Студэнт 3-га курса факультэта камп’ютарнага праектавання БДУІР Арцём Некрашэвіч распрацавау электрычны веласiпед

Калі жалезны конь, то з маторчыкам

Сёння веласіпедамi мала каго здзівіш — яны становяцца ўсё больш папулярнымі ў маладзёжным асяроддзі. Шануе і разумее двухколавы транспарт і студэнт 3-га курса факультэта камп’ютарнага праектавання БДУІР Арцём Некрашэвіч, які і ў дождж, і ў сонечнае надвор’е прыязджае ва ўніверсітэт на сваім веласіпедзе. Толькі вось робіць ён гэта нашмат хутчэй, чым іншыя iх уладальнікі, паколькі веласіпед яго электрычны. Прычым аўтарства распрацоўкі належыць самому маладому чалавеку.


«Колькі сябе памятаю, я заўсёды любіў майстраваць, — прызнаецца ён. — Да прыкладу, найпрасцейшы 3D-экран, гармата, якая страляе бульбай, пераключальнік хуткасцей для веласіпеда з электрапрыводам, квадракаптар і гэтак далей. А гэтым летам вырашыў абзавесціся электравеласіпедам». 

Як прыйшла ідэя? Веласіпед —  яго даўні таварыш, але маладому чалавеку хацелася яго некалькі ўдасканаліць. Калі стаў вывучаць прапанаваныя варыянты электравеласіпедаў, першае, што здзiвiла, была цана. Дорага. Таму ён стаў шукаць альтэрнатыву. «Знайшоў у інтэрнэце ролік, дзе амерыканец усталяваў на веласіпед электрычны матор, які ўпіраўся ў гуму кола, — успамінае ён. — Дарэчы, пра гэты спосаб я думаў некалькi гадоў таму. А пасля прагляду відэа вырашыў: ствару такую ж канструкцыю».

І ў яго выйшла. Пачаў эксперыментаваць. З маторам магутнасцю 3 кВт і вагой 800 грамаў яго веласіпед разганяўся да 50 кіламетраў у гадзіну. Пры гэтым расход энергіі атрымаўся такі ж, як і ў класічных. Аднак пры гэтым вага самой канструкцыі была больш лёгкай.

У нашай краіне, кажа ён, многа самаробных электравеласіпедаў. Усе маторы ўстанаўліваюцца ў кола або на карэтачным вузле — месцы, дзе знаходзяцца педалі. Але такіх метадаў, якія выкарыстоўвае Арцём, пакуль няма. Іх чамусьці лічаць неэфектыўнымі. «Але ж устаноўка матора ў кола патрабуе пераробкi веласіпеда, — кажа юны вынаходнік. — Мая ж сістэма адрозніваецца тым, што да падсядловай трубы прыстасоўваецца мацаванне, а да яго — матор. І больш нічога не трэба».

Максімальная хуткасць, на якой можа ездзіць такі веласіпед, — 50 кіламетраў у гадзіну. Дзякуючы ёй час, за які малады чалавек дабіраецца ад дома да ўніверсітэта, скарачаецца ў разы. Напрыклад, на адлегласць, якую пешшу можна пераадолець за 30 хвілін, на веласіпедзе з электрапрыводам траціцца ўсяго тры хвіліны. А на звычайным веласіпедзе — да 12.

Вынаходкай Арцёма ўжо зацікавіліся за межамі краіны, і з’явіліся першыя інвестары, якія распрацавалі бізнес-план вырабу і продажу гэтай тэхнікі ў Расіі, Украіне і Казахстане. Але гэта не значыць, што прыйшоў час спачываць на лаўрах. Юны вынаходнік плануе ўдасканаліць яе, карэкціруючы недахопы. Важнае месца ў рабоце над навінкай ён надае кошту, паколькі для аналагаў ён вагаецца ў межах 1000 долараў і вышэй. Юнак жа марыць укласціся ў 300. Хочацца верыць, што ў яго ўсё атрымаецца.

Фото www.youtube.com


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter