«Каларыйнае» мастацтва

Глеб Отчык пiша творы маянэзам, гарохам і грэцкімі крупамі

Глеб Отчык пiша свае творы маянэзам

Ён больш вядомы сваімі работамі ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Адна з адметных — помнік згушчанаму малаку ў Рагачове, але сапраўдная любоў Глеба — жывапіс. Свае работы мастак выстаўляў па ўсім свеце, шукаў неардынарныя падыходы.

Выкарыстоўваць прадукты харчавання пры стварэнні карцін майстар пачаў даўно: гарох, грэцкія крупы, а цяпер вось і да папулярнага соуса справа дайшла.

— Ідэя нарадзілася спантанна. Мы з сябрамі, такімі ж мастакамі, як і я, прысутнічалі на міжнародным сімпозіуме ў Харватыі. У адным з кафэ нам падалі дэсерт. Пірожныя, вядома, з’елі адразу, а вось крэму, разлітаму па талерках, знайшлі іншае прымяненне: машынальна пачалі выводзіць узоры, — успамінае экстравагантны мастак. — Тады я і заўважыў, што атрымліваюцца сапраўды цікавыя лінія, фактура і своеасаблівая графіка.

Вярнуўшыся ў Мiнск, Глеб Отчык набыў некалькі пакетаў соуса і ўзяўся за справу. Метадам спроб і памылак вывеў аптымальны рэцэпт фарбы на аснове маянэзу, у якой усяго тры кампаненты: маянэз, клей і яшчэ адзін інгрэдыент, які мастак трымае ў тайне. Пасля застывання яна становіцца эластычнай і лёгка кладецца на палатно, але пры гэтым вельмі ўстойлівая.

— Малюю па большай частцы нацюрморты. На стварэнне адной работы ідзе прыкладна паўлітра маянэзу, — падлічвае мастак. — Дзякуючы яму на палатне з’яўляецца фактура, якую потым можна таніраваць звычайнымі фарбамі. Захоўвацца работы будуць вечна і не сапсуюцца, ды і цямнець, як зробленыя алейнымі фарбамі, з часам не будуць. Мае карціны нават можна мыць.

Вядома, у руках мастака любое рэчыва можа ператварыцца ў арт-аб’ект, але сутнасць правакацыйнай ідэі нават не ў гэтым. З дапамогай такой тэхнікі Глеб Отчык імкнецца прыцягнуць да мастацтва ўвагу іншых. Ён абяцае запусціць некалькі падобных праектаў і здзівіць чым-небудзь яшчэ, напрыклад, навучыцца маляваць кетчупам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter