Наш Маларыцкі раён разам з Ратнаўскім раёнам Украіны адновяць традыцыі старадаўняга ткацтва

Калаўрот пяе — сумаваць не дае

Грант на суму больш за 98 тысяч еўра атрымаюць два раёны беларуска-ўкраінскага памежжа — Маларыцкі і Ратнаўскі. Гаворка iдзе пра рэалізацыю сумеснага праекта «Народная творчасць без межаў» па праграме тэрытарыяльнага супрацоўніцтва для краін Усходняга партнёрства «Беларусь — Украіна». Мэта праекта, разлічанага на 15 месяцаў, — адраджэнне і развіццё традыцый рэгіянальнага ткацтва на аснове вопыту Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці. Ключавым момантам праекта стане правядзенне міжнароднага пленэру ткачоў у Маларыце. А на фальклорным фестывалі ў Ратне будуць прадстаўлены лепшыя ўзоры самабытнай культуры прыгранічных рэгіёнаў.

Сцепаніда СЦЕПАНЮК дэманструе маларыцкі строй.
Фота аўтара

Чаму менавіта Маларыцкі раён падаў праект на грант? А справа ў тым, што народны майстар Беларусі 82-гадовая Сцепаніда Сцепанюк з вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёна здолела аднавіць рэдкую ткацкую тэхналогію «кажушком». Маларыцкі строй адзення адрозніваецца архаічнасцю і арыгінальным жаночым галаўным уборам — гэта «плат», які толькі на Маларытчыне багата ўпрыгожвалі вышыўкай: зоркамі-разеткамі ў адным куце і ўзорыстымі палосамі па абодва бакі. За папулярызацыю і аднаўленне народнага касцюма ў мінулым годзе Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці занесены на дошку Пашаны Брэстчыны.

Але не толькі на Маларытчыне ўмелі прыгожа апранацца. Нядаўна народныя строі з усіх куточкаў брэстчыны, выкананыя майстрыхамі на пачатку і ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, можна было пабачыць на імпрэзе ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры. «Модны стыль – народны тэкстыль» – так называўся канцэрт-паказ.

Загадчыца аддзела традыцыйнай культуры грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко ўпэўнена, што гледачы былі задаволены:

— Усё прывезлі, што захавалі. Давыд-гарадоцкія «галовачкі», кажушкі з Моталя Іванаўскага раёна, гарсэты з Лунінца, фартушкі з Бездзежа Драгічынскага раёна, касцюм свацці з вёскі Лелікава Кобрынскага, шаліноўкі і андаракі з Бярозаўскага, чапцы з Аброва Івацэвіцкага, «плат» з Маларыты... Мы сабралі на адной сцэне каля 200 народных строяў. Сумна, але гэта ж тканіна, і ўсё можа знікнуць праз некалькі гадоў. Каб зафіксаваць непаўторнасць строяў, выдалі фотакаталог «Рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнага касцюма Брэстчыны», які прэзентавалі перад канцэртам-паказам.

У мерапрыемстве, дарэчы, прынялі ўдзел і сучасныя майстры, якія не толькі аднаўляюць традыцыі мінулага, але і прапануюць свае варыянты. Вышыўка і лён на сучасны густ карыстаюцца ў моладзі не меншым попытам, чым раней.

valentinak3@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter