Калі б магла гаварыць пажарная каланча...

СЕМДЗЕСЯТ гадоў таму, 28 верасня 1943 года, з кожнай радыёкропкі Савецкага Саюза даносіўся магутны голас Юрыя Левітана: «На магілёўскім напрамку нашы войскі працягвалі развіваць наступленне і авалодалі горадам Мсціслаў, а таксама занялі больш за 500 іншых населеных пунктаў».

Пра гераічныя і трагічныя старонкі вайны ўзгадвалі на Мсціслаўшчыне праз 70 гадоў пасля вызвалення

СЕМДЗЕСЯТ гадоў таму, 28 верасня 1943 года, з кожнай радыёкропкі Савецкага Саюза даносіўся магутны голас Юрыя Левітана: «На магілёўскім напрамку нашы войскі працягвалі развіваць наступленне і авалодалі горадам Мсціслаў, а таксама занялі больш за 500 іншых населеных пунктаў».

На магілёўскім напрамку

Аператыўная зводка за гэты дзень дае крыху больш падрабязную інфармацыю: «На магілёўскім напрамку праціўнік імкнецца замацавацца на выгадных рубяжах. Але пад націскам нашых войскаў вымушаны пакідаць адну пазіцыю за другой. Развіваючы наступленне, нашы войскі занялі больш за 500 населеных пунктаў, у тым ліку Мсціслаў, Клімавічы, Касцюковічы. Байцы хутка рухаліся наперад і разграмілі полк нямецкай пяхоты. Захоплены вялікія трафеі, у тым ліку 26 гармат, склад боепрыпасаў, склады з зернем і вайсковай маёмасцю».

Такім чынам, 28 верасня назаўсёды засталося ўпісаным у гісторыю Мсціслава як дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вызвалілі яго войскі Заходняга фронту ў час Смаленска-Раслаўльскай наступальнай аперацыі, уваходзіўшыя ў склад 49-й арміі 344-й стралковай дывізіі пад кіраўніцтвам палкоўніка Страхава ва ўзаемадзеянні з 196-й танкавай брыгадай, якой кіраваў падпалкоўнік Духоўны, і 54-м гвардзейскім мінамётным палком маёра Лаўрыновіча.

Але перш чым свята вызвалення прыйшло на мсціслаўскую зямлю, яе сынам і дачкам прыйшлося шмат чаго зведаць і вытрываць. Два гады і 75 дзён працягвалася фашысцкая акупацыя. На франтах Вялікай Айчыннай ваявалі 15 тысяч жыхароў раёна, амаль палова з іх так і не вярнулася дадому. 1645 чалавек мірнага насельніцтва знішчаны фашысцкімі карнікамі, 866 юнакоў і дзяўчат звезены на прымусовую працу ў Германію. Дзве вёскі — Ракіціна і Шамава — дашчэнту спалены з усімі жыхарамі.

Расстраляныя чырвонаармейцы

Нягледзячы на тое, што мінула больш за сем дзесяцігоддзяў, час падкідвае ўсё новыя страшныя пасведчанні вайны. Літаральна два гады таму пры правядзенні будаўнічых работ па пашырэнні вытворчай плошчы мсціслаўскага масларобча-сыраробчага камбіната, будаўнікі, якія пракладвалі каналізацыю, натыкнуліся на чалавечыя астанкі — коўш экскаватара падняў іх разам з грунтам.

Будаўнікі паведамілі пра жахлівую знаходку ў ваенны камісарыят. Для правядзення пошукавых работ ны месца прыбыў 52-і асобны пошукавы спецыялізаваны батальён Міністэрства абароны Беларусі. У выніку паднялі астанкі 185 чалавек.

Праведзеная судова-медыцынская экспертыза паказала, што астанкі належаць выключна мужчынам ва ўзросце 18—40 гадоў. У іх чэрапах меліся адтуліны ад куль, некаторыя косці нават абвугліліся. Верагодна, трупы аблівалі нейкім гаручым і падпальвалі. Побач знойдзена шмат нямецкіх гільз часоў Другой сусветнай вайны.

Астанкі належалі менавіта ваеннапалонным, а не мясцоваму насельніцтву. Але хто гэтыя людзі? Калі і як яны загінулі?

Паколькі дакументальных звестак пра забойства гэтых людзей знайсці не атрымалася, удзельнікі пошукавага батальёна звярнуліся за дапамогай да жыхароў раёна. І, супаставіўшы іх успаміны з наяўнымі гістарычнымі звесткамі, прыйшлі да высновы, што расстраляныя чырвонаармейцы маглі быць ваеннапалоннымі, якія будавалі ў чэрвені—верасні 1941 года ўмацаванні непадалёк ад вёскі Пячкоўка, дзе стаяў нямецкі 4-ы армейскі зборна-перасыльны пункт.

Сведкі расказвалі, што аднойчы бачылі, як немцы пагналі кудысьці ваеннапалонных, але вырашылі, што іх адпраўляюць на працу ў бок Крычава. Страшэнная праўда адкрылася толькі праз 70 гадоў: насамрэч шлях іх скончыўся зусім недалёка ад лагера. Назаўсёды.

Пазней, калі пошукавыя работы і даследаванні закончыліся, астанкі 185 савецкіх ваеннапалонных урачыста перазахавалі ў брацкай магіле ў гарадскім скверы Мсціслава.

На дзецях фашысты «эканомілі» кулі...

Гінулі не толькі ваеннапалонныя. Мсціслаў быў акупіраваны 14 ліпеня 1941 года, і адразу ў буйных населеных пунктах раёна, былых цэнтрах сельскіх Саветаў — Шамава, Курманава, Ходасах і іншых — размясціліся валасныя ўправы, пры іх — нямецкія гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. У самім Мсціславе гітлераўцы размясцілі ваенную камендатуру і палявую жандармерыю. Установы культуры і школы сталі выкарыстоўваць пад казармы.

Пачаліся арышты і забойствы. Першымі ахвярамі сталі партыйныя, камсамольскія і дзяржаўныя актывісты, сем’і армейскіх камандзіраў і палітработнікаў. Былі расстраляныя старшыні сельскіх Саветаў і некаторых калгасаў з сем’ямі. Пакаранні праводзіліся на вачах у мясцовых жыхароў, у гарадскім скверы, а пасля на плошчы ля пажарнай каланчы.

Не менш жорстка абыходзіліся захопнікі з яўрэйскім насельніцтвам. Над ім чынілі расправу ў першую чаргу. Толькі ў адзін дзень, 15 кастрычніка 1941 года, на заходняй ускраіне Мсціслава, у яры паміж Троіцкай і Замкавай гарамі, расстраляна 600 яўрэяў. Жывых людзей прымушалі распранацца, класціся ў яму тварам уніз, пасля чаго каты хадзілі па радах і стралялі ў патыліцу. Наступных прымушалі класціся на целы толькі што забітых людзей. Маленькіх дзяцей на вачах у матуль білі адзін аб аднаго — каб эканоміць кулі. Немаўлят падкідвалі ўверх і лавілі на штыкі…

Беларусы, як маглі, выратоўвалі суседзяў-яўрэяў. Так, у ноч пасля расстрэлу жанчына дапамагла выбрацца з-пад целаў моцна параненаму 56-гадоваму мужчыну і пераправіла яго да партызан. Дзвюх дачок мясцовага фатографа ў дзень расстрэлу схавала ў сябе дома маці іх школьных сябровак, сясцёр Ганны і Ніны Васільевых. Пад гэтымі імёнамі дзяўчынак пераправілі з Мсціслава, але пасля яны былі адпраўлены на працу ў Германію.

Спроб дапамагчы з боку сяброў і суседзяў было значна больш, аднак далёка не ўсе яны заканчваліся шчасліва. Так, дзеці сям’і Скулановічаў дапамагалі хавацца 76-гадоваму садоўніку Яўсею Смаляку, але, па словах сведкаў, паліцай высачыў старога і, выцягнуўшы яго са схованкі, расстраляў на месцы.

Здаралася, выратаванне прыходзіла адтуль, адкуль і не чакалі: адной дзяўчыне немец дазволіў прайсці праз ачапленне, сказаўшы, што тая зусім не падобная да яўрэйкі, другі раз жанчына з двухгадовым сынам па дазволу немца схавалася ў хаце і збегла праз акно ў сад.

Супраціўлялася насельніцтва акупантам і адкрыта. Мужчына, якога прымусілі ў дзень пакарання капаць магілы, забіў рыдлёўкай немца-канваіра, іншыя выкрыквалі катам праклёны. Ужо з восені 1941 года ў Мсціславе дзейнічала падполле: перапраўлялі да партызан параненых, вызвалялі моладзь ад адпраўкі ў Германію.

Паліцаяў на базарнай плошчы павесіць!

Пазбавіўшыся фашысцкага гнёту, народ марыў пра помсту. Таму суды над тымі, хто садзейнічаў фашыстам, пачаліся задоўга да заканчэння вайны. Так, захаваліся выпіскі з пратакола пасяджэння ваенна-палявога суда 58-й стралковай дывізіі, які адбыўся 10—11 кастрычніка 1943 года ў вёсцы Шамава.

У іх пазначана: «Іван Пазнякоў, калі быў бургамістрам мястэчка Шамава, рабаваў і здзекаваўся з усіх жыхароў. 2 лютага 1942 года ў Шамава прыбыў нямецкі афіцэр Краўзэ з камандай карнікаў. Па яго загаду Пазнякоў аб’явіў яўрэям сабрацца з рэчамі для перасялення ў мястэчка Расна. Калі ўсе яўрэі — каля 450 чалавек — сабраліся ў двары валасной управы, немцы і паліцаі сталі іх выводзіць групамі па 30—40 чалавек на яўрэйскія могілкі, што за метраў 500 на паўночны ўсход ад мястэчка, і там расстрэльваць у старой глыбокай канаве. Стралялі ўсю ноч. Абвінавачваны Пазнякоў паказаў, што ў маленькіх дзяцей не стралялі, а кідалі голымі на снег, і яны там замярзалі. Тое ж самае пацвердзілі ў судовым пасяджэнні сведкі, якіх наступнай раніцай прыгналі закопваць трупы: многія дзеці былі без раненняў, а проста замёрзлыя. Пасля расстрэлу Краўзэ загадаў ачапіць могілкі, каб ніводны выпадкова ўцалелы не мог выратавацца. Раніцай п’яныя паліцаі дзялілі паміж сабой рэчы забітых».

У паказаннях сведкаў значацца звесткі пра некаторых загінуўшых: Бас Лейб, яго жонка і трое дзяцей, Руман Жак, яго жонка, бацька, маці, малое дзіця, Казаматнікаў, яго жонка і шасцёра дзяцей…

Тут жа прыводзіцца і прысуд, вынесены паліцаям: Івана Пазнякова, Дзмітрыя Баброўскага, Паўла Шаўцова — да павешання, Аляксандру Ланько — 20 гадоў катаржных работ. Усяго на базарнай плошчы Мсціслава па прысуду ваенна-палявога суда павесілі чатырох гестапаўцаў і некалькі паліцаяў, але большасць з іх была адпраўлена на катаргу.

Аднак не ўсе вінаватыя ў катаваннях мясцовага насельніцтва асуджаны адразу, некаторыя здолелі «згубіцца» на прасторах вялікай краіны. У горадзе добра памятаюць гісторыю пра тое, як аднойчы жыхар Мсціслава, калі быў на Украіне, убачыў на Дошцы гонару адной з шахт Данецкай вобласці партрэт камандзіра паліцэйскай роты Ярмоленкі. На той час пасля вайны прайшло ўжо больш за дзесяць гадоў. Аднак справядлівае пакаранне здрадніка ўсё ж адбылося, хаця і значна пазней, чым магло быць.

НА ЖАЛЬ, сёння ўсё менш застаецца тых, хто мог бы расказаць нашым сучаснікам  пра ўсё тое, што здолелі перажыць жыхары Беларусі ў час вайны. Мсціслаў — не выключэнне. Ужо амаль няма ні воінаў, якія вызвалялі горад, ні сведкаў тых падзей. Сёння ў раёне пражывае толькі 44 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Самаму малодшаму з іх — 86 гадоў…

Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»

Фота Наталлі МАНУСАВАЙ

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter