Калі ёсць рай на зямлі – дык ён у Горках

Дзень за днём, год за годам няспынна адлічвае нам жыццё. Штодзённая праца, хатнія клопаты не даюць магчымасці азірнуцца назад, абдумаць пройдзенае...
Дзень за днём, год за годам няспынна адлічвае нам жыццё. Штодзённая праца, хатнія клопаты не даюць магчымасці азірнуцца назад, абдумаць пройдзенае. Але часта вярэдзіць душу ўспамінамі альма-матар, адкуль ішоў у вялікае жыццё.

Для нас, выпускнікоў землеўпарадкавальнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, гэта быў 1974 год. Той час, калі мы атрымалі трывалыя веды ў знакамітай навучальнай установе і пайшлі ў вялікі свет. А сёлета была нагода сустрэцца: юбілейны год выпуску. За сорак гадоў многае змянілася ў жыцці кожнага, некаторыя ўжо на заслужаным адпачынку, іншыя яшчэ працуюць, дзесяць чалавек з курса пакінулі гэты свет, іншых падводзіць здароўе — не змаглі прыехаць. Сабраліся на сустрэчу самыя смелыя і трывалыя. 
У вызначаны час сталі збірацца каля чацвёртага корпуса сельгасакадэміі людзі сталага ўзросту: сем мужчын і дзве жанчыны. Дарэчы, на факультэце займалася большасць хлопцаў, магчыма, таму і на сустрэчы іх было больш.

Прыехалі Сяргей Подаў, заслужаны і ганаровы землеўпарадкавальнік Расійскай Федэрацыі, генеральны дырэктар ААТ «Калужскае землеўпарадкавальнае і каштарысна-вышуковае прадпрыемства», Віктар Еўціхаў — мэр горада Яршыцка Смаленскай вобласці, Генадзій і Валянціна Балтуновы са Смаленскай абласной землеўпарадкавальнай службы, Віктар Прынцаў — намеснік генеральнага дырэктара па каштарысных работах ААТ «Дэлюкс» у Смаленску.

Пётр Колбас да выхаду на пенсію працаваў намеснікам начальніка землеўпарадкавальнай службы Брэсцкага аблвыканкама. Мікалай Елісеенка пайшоў на заслужаны адпачынак з пасады інжынера РУП «Віцебскэнерга».

Мне давялося змяніць прафесію і стаць журналістам. Аднак сельскай гаспадарцы не здрадзіла — 31 год загадваю сельскагаспадарчым аддзелам рэдакцыі раённай газеты «Кліч Радзімы». А арганізаваў нашу сустрэчу Аляксандр Тоічкін, начальнік філіяла РУП «Магілёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры», які размешчаны ў Горках.

Прыехалі мы праз столькі гадоў у акадэмічны гарадок і зразумелі: калі ёсць рай на зямлі, дык ён знаходзіцца ў Горках. Новыя, прыгожыя будынкі, чысціня, парадак, зеляніна, цяністыя векавыя дрэвы, кветкі. А якія ўмовы створаны для студэнтаў! Дарэчы, узначальвае кафедру нашага былога выкладчыка Васілія Фёдаравіча Калмыкова яго сын Андрэй Васільевіч. Ён і правёў з намі «экскурсію» па аўдыторыях: адрамантаваныя памяшканні з новенькім абсталяваннем, паўсюдна камп’ютарызацыя, камфортнасць навучання.

Ад прымітыўнай танцпляцоўкі, дзе праходзілі нашы вольныя часіны, і знаку не засталося. Цяпер тут узвышаецца гарадскі Палац культуры. Шкада, што ў нашы часы такога не было. А інтэрнаты! У адным з іх давялося нам часова размясціцца — усе зручнасці! Так і хочацца заклікаць моладзь, якая збіраецца набыць вышэйшую адукацыю: паступайце ў нашу старэйшую, прэстыжную навучальную ўстанову! Дзе, акрамя трывалых ведаў, за пяць насычаных, цікавых гадоў жыцця ўмацуеце студэнцкае брацтва, як мы, пазнаеце шмат таямніц прафесіі! А яшчэ гэтую навучальную ўстанову заканчваў і Прэзідэнт нашай краіны — як гэтым не ганарыцца? 

Кацярына СОСНА.

Шаркаўшчына

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter