Калі да пары, а калі — наадварот

Прыклад 4. У святочны або будні дзень вы наведалі храм і захацелі паставіць рытуальны знак пашаны і памяці — свечкі. Але ж колькі іх павінна быць?

Прыклад 4. У святочны або будні дзень вы наведалі храм і захацелі паставіць рытуальны знак пашаны і памяці — свечкі. Але ж колькі іх павінна быць?

Зноў жа звяртаемся да добра знаёмага рытуальнага прадпісання: кожны павінен ушаноўваць свой род аж да сёмага калена (тры пакаленні, якія жылі да нас: бацькі, дзяды, прадзеды, і тры пакаленні, якім жыццё далі мы: дзеці, унукі, праўнукі); гэта патрабаванне зафіксавана ў добра вядомай хрысціянска-царкоўнай формуле: “За здравие и за упокой”, г.зн. за здароўе жывых і за спачын памерлых. Такім чынам, для таго каб ушанаваць свой род аж да сёмага калена, трэба паставіць дзве свечкі.

Прыклад 5. А якой гадзіне трэба выносіць нябожчыка з хаты? На Беларусі да нашых дзён прытрымліваюцца (часам ужо не разумеючы сутнасці з’явы) звычаю выносіць нябожчыка ў 12 або ў 14 гадзін. Гэта яшчэ адно пераканаўчае пацвярджэнне размежавання свету жывых (сімволіка цотнасці) і “свету” мёртвых (сімволіка няцотнасці). Прасочым паслядоўнасць рытуальных дзеянняў і засяродзім увагу на часе іх выканання. Нябожчыка выносяць з хаты (свет жывых) ў 14.00 (або 2-я гадзіна апоўдні) — выносілі труну парамі; пахавальная працэсія прыбывае на могілкі (“свет” мёртвых) у няцотную колькасць гадзін — 15.00 (або 3-я гадзіна апоўдні), кідалі тры жменькі зямлі. Пасля пахавання ўдзельнікі рытуалу вяртаюцца дадому (свет жывых) зноў-такі ў цотную колькасць гадзін — 16.00 (або 4-я гадзіна апоўдні) — сустракалі перад парогам хаты з чатырма прадметамі. Дарэчы, сімволіка цотнасці-няцотнасці захоўваецца і на пераходзе з “таго” свету ў гэты: рытуальнае развітанне з нябожчыкам заканчваецца тым, што кожны з прысутных кідае ў магілу тры жменькі зямлі. А як толькі тыя, хто прымаў удзел у пахаванні, вяртаюцца дадому, то перад парогам хаты іх сустракаюць з чатырма (парнасць) атрыбутамі — з іх дапамогай трэба будзе памыць рукі (асноўны канал сувязі з “тым” светам) і ачысціць сябе ад напластаванняў іншага свету: вядро з вадой, конаўка, ручнік і мыла. Усе прыведзеныя вышэй прыклады пераканаўча сведчаць: у традыцыйнай культуры беларусаў сімвалам жывых была цотнасць, сімвалам мёртвых — няцотнасць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter