Калі не мы, то хто?

Ці магчыма вывучыць танец альбо песню за адну гадзіну? Магчыма! Бярыце прыклад з юных артыстаў “Зараніц”. Яны цікавяцца нацыянальнымі здабыткамі, пераймаюць песніі танцы непасрэдна ў носьбітаў традыцыйнай культуры — бабулек і дзядулек, якія жывуць побач.

Самабытную культуру сваёй мясцовасці даследуе дзіцячы фальклорны ансамбль “Зараніцы” Краснаслабодскага сельскага дома народнай творчасці Акцябрскага раёна

Ці магчыма вывучыць танец альбо песню за адну гадзіну? Магчыма! Бярыце прыклад з юных артыстаў “Зараніц”. Яны цікавяцца нацыянальнымі здабыткамі, пераймаюць песніі танцы непасрэдна ў носьбітаў традыцыйнай культуры — бабулек і дзядулек, якія жывуць побач.


Так і павялося ў “Зараніцах” — хадзіць з пошукавымі міні-экспедыцыямі па хатах Краснай Слабады, іншых навакольных вёсак з адной толькі мэтай — паспець запісаць на плёнку як мага больш песень і танцаў...

— Потым збіраемся ў Доме культуры і развучваем запісанае, — удакладняе Валянціна Вараб’ёва. — Сама спачатку здзіўлялася: так хутка яны запамінаюць словы альбо “калены” ( гэта часткі ў танцах. — Аўт.)!

“Зараніцы” — калектыў малады і невялікі: існуе толькі пяць гадоў і налічвае каля двух дзесяткаў дзяцей. Аднак усё гэта не перашкаджае ансамблю расці прафесійна, удасканальвацца. І хаця геаграфія гастроляў ансамбля не выходзіць за межы Акцябрскага раёна, Валянціна Вараб’ёва спадзяецца, што поспех “Зараніцаў” не за гарамі.

— Каб працаваў калектыў, прыкладаем усе намаганні. Нельга не сказаць пра дапамогу дзяржавы: з 2005 года Красная Слабада — аграгарадок. Па праграме “Адраджэння і развіцця вёскі” ўзяліся і за будынак сельскага Дома культуры. Пасля рэканструкцыі і рамонту сёння тут працуюць бібліятэка, музычная школа, дом народнай творчасці і аматарскае аб’яднанне “Пошук”, якое таксама ўзбагачае рэпертуар “Зараніцаў” мясцовымі песнямі і танцамі...

Дапамагаюць Валянціне Васільеўне з дзіцячым калектывам педагог-арганізатар Святлана Удовіна і малады настаўнік музычнай школы Антон Бобрык. За ім — акампанемент “Зараніцам” на баяне. Дарэчы, Антон Аляксеевіч працуе ў Краснай Слабадзе па размеркаванні пасля Мазырскага каледжа ўжо другі год. Педагог плануе і далей працаваць у вёсцы.

— Збіраюся атрымліваць вышэйшую адукацыю і вучыць дзецей ігры на баяне, — тлумачыць Антон Бобрык. — Праца мне даспадобы. Як маладому спецыялісту, мне нават далі інтэрнат — месца ў новенькім “прэзідэнцкім” доміку. Чатыры дні працую тут, яшчэ два — у вёсцы Парэчча. Сам адтуль родам.

Пра такіх людзей скажаш — энтузіясты, працуюць за ідэю. Удзячныя вучні натхняюць займацца абранай на ўсё жыццё справай.

— Я пачаў працаваць з “Зараніцамі”, таму што такія калектывы трэба падтрымліваць. Па-першае, каб заняць вясковых дзяцей, а па-другое, каб яны маглі пазнаць народнае мастацтва.

Таццяна УСКОВА, “БН”

НА ЗДЫМКУ: «Зараніцы» разам кіраўніком калектыву Валянцінай ВАРАБ’ЁВАЙ і баяністам Антонам БОБРЫКАМ.

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter