Калі б і хлебаробы так працавалі...

У ААТ «Чэрэсы» Міёрскага раёна ля самай шашы на Полацк убіралі авёс. Калі ў іншых месцах нярэдка скардзяцца, што гэта культура сёлета не апраўдала сябе, то тут, наадварот, ёсць на што паглядзець: і высокі, і колас даволі важкі, каля 30 цэнтнераў на круг.

У ААТ «Туркова» Міёрскага раёна абслугоўваючая арганізацыя больш месяца не можа памяняць кандыцыянеры ў трактарах

У ААТ «Чэрэсы» Міёрскага раёна ля самай шашы на Полацк убіралі авёс. Калі ў іншых месцах нярэдка скардзяцца, што гэта культура сёлета не апраўдала сябе, то тут, наадварот, ёсць на што паглядзець: і высокі, і колас даволі важкі, каля 30 цэнтнераў на круг.

За штурвалам камбайна знаходзіўся Мікалай Грэцкі:

— Сам я мясцовы, — гаворыць ён пра сябе. — Быў на трактары, але два тыдні назад захварэў камбайнер, і мне прапанавалі яго падмяніць. Усё нармальна. Вось толькі збажына месцамі палегла. Прыходзіцца ўбіраць на першай перадачы...

У гаспадарцы на жніве — пяць камбайнаў. Адзін з іх, «Ліда», заняты на прысядзібных участках.

— Трэба дапамагаць лю- дзям. Хто ж гэта зробіць, калі не мы? — падкрэслівае выконваючая абавязкі дырэктара Ганна Колбун. — За адну сотку бяром усяго тры тысячы рублёў, каб толькі акупіць гаручае.

Трэба зазначыць, што працаўнікі палёў у гэтыя вельмі напружаныя дні адпачываюць па некалькі гадзін у суткі, аддаюць усе сілы, каб сабраць вырашчанае і закласці ўраджай будучага года. На жаль, не заўсёды яны знаходзяць належную падтрымку ў абслугоўваючых арганізацыях.

— У нас яшчэ напярэдадні ўборачнай выйшла са строю 5 кандыцыянераў: на двух камбайнах КЗС-10, двух трактарах МТЗ-3022 і на камбайне КВК-800, — патэлефанаваў у карпункт газеты галоўны інжынер ААТ «Туркова» Іосіф Шульга. — Звярнуліся за дапамогай у мінскае ТАА «Газрэсурс», арганізацыю, якая займаецца гэтымі пытаннямі. Яшчэ 18 ліпеня пералічылі ёй 16 мільёнаў 999 тысяч рублёў на запраўку кандыцыянераў. Іх спецыялісты прыехалі, кандыцыянеры заправілі і сказалі, што трэба яшчэ запчасткі, якіх не маюць з сабою. Мы заключылі яшчэ адну дамову на іх рамонт і пералічылі ТАА «Газрэсурс» яшчэ 5 мільёнаў 580 тысяч рублёў. Пасля некалькіх тэлеграм прыехаў прадстаўнік ужо другой фірмы — ТАА «Юліком Сэрвіс», нанятай «Газрэсурсам». Агледзеў кандыцыянеры і сказаў, што іх трэба мяняць. Пішыце заяўку, пералічвайце грошы! Месяц прайшоў у гэтай валакіце, а канца яе не бачна.

Фота аўтара

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter