Калі ўсе дома

Штогод на каталіцкі Вялікдзень сям’я Карбановічаў у поўным складзе збіраецца за святочным сталомСлова “шлюб” паходзіць ад стараславянскага “слюб”. Узяць шлюб — значыць злюбіцца. На шчырым пачуцці кахання толькі і трымаюцца сем’і. Хіба ж не так? Мае даўнія мінскія знаёмыя Валерый і Валянціна Карбановічы — з тых людзей, для якіх шлюб, сям’я не адзнакі ў пашпарце, а лад жыцця. А мацуе іх сямейнасць не толькі ўзаемная любасць, але і вера. Вось і на Вялікдзень яны разам пойдуць у касцёл. Сказаць нешта важнае Богу. А пасля збяруцца ўсёй раднёй за святочным сталом. Так заведзена ў іх адвеку. Ад бацькоў, бабуль, дзядуль.

Валерый Баляслававіч — каталік, а Валянціна Вячаславаўна — праваслаўная. Тыповая беларуская сям’я. Калі б не адна асаблівасць. Яшчэ ў 2002 годзе, пасля 18 “летаў” сумеснага жыцця, муж і жонка вырашылі... узяць шлюб у храме. У каталіцкім. Хадзілі два месяцы на катэхізацыю ў касцёл Святых Сымона і Алены, што на плошчы Незалежнасці. А калі “нанава” павянчаліся, нібы вярнуліся да пачаткаў: да моцных пачуццяў, да вясны жыцця.
Валерый пасля таго вянчання вырашыў абавязкова хаця б раз у месяц, нягледзячы на вялікі клопат на працы, дома, наведваць набажэнствы ў касцёле. Ён лічыць, што кожны каталік мусіць бываць на імшы, трымаць сувязь са сваёй рэлігіяй.
Адкуль жа бярэцца вера?
— Я нарадзіўся ў 1960 годзе, — расказвае, як прыйшоў да Бога, мой суразмоўца. — Тады ў Мінску не было касцёлаў. І бацькі павезлі мяне хрысціць у Краснае, вёску, што ля станцыі Уша пад Маладзечнам. Тады гэта быў найбліжэйшы каталіцкі храм да сталіцы. У Красным жа вянчаліся мае мама і тата яшчэ ў 1955 годзе. Мама, дарэчы, праваслаўная. Але веру яе ніхто не змушаў мяняць. Адзначалі ў нашай сям’і заўсёды абодва Вялікадні — і каталіцкі, і праваслаўны. Мама пякла пірагі, прывозілі з касцёла асвячоныя ваду, соль, хлеб, часам мяса. Пакуль у пачатку 80-х гадоў не адкрыўся ў Мінску храм на Кальварыі, даводзілася ездзіць электрычкай у красненскі касцёл. Традыцыю адзначэння Вялікадня найлепш захоўвала мая бабуля. Яна жыла ў вёсцы Маразы Вілейскага раёна, была вельмі набожная. Строга пасцілася. А ўласна напярэдадні свята ўсю ноч малілася, слухаючы трансляцыі набажэнстваў па замежных радыёстанцыях — Бі-бі-сі, “Нямецкай хвалі”. Так-так, а дзе ж яшчэ пачуць слова Божае? Тады не тое, што цяпер, — па рэспубліканскім радыё рэпартажаў з храмаў не вялі. Часы былі самі знаеце якія.
Падгледжаныя ў бабулі традыцыі цяпер у доме Карбановічаў — закон. Напярэдадні заўтрашняга свята Валерый з Валянцінай ды сынам Сяргеем, як заўсёды, пойдуць у касцёл Святых Сымона і Алены. Ксёндз пасвенціць яйкі, пірагі. А заўтра зранку ўсё гэта з’явіцца на святочным стале. “Прыйдуць найбліжэйшыя сваякі. Вялікдзень — добрая нагода сабрацца ўсім родным за адным сталом. Перад ядою я прачытаю “Ойча наш”. Памолімся, пасядзім, пагаворым — такі звычай”, — для спадара Карбановіча гэта і праўда звычайны рытуал, бо так рабілі яго продкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter