«Калі ж кароў карміць кораньплодамі...»

АНАЛІЗ кнігазбораў раздзела «Аграрнай кнігі XIX — пачатку XX ст.» Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі сведчыць, што ў канцы 20-х гадоў большасць вучоных-аграрыяў займаліся вырашэннем надзвычай складанай праблемы: павелічэнне дабрабыту сялян за кошт укаранення высокапрадукцыйных і высокадаходных відаў раслін. Адным з важных накірункаў у гэтай дзейнасці было павелічэнне пасеваў буракоў і рэпы. У серыі «Сялянская бібліятэка» гэтаму нават быў прысвечаны асобны выпуск — «Буракі, бручка і рэпа ў полі». Гэты практычны даведнік і сёння з’яўляецца цікавым дакументам укаранення ў практычнае жыццё аграрных ведаў на Беларусі.

Гісторыя развіцця сельскай гаспадаркі ў Беларусі — гэта гісторыя асветы і ўкаранення навуковых ведаў у паўсядзённы лад жыцця селяніна

АНАЛІЗ кнігазбораў раздзела «Аграрнай кнігі XIX — пачатку XX ст.» Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі сведчыць, што ў канцы 20-х гадоў большасць вучоных-аграрыяў займаліся вырашэннем надзвычай складанай праблемы: павелічэнне дабрабыту сялян за кошт укаранення высокапрадукцыйных і высокадаходных відаў раслін. Адным з важных накірункаў у гэтай дзейнасці было павелічэнне пасеваў буракоў і рэпы. У серыі «Сялянская бібліятэка» гэтаму нават быў прысвечаны асобны выпуск — «Буракі, бручка і рэпа ў полі». Гэты практычны даведнік і сёння з’яўляецца цікавым дакументам укаранення ў практычнае жыццё аграрных ведаў на Беларусі.

Развіццё любой гаспадаркі немагчыма без адпаведнага адукацыйнага ўзроўню працаўнікоў вёскі. Таму кнігі 20—30 гадоў XX стагоддзя ўяўляюць сабой сплаў міні-энцыклапедый і практычных даведнікаў. Аўтарам прыходзілася праводзіць лікбез па усіх накірунках: «З выхадам на прысёлкі гаспадар павінен кінуць і стары спосаб гаспадарання — трохпалёўку, а завесці шматполле. Пры шматполлі сеюць канюшыну, больш сеюць бульбы і такія расліны, як буракі, бручку і рэпу, якія завуць інакш кораньплодамі».

Даволі дзіўна сёння чытаць, як шмат месца адводзілася запэўніванню сялян вырошчваць буракі, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца адной з асноўных сельскагаспадарчых культур: «Зімою ж каровы стаяць у хляве, і галоўным кормам з’яўляюцца сена і салома, а дзякуючы гэтаму і малака яны даюць мала. Калі ж кароў карміць зімою кораньплодамі, якія заменьваюць сабою траву, каровы малака будуць даваць больш. Вось на гэтай падставе кораньплоды і завуць малакагонным кормам. Акрамя таго, даючы жывёле кораньплоды, прыдзецца сена і саломы даваць менш». «Акрамя таго, кораньплоды ў першай палове лета, калі дажджоў бывае менш, яшчэ невялікія і добра пачынаюць расці ў другой палове лета, калі дажджоў у Беларусі звычайна бывае болыш. Значыць, кораньплоды захоўваюць скаціну ад галадухі і ў гады недароду».

Але, безумоўна, найбольшую цікавасць выклікаюць практычныя парады па вырошчванні буракоў. Ці ўсе з вас ведаюць, як адрозніць добрае насенне буракоў ад дрэннага: «Добрае насеньне павінна мець сьветла-жоўта-буры колер; цёмна-буры колер паказвае, што насеньне пустое, а брудна-зялёны колер мае насеньне недасьпелае. Перад пасевам насеньне павінна быць праверана на ўсходжасць, дзеля чаго трэба насеньне прарасціць. Робіцца гэта такім парадкам: насыпаюць у талерку чыстага пяску, які змочваецца чыстаю з студні або крыніцы вадою. У пяску робяць сто ямачак і, адлічыўшы сто штук клубочкаў, кладуць у ямачкі. Клубочкі трэба браць па парадку, як яны ляжаць, а выбіраць адны лепшыя або горшыя ня трэба. Талерку ставяць у цёплае, але не гарачае месца (20EЦ). Трэба пільна сачыць, каб пясок ня быў сухі і гэтак жа ня надта вільгатны. Кожны дзень насеньне аглядаецца, і тыя клубочкі, у якіх расток раўняецца амаль палове клубочка, лічацца добра ўсходжымі і выкідаюцца, а колькасьць абышоўшых клубочкаў запісваецца. Для пэўнасьці раіцца ставіць дзьве пробы, г. зн. кладуць па 100 клубочкаў у дзьве талеркі». У наш час суцэльнай аўтаматызацыі вельмі цікава таксама глянуць на пачатак механізацыі на вёсцы. Як абразчык сучаснай тэхнікі тут рэкламаваўся загадкавы «ручны сяўнік «Плянэт». Які насамрэч з’яўляецца ні чым іншым, як колавай матыгай Planet Junior, што выраблялася кампаніяй S.M. Allen Company(ЗША). Дарэчы, яго мадыфікацыі можна набыць і сёння.

Цікавымі з’яўляюцца і сарты насення, якімі прапаноўвалася сеяць. Самымі папулярнымі на той час былі сарты са страшнаватымі назвамі: «Арнім-Крывенскі», «Обэрндорфскі чырвоны», «Бартфэльцкі», «Остэрзундомскі», «Нарфольк круглы». Ці знойдзеце вы іх сёння ў сябе? Але на выгляд і на смак гэта былі звычайныя буракі.

Між іншым, кніга ўтрымлівае багата інфармацыі пра арыгінальныя спосабы захавання ўраджаю,барацьбу са шкоднікамі ў полі, правіламі выкормлівання скаціны.

Запаветы кнігі застаюцца актуальнымі і сёння: «Зазначым, што жывёлагадоўля на Беларусі зьяўляецца адной з галоўных галін сельскае гаспадаркі. 3 поспехам разводзіць жывёлу і мець ад яе даход мажліва толькі ў тым разе, калі гаспадарка мае многа корму, які дае магчымасьць атрымліваць больш малака».

Як бачна, вывучаючы гісторыю друкаванага слова, можна не толькі задаволіць гістарычную цікавасць, але і атрымаць вельмі карысныя парады ад продкаў па вядзенні гаспадаркі.

Дзмітрый БАБАРЫКА, загадчык аддзела абслугоўвання Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter