Калі ў нашым доме “Свята”

Сёлета ў Беларусі праводзіцца грамадска-культурная акцыя “Беларусь — гэта мы!” Галоўная задача буйнамаштабнага мерапрыемства — данесці да насельніцтва духоўна-маральныя каштоўнасці сродкамі музычнай, спеўнай, харэаграфічнай культуры, закласці ідэалы любові, дабра, патрыятызму для маладога пакалення. А яшчэ паказаць усё лепшае, што ствараецца ў нашай роднай краіне.

Артысты вядомага ансамбля рады, што Хойнікам пашчасціла стаць сёлета сталіцай Дня беларускага пісьменства.

Сёлета ў Беларусі праводзіцца грамадска-культурная акцыя “Беларусь — гэта мы!” Галоўная задача буйнамаштабнага мерапрыемства — данесці да насельніцтва духоўна-маральныя каштоўнасці сродкамі музычнай, спеўнай, харэаграфічнай культуры, закласці ідэалы любові, дабра, патрыятызму для маладога пакалення. А яшчэ паказаць усё лепшае, што ствараецца ў нашай роднай краіне.

Артысты Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята” ў час канцэртаў, з якім выступілі з канцэртам на Хойнікшчыне.

На сустрэчу з імі ў глядзельную залу абноўленага цэнтра культуры і спорту “Меліяратар” прыйшлі хайнічане — розных узростаў і прафесій, аб’яднаных любоўю і павагай да беларускай народнай творчасці.

Ансамбль “Свята” прадставіў спецыяльную праграму, складзеную з беларускіх песень, народных найгрышаў, жартоўных мініяцюр.

Канцэрт прайшоў на адным дыханні. У ім не было, як гэта традыцыйна ўсталявалася, прадстаўлення асобных нумароў, выканаўцаў называлі па ходу сцэнічнага дзейства, калі глядач мог ацаніць высокае выканаўчае майстэрства салістаў-вакалістаў: заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Марыі Маршак, Людмілы Кірыленка, Святланы Хвісевіч, Вячаслава Статкевіча, Васіля Сатварэннага. Віртуозным было музычнае суправаджэнне Таццяны Карабковай на скрыпцы, Алены Літаш на цымбалах, на баяне Сяргея Сарокіна і мастацкага кіраўніка ансамбля Анатолія Кашталапава, Дзмітрыя Барсукова на флейце, Дзмітрыя Стрыжа на бас-гітары. Шквал апладысментаў “сарваў” барабаншчык Андрэй Маханёк, іскрамётнымі танцамі парадавалі Вера Варашылава, Людміла Галавач, Андрэй Грыц.

А потым на сцэну да артыстаў паднялася намеснік старшыні Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта Алена Іўкова і зачытала прывітальны адрас, у якім ад імя жыхароў Хойнікшчыны шчыра падзякавала калектыву ансамбля “Свята”.

— Мы лічым за гонар паўдзельнічаць у акцыі “Беларусь — гэты мы!” — адзначыў у інтэрв’ю мастацкі кіраўнік ансамбля “Свята” Анатолій Кашталапаў. — Перад прыездам у Хойнікі выступілі з канцэртамі ў Нароўлі, Мазыры, Калінкавічах. На гэты ж раз былі вельмі ўражаны тым, як мяняецца аблічча Хойнікаў, і ганарымся, што менавіта вашаму гораду пашчасціла стаць сёлета сталіцай Дня беларускага пісьменства.

— Анатолій Міхайлавіч, хацелася б даведацца аб ансамблі “Свята”, яго вытоках, рэпертуары, творчых планах.

— Ансамбль створаны пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 1984 годзе, з гэтага часу я з’яўляюся яго мастацкім кіраўніком, прыйшоў сюды з ансамбля “Харошкі”. Наш рэпертуар пабудаваны на музычным фальклоры Беларускага Палесся, якое з’яўляецца скарбніцай духоўнай культуры ўсходніх славян. Асабіста я часта ездзіў у творчыя экспедыцыі — запісваў народныя песні ў многіх мясцінах Беларусі. Дарэчы, песня “Калі каліна не цвіла” не магла не прагучаць сёння ў нашым канцэрце, бо запісана яна ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна, на радзіме вашага славутага земляка, народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.

— Якая геаграфія вашых гастроляў?

— Музыка і песні, запісаныя непасрэдна ў народа, выконваюцца на старажытных і традыцыйных музычных інструментах з захаваннем манеры і каларыту гучання, таму яны блізкія і знаёмыя не толькі беларусам, але і людзям іншых нацыянальнасцей. Нашы праграмы аднолькава цёпла і з вялікім поспехам прымаюць як у Беларусі, так і далёка за яе межамі. Наш ансамбль неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных фестывалях мастацтваў, выступаў з канцэртамі ў многіх замежных краінах, не бывалі бадай толькі што на аўстралійскім кантыненце. Зусім нядаўна вярнуліся з Францыі, дзе выступалі ў каралеўскім замку Шамбар, што пад Арлеанам, у праграме міжнароднага экалагічнага фестывалю. Канцэрт адбываўся на полі каля замка, пранеслі па ім наш Дзяржаўны флаг.

— Якія рысы сельскага гледача можаце адзначыць?

— Гэта самая шчырая, добразычлівая і прыязная глядацкая аўдыторыя. Таму ніколі пра яе не забываемся, ансамбль “Свята” — пастаянны ўдзельнік фестывалю “Майстры мастацтваў — працаўнікам вёскі”. І, думаю, што на Хойнікшчыне выступім яшчэ не адзін раз. Тым больш што запрашэнні чулі сёння неаднаразова.

Клаўдзія БОСАК

НА ЗДЫМКУ: артысты «Свята».
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter