Калі калядаваць, дык толькі ў Калядах

Звычаі маленькай вёсачкі ў Камянецкім раёне цяпер працягваюць аматары народных абрадаў
Каляды цяпер падобны на хутар. На сённяшні дзень тут засталося толькі дзве хаты, і ў тых пастаянна ніхто не жыве. У зімовы час яны зачынены, улетку былыя жыхары, якія тут нарадзіліся і выраслі, прыязджаюць, каб падрамантаваць перакошаныя вароты, паправіць плот ці скасіць траву, якая расце як на дражджах.


Калектыў «Вечарніца»

Сама назва вёскі Каляды  звязана з адным з найважнейшых хрысціянскіх святаў — Ражаством Хрыстовым. А тое, што населены пункт быў размешчаны на тэрыторыі Заходняй Беларусі, побач з Польшчай, па меркаваннях краязнаўцаў, у многім і паўплывала на яго імя. Па-беларуску свята называецца яшчэ Калядамі, па-польску гучычь як Коленда. Звычай калядавання калісьці быў шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Захаваўся ён тут і цяпер, праўда, у саміх Калядах сёння няма каму распавесці, у чым заключаліся яго адметнасці. За падказкай мы звярнуліся да супрацоўнікаў Відамлянскага сельсавета, на тэрыторыі якога знаходзіцца вёска, мясцовага Дома культуры і сярэдняй школы. 

— Калядаваць у нашых мясцінах пачыналі пад Ражаство, калі цямнела, а на зімовым небе з’яўлялася першая зорка, — распавядае дырэктар Відамлянскага сельскага Дома культуры Соф’я Добыш. — Нярэдка яе немагчыма было ўбачыць з-за хмар. У такім выпадку з’яўленне першай зоркі ўзгадвалі па часе. У прыбранай да доўгачаканых дзён хаце пад святочны абрус клалі нямнога сена ці саломы, каб на працягу ўсяго года ў гаспадарцы вялася жывёла. Калі святы праходзілі, гэтае сена аддавалі кароўцы, каб было малако і яна не хварэла. 

Соф’я Васільеўна хутка ўжо дваццаць гадоў узначальвае Дом культуры ў Відамлі. Пад яе кіраўніцтвам тут дзейнічае аматарскі калектыў «Вечарынка», які збірае і папулярызуе сярод насельніцтва народныя абрады і звычаі. Калі хаты ў Калядах не пуставалі, у вёску «Вечарынка» завітвала часта. Ад мясцовых старажылаў удзельнікі ансамбля даведваліся шмат цікавага, запісвалі калядныя песні, вывучалі звычаі. 

— Калі ў вёсцы засталася толькі адна жыхарка, разам з кіраўніцтвам Відамлянскага сельсавета мы ёй дапамагалі, — успамінае адна з удзельніц калектыву Алена Брышчук. — Прыносілі з крамы прадукты, прыбіралі ў хаце, рыхтавалі дровы. А яна нам расказвала, як калісьці тут жылі людзі, сустракалі Новы год і Ражаство, рыхтавалі смачныя стравы, пяклі пірагі і, канечне ж, калядавалі. 

Гэты абрад, дарэчы, быў вельмі ўрачыстым. Калядоўшчыкі былі жаданымі і доўгачаканымі гасцямі ў кожнай хаце, і гаспадары прымалі іх вельмі цёпла, запрашалі да стала, частавалі прысмакамі, не адпускалі без падарункаў. 

Згадаем адну з мноства песень, з якімі калядоўшчыкі завітвалі ў хаты: 

Добры вечар, шчодры вечар, 

Усім людзям на ўвесь вечар! 

А ці дома пані твая? 

А я бачу: яна дома. 

Яна дома не гуляе, 

Піражочкі расчыняе. 

А ці дома пан гаспадар? 

А я бачу, што ён дома, 

Што ён дома не гуляе, 

Чалядоньку даглядае. 

На ім шуба-шубалёва, 

Прычаплёна калітонька.

А ў калітцы ў той новай

Усім госцям па златому. 

«Вечарынка» — калектыў вельмі папулярны не толькі ў Відамлянскім сельсавеце і Камянецкім раёне, але і далёка за іх межамі. Справа, якой ён займаецца, сапраўды вельмі патрэбная. Так слава пра вёскі, што даўно маглі б знікнуць з геаграфічнай карты, працягвае пашырацца. Вось і на Ражаство ўдзельнікі ансамбля рыхтуюць адразу некалькі канцэртаў, з якімі будуць выступаць у Відамлі, Камянцы ды іншых населеных пунктах. Пойдуць яны і калядаваць па хатах. Без гэтай традыцыі не абыходзіцца ніводзін год. 

Старшыня мясцовага ААТ «Відамлянскае» Міхаіл Страпко лічыць, што гэта добрая справа. У вольны ад працы, хатніх спраў час аматары народных абрадаў, звычаяў імкнуцца папулярызаваць даўнія традыцыі. Некаторыя з іх працуюць у гаспадарцы, іншыя — у школе і дзіцячым садку, нехта ўжо выйшаў на заслужаны адпачынак. Але сядзець у хатах доўгімі зімовымі вечарамі ўдзельнікі «Вечарынкі» не прывыклі. Таму пра іх і ведаюць далёка за межамі Калядаў і Відамлі. 

Цяпер у вёсках калядуюць не так, як раней. Калісьці шаноўных гасцей кожны гаспадар імкнуўся пачаставаць смачнымі стравамі, клаў з сабой у дарогу каўбасу, пірагі, цукеркі. Зараз жа пераважна даюць грошы. 

Часы змяняюцца, але сутнасць калядных абрадаў застаецца ранейшай. Гэта шчырасць, добразычлівасць, пяшчота і павага ў адносінах да людзей.

Аляксандр КУРЭЦ, «СГ»


Фота Алены БРЫШЧУК
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter