Калі з лёгкім нялёгка

У краіне зроблена першая алатрансплантацыя лёгачнай артэрыі

Урачы Брэсцкай абласной бальніцы паспяхова правялі першую ў краіне аперацыю па алатрансплантацыі лёгачнай артэрыі. Перасадку зрабілі мужчыне, які хварэў на рак лёгкага ў цяжкай стадыі і якому патрабавалася радыкальнае выдаленне пухліны.

— Калі б пацыенту цалкам выдалілі лёгкае, ён гэтага не перанес бы. Мы пайшлі іншым, менш траўматычным шляхам. Выдалілі пашкоджаную пухлінай долю органа, частку артэрыі і замянілі іх на донарскія трансплантаты, — патлумачыў загадчык аддзялення таракальнай хірургіі бальніцы Расціслаў Баўфалік.

Аперацыя доўжылася амаль тры гадзіны, а ўзначаліў брыгаду галоўны ўрач установы Аляксандр Карпіцкі. Сёння стан пацыента здавальняючы, далейшае лячэнне будзе амбулаторным.

На методыку аперацыі брэсцкія ўрачы плануюць атрымаць патэнт, бо іншых аналагічных прыкладаў яны не знайшлі. Як адзначыў загадчык аддзялення, яе зрабілі ў першы, але дакладна не ў апошні раз.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter