Калі ласка, у нашу хату

Апытанне: А як у вашай сям’і прынята сустракаць гасцей?

Гэты год у нашай краіне названы Годам гасціннасці. Вось мы і вырашылі спытаць сваіх чытачоў: «А як у вашай сям’і прынята сустракаць гасцей?»

ЖАНЭТ, спявачка:

— Мы заўсёды запрашаем iх да стала. З дзяцінства ў мяне разуменне таго, што чалавека, які завітаў да вас, неабходна добра накармiць. А таму перад прыходам родных або знаёмых з халадзільніка дастаецца ўсё самае смачнае. Дарэчы, з гасцямі мы амаль ніколі не спяваем. Блізкія мне людзі ведаюць: песні ў мяне асацыіруюцца з працай, таму мы аддаём перавагу звычайным душэўным размовам.

Яраслаў ЖЫЗНЕЎСКІ, дырэктар паляўнічай гаспадаркі Крупскага раёна:

— Калі ведаем, што прыедзе вялікая кампанія, заўсёды з жонкай рыхтуем самавар. З парога госці адразу праходзяць у пакой, дзе стаіць наш дзевяцілітровы велікан. Уяўляеце, яго набыў яшчэ ў XVIII стагоддзі прадзед маёй жонкі. Прычым для гэтага яму прыйшлося прадаць карову. Потым рэліквія перадавалася з пакалення ў пакаленне і дайшла да нас. Акрамя таго, я траўнік, збіраю чабор, мяту, мелісу, а таму частую сяброў не звычайным чаем, а рознымі натуральнымі настоямі.

Таццяна ДРОНАВА, пенсіянерка з горада Барысава:

— 31 снежня ўсіх гасцей, якія прыязджаюць да нас, мы вядзём у лазню. Ёсць такое павер’е: у новы год людзі павінны ўваходзіць чыстымі. Мы з мужам падумалі і вырашылі, а чаму б не зрабіць гэтае правіла нашай сямейнай традыцыяй? Ідэя спадабалася і родным, і сябрам. Цяпер у апошні дзень года яны з’язджаюцца да нас з розных куткоў краіны. Часам збіраецца чалавек 20—30. Звычайна 31-га з пяці да адзінаццаці гадзін вечара лазня не пустуе. А потым мы ўсе разам садзімся за вялікі святочны стол.

Любоў БЕРАЗЕЦКАЯ, адміністратар сталовай дзіцячага аздараўленчага цэнтра «Жамчужына»:

— Ужо гадоў 20 запар гасцей люблю частаваць тортам «Медавік». Робіцца ён хутка — за вечар можна прыгатаваць два-тры, каб хапіла ўсім. Прычым некалькі каржоў абавязкова змазваю сваім фірменным кабачковым або гарбузовым варэннем. Людзі заўсёды пытаюцца, што за прысмакі я дадала. Я ж у адказ прапаную ім здагадацца самім. Прызнацца, яшчэ ніхто не назваў правільны варыянт.

Наталля АНТАНОВІЧ, выхавальнік Хорскага яслі-сада:

— Мая сястра Юлія вельмі прыгожа малюе. І на кожнае свята, нягледзячы на тое, што ў яе ўжо двое дарослых дзяцей, яна робіць плакаты. Калі мы прыходзім да іх у госці, нас часта сустракаюць наклееныя на шпалеры надпісы кшталту «Са святам, дарагія госці!».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter