У чым карысць ад разнастайных тэматычных сустрэч, канферэнцый ці форумаў?

Калі ёсць памкненні

У чым карысць ад разнастайных тэматычных сустрэч, канферэнцый ці форумаў? Безумоўна, калі на іх гучаць слушныя думкі, то гэта заўсёды ідзе ў залік такіх мерапрыемстваў. Але не менш важнымі з’яўляюцца непасрэдныя, жывыя зносіны саміх удзельнікаў. Іх нішто не заменіць: нават вывераныя пратаколы ці рэзалюцыі. Разважаю пра гэта пасля таго, як пабываў на пленарным пасяджэнні трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Вядома, шмат узмацняе значнасць такіх мерапрыемстваў удзел у іх першых асобаў дзяржаў. Ужо сам факт прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на Форуме павышаў яго статуснасць. Прэзідэнты ў сваіх выступленнях і аперыруюць, як правіла, катэгорыямі больш маштабнымі, што задае зусім іншы тон дыскусіі. Але хацеў бы сказаць і пра іншае. Калі беларускія і расійскія партнёры з канкрэтных рэгіёнаў ярка і пераканаўча расказвалі пра свой досвед супрацоўніцтва, зала літаральна замірала. Іх слухалі зацікаўлена і з вялікай увагай. І здаралася, прапановы тут жа знаходзілі водгук і падтрымку. Адным словам, нішто не заменіць дыялогу, які, несумненна, дапамагае раскрыць новыя магчымасці ў партнёрстве.


Пра работу трэцяга Форуму рэгіёнаў Беарусі і Расіі ў цяперашнім выпуску — адразу некалькі публікацый. Іх сут­насць зводзіцца да таго, што для Беларусі інтэграцыя важная з пункту гледжання ўмацавання сваёй адкрытай эканомікі, забеспячэння рынкаў збыту. Захаванне Расіі як глабальнага геапалітычнага гульца таксама шмат у чым залежыць ад паспяховых узаемаадносінаў з суседзямі. Пры гэтым свае эканамічныя адносіны з трэцімі краінамі і Беларусь, і Расія выбудоўваюць не на шкоду адзін аднаму. Наадварот, хочуць здабываць выгаду са шматбаковага супрацоўніцтва.

Эксперты сцвярджаюць, што матывацый для кааперацыі ў дзвюх краін столькі, што яны праяўляюцца нават у тэрміналогіі. Імпартазамяшчэнне, інвестыцыі, новыя тэхналогіі, сацыяльная арыентаванасць, уніфікацыя заканадаўстваў — гэтыя словы на форуме гучалі асабліва часта. У прыватнасці, спікеры верхніх палат парламентаў дамовіліся працягнуць работу па збліжэнні прававой базы ў галіне працоўных адносінаў, адукацыі і аховы здароўя. Між тым, нямала яшчэ трэба зрабіць па ўхіленні бар’ераў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі.

Пра інтэграцыю, яе ўдасканаленне гаварылі крыху раней і ў Астане, дзе ў чэрвені праходзіла пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. З рабочым візітам у Казахстане пабываў і Аляксандр Лукашэнка.

Перамовы кіраўнікоў дзяржаў былі прысвечаныя тэмам паглыблення эканамічных адносінаў ЕАЭС з трэцімі краінамі і ключавымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі. Для Беларусі асаб­лівую актуальнасць мела канцэпцыя фарміравання ў ЕАЭС агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Акрамя таго, да абмеркавання прапаноўваліся асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў — членаў ЕАЭС на 2016-2017 гады, рэалізацыя міжнароднай дзейнасці саюза. Што ты­чыцца пашыраных сустрэч, то ў парадак дня саміту ЕАЭС у Астане было ўключана каля паўтара дзясятка пытанняў. І па кожным прынята рашэнне. Наогул, першы год работы аб’яднання пакінуў дваякае ўражанне. З аднаго боку, запусціўшы махавік інтэграцыі, краінам удалося значна знізіць рызыкі і мінімізаваць негатыўныя наступствы глабальных узрушэнняў на сусветных рынках. З другога боку, на пляцоўцы ЕАЭС дагэтуль не ўдалося пазбавіцца ад бар’ераў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Аляксандр Лукашэнка прынцыпова акрэсліў гэтую праблему перад сваімі калегамі. Інтэграцыя без агульнай эканамічнай прасторы — гэта нонсэнс. Ну як можна аб’ядноўвацца, пакідаючы за дужкамі пытанні фарміравання адзінага рынку вуглевадародаў, электраэнергіі, лекавых сродкаў, лібералізацыі транспартных паслуг. Але ж пра ўсё гэта, здаецца, дамовіліся, падпісваючы Дагавор аб ЕАЭС.

Увогуле, ад перамоваў у Астане чакалі калі не прарыву, то хоць нейкага руху наперад ў запаволеным працэсе. І, падаецца, дачакаліся. Прэзідэнты Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Арменіі зацвердзілі канцэпцыю фарміравання агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў да 2025 года. Сутнасць яе такая. Па-першае, энергетычныя кампаніі саюзных краін атрымаюць роўны недыскрымінацыйны доступ да нафтавай інфраструктуры партнёраў. Па-другое, змогуць купляць нафту і нафтапрадукты без колькасных абмежаванняў па рыначнай цане і без экспартных пошлін. У наступным годзе прэзідэнты павінны зацвердзіць пакрокавую праграму рэалізацыі гэтай канцэпцыі, а затым падпісаць адпаведны дагавор.

Галоўны пасыл саміту: рухацца наперад трэба больш смела. Тым больш, што ЕАЭС становіцца прывабнай структурай для іншых дзяржаў.

Віктар Харкоў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter