Калі бачыш перспектыву

«Не спыняць абнаўленне» — такі дэвіз дырэктара завода «Бабруйск-Універсал» Уладзіміра Аўчынніка дапамагае жыць цікава і працаваць эфектыўна...

«Не спыняць абнаўленне» — такі дэвіз дырэктара завода «Бабруйск-Універсал» Уладзіміра Аўчынніка дапамагае жыць цікава і працаваць эфектыўна

Уладзімір Аўчыннік (на здымку) ужо трыццаць гадоў кіруе заводам. Пры яго непасрэдным удзеле ўзводзіліся новыя карпусы прадпрыемства, абнаўлялася вытворчасць. Справы ішлі па ўзыходзячай, як тут ліхія дзевяностыя: прадукцыя стала непатрэбнай, хоць закрывайся... Аднак дырэктар думкі такой не дапускаў. Настройваў і сябе, і калектыў на працу. Даследавалі рынак і прыйшлі да высновы, што трэба мацаваць сувязь з аўтамабільнай прамысловасцю. Спачатку адны вырабы, затым другія. У працэсе работы ўзнімаліся ў сваім творчым, прафесійным росце. А галоўнае, былі пры занятку людзі, мелі магчымасць зарабляць, утрымліваць сем’і.

— Што і казаць, — успамінае Уладзімір Аўчыннік, — гэта нам каштавала бяссонных начэй, даставалася ўсім... Аднак той перыяд можам аднесці сабе ў залік, даказалі: чагосьці вартыя.

І гэта быў не адзіны экзамен на вытворчае сталенне: колькі сіл і энергіі забраў пазалеташні сусветны фінансава-эканамічны крызіс. Тым не менш і з яго выйшлі з гонарам, яшчэ больш умацаваліся, адкрылі для сябе новых спажыўцоў прадукцыі. Калі раней гэта былi МТЗ, БелАЗ, «Гомсельмаш», «Бабруйскаграмаш», завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, то цяпер — Камскі аўтамабільны завод і іншыя вядомыя прадпрыемствы. Больш за паўтысячы найменняў прадукцыі. Зараз яны манапалісты на постсавецкай прасторы па выпуску люстэркаў задняга віду розных мадыфікацый, нават з падагрэвам.

Завод пастаянна на слыху. Вось і за першае паўгоддзе гэтага года ён — пераможца вытворчага спаборніцтва галіны, атрымлівае значныя прыбыткі (за верасень — 1 млрд. 200 млн. рублёў), нарошчвае экспартныя пастаўкі. І не думае саступаць пазіцыі.

Па словах Аўчынніка, колькі ён сябе памятае ў дырэктарскім крэсле, столькі будаваліся, намячалі і ажыццяўлялі шматлікія планы. Вось і зараз вядзецца актыўная падрыхтоўчая работа па стварэнні інструментальнага і механазборачнага цэхаў, закупляецца адпаведная тэхніка, інвентар.

Развіваючы вытворчасць, тут не забываюць і пра сацыяльную сферу: нават у самы горшы час не спынялі будаўнiцтва жылля для работнікаў, утрымліваюць інтэрнат на 240 месцаў, нядаўна здалі ў эксплуатацыю Дом культуры. Пра ДК хацелася б сказаць асобна, бо многія прадпрыемствы пачалі ад іх адмаўляцца... Уладзімір Аўчыннік выказаўся «за». Чаму?

— У вытворчасць, — гаворыць ён, — мы ўкладваем свае сілы, энергію, а культустанова будзе нам іх аднаўляць, ды і ўвогуле, ёсць дзе людзям сабрацца і адпачыць. Павінны мы яе мець!

Многіх кіраўнікоў наш імклівы час, бы той ліхі яздок, паскідваў з «сёдлаў», а Аўчыннік на працягу такога значнага часу застаецца ў страі. У чым прычына такога дырэктарскага даўгалецця?

— Мабыць, у тым, — удакладніў Уладзімір Мітрафанавіч, — што я ніколі свае асабістыя інтарэсы не ставіў вышэй за калектыўныя, заўжды крытычна ацэньваю ўласныя дзеянні і ўчынкі. Ну і трэба не спыняць абнаўленне вытворчасці.

Аўтарытэт Аўчынніка ў калектыве надзвычай высокі, людзі яму давяраюць. Уладзімір Мітрафанавіч для іх і кіраўнік, і добры дарадчык, і таварыш.

Акрамя таго, Аўчыннік выбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, з гонарам носіць урадавыя ўзнагароды: ордэн Пашаны, медаль «За працоўную доблесць», ён — заслужаны работнік прамысловасці краіны. Ведаю, да юбілею ў  Уладзіміра Мітрафанавіча будуць яшчэ ўзнагароды.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter