістападзе мне з калегамі-пісьменнікамі Сяргеем Порахавым і Андрэем Антонавым з Ленінградскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі пашанцавала пабываць на Каласавінах: так назаваецца шэраг штогадовых мерапрыемстваў, дастасаваных да дня нараджэння Якуба Коласа (Канстанціна Міцкевіча). У 2017-м адзначаліся 135-я ўгодкі Песняра, 2 лістапада праходзіла ХХХІ навуковая канферэнцыя “Каласавіны”, пад час якой і была прадстаўлена кніга з Санкт-Пецярбурга. 30 яе экзэмляраў мы падарылі музею.

Практычна ўсе мерапрыемствы, на якіх нам давялося быць, вяліся на беларускай мове. Спачатку цяжка было разумець тыя ці іншыя сказы, але ў цэлым сэнс таго, пра што гаварылася, даходзіў. А праз некалькі гадзін мова нашых сяброў-беларусаў стала ўжо амаль роднаю. На Каласавінах мы пазнаёміліся з блізкімі сваякамі народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, з выдатнымі людзьмі, якія ладзілі шматлікія святочныя мерапрыемствы. Шчыра дзякуем усім супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа! Я пабывала таксама ў Прынёманскіх мясцінах, дзе нарадзіўся будучы паэт. І напісала верш да 135-х угодкаў Якуба Коласа: “Прохладной свежестью здесь радует ноябрь,/ И слышен листьев шелестящий голос./ В лицо мне бьёт дождинок мелких рябь,/ Как и тогда, когда родился Колас./ Так много лет с дождями утекло,/ И ноябрей сто тридцать пять промчалось.../ Но греет нас словесное тепло,/ Что Коласом в те годы написалось./ Люблю ноябрь, осеннюю красу,/ Изменчивость нарядов, настроения!../ С собой из Минска в Питер увезу/ Коласовин чудесные мгновения!”.

Сустрэчы ў Беларусі згадваю цяпер з цеплынёй. Праца над перакладам паэмы “Сымон-музыка” дапамагла мне больш даведацца пра беларусаў, глыбей адчуць народную душу. Я ўпэўнена, што праз культуру, літаратуру (і паэзію Коласа, вядома), ідучы насустрач адзін аднаму па шляхах мовы, паразумення, сумленнасці, справядлівасці, памяркоўнасці, добразычлівасці, мы абавязкова захаваем сваю гісторыю й тое, што спрадвеку ўмеюць шанаваць нашы народы: дружбу ды мір.

Кацярына Кірылава, паэтэса, сябар праўлення Ленінградскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі

Голас Радзімы № 11 (3563), чацвер, 22 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter