Калі брыдка ад брэнда

Мінчане не пагаджаюцца з памылковым напісаннем назвы любімай каманды
Мінчане не пагаджаюцца з памылковым напісаннем назвы любімай каманды

Аматары хакею актыўна абмяркоўваюць на спартыўных форумах ноу-хау мінскага “Дынама”: у рускім напісанні назвы каманды літару “и” чамусьці замянілі на беларускую “і” — “Дінамо”. Нават некаторыя балель-шчыкі сталічнай дружыны не пагаджаюцца з такім наватарствам: маўляў, гэта не проста памылка, а абраза беларускай мовы. І ў форме з надпісам “Дінамо” могуць спакойна выйсці на лёд толькі легіянеры, ды і то не ўсе, а толькі недасведчаныя ў пытаннях славянскіх моў, бо “Дінамо” невядома, на якой з іх напісана. Аднак кіраў-ніцтва клуба цвёрда верыць у правільнасць сваёй пазіцыі. Паводле слоў генеральнага дырэктара клуба Аляксандра Белага, неадпаведная агульнапрынятаму правапісу назва каманды — добры піяр: “бела-блакітныя” адразу апынуліся ў цэнтры ўвагі. Акрамя таго, аўтарскія правы на брэнд “Дынама” належаць БФСТ “Дынама”, таму на працягу года клуб штомесяц быў вымушаны выплачваць таварыству значную суму, і доўга так працягвацца не магло. І ўсё ж прыхільнікі хакею, якія паважліва ставяцца да роднай мовы, не спынілі сваю спрэчку і пачалі абмяркоўваць: чаму нельга было назваць каманду па-іншаму? А для гэтага арганізаваць галасаванне на сайце клуба. — У гэтым няма сэнсу. Мы вырашылі далёка не адыходзіць ад “Дынама”, бо гэта — вядомы ў свеце брэнд, — тлумачыць Аляксандр Белы. — Аднак любы брэнд павінен развівацца, і назва “Дінамо” адпавядае ХХI стагоддзю. Новы надпіс ужо з’явіўся на афіцыйных бланках, рэкламнай і сувенірнай прадукцыі. Толькі ці многа знойдзецца жадаючых набыць яе? Адзін з пакрыўджаных фанатаў нават напісаў на форуме: “Хацеў набыць хакейную майку і хадзіць у ёй “хварэць” на матчы, але з-за гэтага крэатыву перадумаў”. Мінчанам брыдка ад такого брэнда. Як кампраміс яны прапаноўваюць напісаць назву лацінкай: DYNAMA.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter