Калі да пары, а калі — наадварот

У аснове фундаментальнага падзелу каштоўнасцей традыцыйнай культуры беларусаў (славян) ляжыць процістаянне цотнасці і няцотнасці.

У аснове фундаментальнага падзелу каштоўнасцей традыцыйнай культуры беларусаў (славян) ляжыць процістаянне цотнасці і няцотнасці.

Да сённяшняга часу ў асяроддзі беларусаў захоўваецца даўняя традыцыя ўзводзіць драўляныя дамы, у якіх абавязкова будзе 13 вянкоў. Здавалася б, лік трынаццаць суправаджае вялікая колькасць павер’яў, сэнс якіх заўсёды негатыўны. Што ж прымусіла нашых колішніх цесляроў спыніцца на гэтай “вышыні”? Або якія ўяўленні аб сусвеце былі пакладзены ў аснову пабудовы гэтай мініяцюрнай (але камфортнай і ўтульнай) мадэлі свету? Аказваецца, нічога выпадковага ў тым, што якраз такой колькасцю “колаў Сатурна” чалавек абмежаваў свой свет, а сваё жытло адгарадзіў ад бясконцасці наваколля. Сакрэт схаваны ў тым, што жыллёвую прастору хаты апаясваюць не больш і не менш, а дванаццаць вянкоў (менавіта столькі сузор’яў ахоплівае гадавы шлях сонца, які доўжыцца якраз столькі ж месяцаў). Трынаццаты вянок, які замыкаў зруб, ужо належыў не чалавеку, гаспадару хаты, а распачынаў (служыў фундаментам) і маркіраваў каардынаты зусім іншага свету — гарышча, якое з’ўлялася прыстанішчам (сферай існавання) сіл Цемры, Смерці, усялякіх нячысцікаў.

З даўніх часоў на Беларусі існавала традыцыя хадзіць на Радаўніцу на могілкі і ўшаноўваць сваіх памерлых продкаў. Непасрэдна на магілу рассцілалі чысты белы абрус, на які ставілі розныя рытуальныя стравы. Вакол магілы рассаджвалася ўся радня. Па кругу, пачынаючы ад самага старэйшага, пускалі адну памінальную чарку. Той, каму падавалі чарку, спачатку адліваў некалькі кропель на магілу, большую частку выпіваў сам, пакідаючы на дне некалькі кропель. Тая “слязінка”, якая заставалася на дне кілішка, хадзіла па кругу і як бы знітоўвала, яднала-павязвала ўсіх прысутных у непарушны Род (таму на любой святочнай урачыстасці вас ветліва папросяць першую чарку дапіць да дна — не пакідаць “гаротных слёз”). Апошні з прысутных (каму дазвалялася) выпіваў сваю “долю”, а пакінутыя на дне чаркі кроплі зноў выліваў на магілку. Кілішак хадзіў па кругу не больш і не менш, а роўна тры разы. Каля кожнага крыжа ці помніка звычайна ставілі: адзін сподак; адну чарку, у якую крыху налівалі гарэлкі; на чарку клалі адзін кавалачак хлеба. Побач на сподак або на свежы пясок клалі: адно чырвонае велікоднае яйка; адзін яблык; адну цукерку; адну пячэніну . Такім чынам, усе абрадавыя атрыбуты для памерлага ставяцца па аднаму, а іх сумарная колькасць складала сем атрыбутаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter