Як прайшлі Дні беларускай культуры-2015 у Латвіі?

Калі ёсць згода між сябрамі

“Не народ супраць народа, але ўсе разам супраць цемры” — такі запавет пакінуў нашчадкам Яніс Райніс. Увасабленнем яго ідэй, а таксама асветніцкіх памкненняў Францыска Скарыны сталі Дні беларускай культуры-2015, што завяршыліся ў Латвіі
“Не народ супраць народа, але ўсе разам супраць цемры” — такі запавет пакінуў нашчадкам Яніс Райніс. Увасабленнем яго ідэй, а таксама асветніцкіх памкненняў Францыска Скарыны сталі Дні беларускай культуры-2015, што завяршыліся ў Латвіі.


Алена Лазарава і Валянціна Піскунова шмат зрабілі для правядзення сёлетніх Дзён беларускай культуры ў Латвіі

Больш за паўтысячы прыгожых людзей розных нацыянальнасцяў і ўзростаў сабралася ў шыкоўнай зале Ziedoņu Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі. Адкрывала імпрэзу старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, якая за актыўную працу па захаванні беларускай культуры за межамі Беларусі ўшанавана медалём Францыска Скарыны. Усім беларусам — вялікі гонар быць супляменнікамі выдатнага прадстаўніка еўрапейскага гуманізму, першадрукара, асветніка. Менавіта ў гонар яго прайшлі сёлета Дні культуры па ўсёй Латвіі: гэта Рэзэкнэ, Віляны, Дагда, Лудза, Даўгаўпілс, Зілупе, Краслава, Екабпілс, Ліваны, Прэйлі, Елгава і Елгаўскай край, Ліепая. Яны мелі вялікі розгалас па краіне, ды і ў Беларусі. Кіраўніца СБЛ падзякавала за супрацу кіраўнікам таварыстваў, кіраўнікам і прадстаўнікам самакіраванняў гарадоў, што прымалі Дні. Асобна адзначыла Генконсула Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзіміра Клімава: ён актыўна ўдзельнічаў амаль ва ўсіх мерапрыемствах па Латгаліі. А за тое, што на высокім узроўні ладзіцца заключная вечарына, Валянціна Піскунова падзякавала дырэктару Латвійскай нацбібліятэкі Андрысу Вілксу, Рыжскай думе і мэру Нілу Ушакову, шэрагу іншых адказных асоб, мецэнатаў (сярод іх старшыня праўлення AS «Dzintars» Ілья Герчыкаў), ганаровым гасцям з Беларусі: дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Раману Матульскаму і яго намесніку Аляксандру Сушы, прафесару з НАН Беларусі Аляксандру Лукашанцу.

Старшыня Беларускага таварыства “Прамень” Алена Лазарава, якая была ініцыятарам правядзення Дзён, падкрэсліла, што Рыга — горад шматнацыянальны, і таму вельмі важна, каб яго жыхары жылі ў міры і згодзе. Алена Лазарава звярнула ўвагу: Дні беларускай культуры пачаліся 11 верасня, у дзень нараджэння латышскага пісьменніка Яніса Райніса, у якога, дададзім, па маці — яна і пахавана ў Віцебску — былі беларускія родавыя карані. Знакаміты паэт, актыўны грамадскі і палітычны дзеяч прадстаўляў інтарэсы беларускай меншасці ў Сэйме Латвіі на пачатку мінулага стагоддзя. “Райніс лічыў, што беларусам патрэбна развіваць сваю культуру і традыцыі, і мы па сённяшні дзень удзячны гэтаму чалавеку, — сказала Алена. — А Дні беларускай культуры якраз і задуманы, каб прыўнесці новыя веды, знаёміць латвійцаў з багатай беларускай культурай і мацаваць сяброўства народаў Латвіі. Райніс мудра гаварыў: “Ne tauta pret tautu, bet visi kopā pret tumsu” (“Не народ супраць народа, але ўсе разам супраць цемры”). І гэты запавет мы ўвасабляем у жыццё”. Падзякаваўшы ўсім, хто спрычыніўся да знакавага праекта, Алена Лазарава зачытала прывітальны ліст ад Прэзідэнта Латвіі Райманда Веяніса.

Дэпутат Рыжскай думы Максім Талстой зачытаў прывітальны ліст ад мэра Рыгі Ніла Ушакова.

Дырэктар Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі Андрыс Вілкс нагадаў пра вялікае значэнне гэтага цэнтра культуры, навукі і асветы для краіны. Новы будынак бібліятэкі называюць Палацам святла, гэта адзін з самых значных праектаў ХХІ стагоддзя ў Латвіі. І сімвалічна, лічыць Андрыс, што менавіта тут праходзіць ушанаванне Францыска Скарыны — першадрукара беларускага народа, гуманіста і асветніка.


У паселішчы Саколка Вілянскага краю выступалі артысты з Віцебскай філармоніі

Дырэктар Нацыянальнай біб­ліятэкі Беларусі Раман Матульскі пад­крэс­ліў: супрацоў­ніцтва паміж галоўнымі бібліятэкамі Латвіі ды Беларусі ўзбагачае культурную спадчыну абедзвюх краін. Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Беларусі ў Латвіі Марына Даўгаполава ўхваліла актыўнасць беларускай дыяспары ў грамадскім жыцці Латвіі, выказала падзяку кіраўніцтву Саюза беларусаў Латвіі, актыву рэгіянальных беларускіх суполак за вялікую працу па пашырэнні беларускай культуры, за падтрымку рознабаковых адносін паміж Латвіяй і Беларуссю.

У бібліятэцы была разгорнута вялікая выстава кніг, прысвечаная Францыску Скарыне, з фондаў Цэнтра даследвання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Адзначым старанні члена-карэспандэнта НАН, доктара навук, прафесара Аляксандра Лукашанца. Ён падкрэсліў: кнігі — гэта своеасаблівыя масты паміж мінулым і будучыняй, і, гаворачы словамі Скарыны, яны ёсць “крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”. А гендырэктар прадпрыемства “Severstal distribution” Андрэй Аляксееў расказаў пра традыцыі мецэнацтва ў Латвіі ды падтрымку прадпрымальнікамі культурных праектаў.

Далей пачалася асветніцка-мастацкая частка дзеі. У эпоху скарынаўскага Рэнесансу нас перанеслі гукі музыкі: граў ансамбль старажытнай музыкі “Пастараль” з Беларусі. Ліліся цудоўныя мелодыі з мінулага. Выкананне — віртуёзнае, касцюмы — яркія, адпаведныя часу. Вядучыя Алена Лазарава і Алёна Міцкевіч расказалі пра жыццёвы шлях славутага земляка, пасля гучалі польскія песні ў выкананні ансамбля “Паланэз” Польскага клуба культуры. Яшчэ частка аповеду пра Скарыну — і зноў на сцэне “Пастараль”. У зале панавала атмасфера эмацыйнай узнёсласці, свята. А вядучыя далей расказвалі, як пачынаў Скарына ў Празе выдавецкую дзейнасць, выдаў 6 жніўня 1517 года першую кнігу “Псалтыр”, якую прысвяціў “Богу ко чти, а людям простым посполитым к пожитку и доброму научению”. Як вядома, за няпоўныя тры гады Скарына надрукаваў 23 ілюстраваныя кнігі Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову. Кнігі выйшлі на высокім паліграфічным узроўні, аздоблены гравюрамі, там змешчаны ўласны партрэт і сігнет першадрукара — асабісты знак з выяваю Сонца і Месяца. Жыццёвыя абставіны, аднак, прымусілі яго ў 1520-м вярнуцца на Радзіму, у Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Гэта на той час была моцная дзяржава са сталіцай у Вільні. Грамадзяне яе зваліся ліцвінамі, дзяржаўнай мовай была старабеларуская. Францыск ажаніўся, пасяліўся ў Вільні ды  прадоўжыў друкаванне кніг. То была першая на тэрыторыі ВКЛ друкарня. Ёсць дакументы, якія сведчаць: Скарына быў і адным з складальнікаў важнага Зводу Законаў — Статута ВКЛ 1525 года.


Артысты гурта “Надзея” з рыжскага таварыства “Прамень”

І зноў — мастацкі нумар: ад гурта беларускай народнай песні “Надзея” рыжскай суполкі “Прамень”. Далей — аповед пра Скарыну, у якога ў 1529-м пачаўся цяжкі перыяд. Ён губляе блізкіх людзей, ідуць судовыя разборкі, у друкарні быў пажар. І палачанін прымае запрашэнне чэшскага караля Фердынанда І на пасаду каралеўскага медыка і садоўніка ў замку Градчаны. Як жыў на чужыне? Пра тое ёсць мала сведчанняў, аднак можна меркаваць: Бацькаўшчына заўсёды была ў ягоным сэрцы. І латгальская паэтэса Яніна Дукуль расказала, што летась у Мінску выйшла кніга з перакладам знакамітага выслоўя Скарыны пра “вялікую ласку” кожнага з нас да таго месца, дзе нарадзіліся, на 64 мовы. Жыхары Латгаліі падаравалі Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пераклад яшчэ і на латгальскую гаворку — такога не было ў кнізе.

Выступаў фальклорны гурт Рыжскага палаца школьнікаў “Коклэ” (“Лютня”). Юныя прыгожыя твары, натхнёнае гучанне скрыпкі ды коклэ, цудоўныя латгальскія, потым латышскія песні. І яшчэ ж, як знак павагі да гасцей, спявалі “Лявоніху”! Завяршаючы гаворку пра Скарыну, вядучыя казалі: ён дбаў пра асвету для ўсіх людзей — ад князя да селяніна, заклікаў да верацярпімасці, клапаціўся пра “роўную свабоду ўсім”. Асветнік падараваў беларусам першую друкаваную кнігу, якая і па сёння — аснова асноў у духоўным жыцці народа. Ізноў гучалі даўнія мелодыі Яна Давіда Голанда, Міхала Клеафаса Агінскага. Пад гукі “Пастаралі” выступалі артыстка Латвійскай нацыянальнай оперы Элеанора Арлова і салістка Саюза беларусаў Латвіі Ганна Крупская. І гучала песня “Падымайце чаркі, хлопцы!” у выкананні саліста Эстонскай і Латвійскай нацыянальнай оперы Алега Арлова.

Напрыканцы імпрэзы член суполкі “Прамень” Юзік Цыргановіч прачытаў верш Станіслава Ва­лодзькі “Беларусы свету”. І слухачы дзякавалі шчыра ўсім, хто зрабіў такое яркае свята: за асалоду, якую атрымалі. Многія падыходзілі да арганізатараў і артыстаў, каб выказаць захапленне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter