Ветеран Вера Сочалина – про огненные пути-дороги связистов, косу в солдатской сумке и судьбоносную встречу

«Каханне нельга забіць»

З Верай Iванаўнай Сачалiнай я пазнаёмiўся ў сярэдзiне кастрычнiка мiнулага года ў Гомельскiм абласным клiнiчным шпiталi iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны. Заў­важыўшы на яе кофтачцы ордэн­скiя планкi, спытаў:

— Ваявалi?

— Са жнiўня 1941-га да канца вайны. Да Берлiна дайшла. 

Пасля ў нас было некалькi сустрэч, i я запiсаў успамiны франтавiчкi аб тых жудасцях, калi вакол усё крушылася i, здавалася б, у чалавека не было шанцаў выжыць.

Сярод узнагарод Веры Iванаўны — ордэн Чырвонай Зоркi, медалі «За баявыя заслугi», «За ўзяцце Кёнiгсберга».
Фота Дзмiтрыя Чарняўскага

На курсах тэлеграфiстаў

— Родам я з вёскi Рудня, што ў Жыткавiцкiм раёне, — расказвала Вера Iванаўна, — але зараз жыву ў Гомелi. Бацьку свайго нiколi не бачыла, бо як паехаў ён у 1923 годзе на заробкi ў Амерыку, дык так i не вярнуўся. А ўсе клопаты аб сям’i леглi на плечы мацi Кацярыны Фёдараўны, якую замуж аддалi ў 15-гадовым узросце. Я ў сям’i была самая малодшая i пасля сямiгодкi паступiла на курсы тэлеграфiстаў-тэлефанiстаў у райцэнтры. На свята 8 Сакавiка 1941 года мяне ў сваю кампанiю запрасiлi старэйшыя сяброўкi, дзе я пазнаёмiлася з маладым афiцэрам з вайсковай часцi — старшым лейтэнантам Цiханам Марчанкам. 

А ўжо напярэдаднi 1 мая 1941 года маладая пара распiсалася ў сельсавеце. Iх шчасце было нядоўгiм: старшы лейтэнант на пачатку вайны апынуўся на заходняй мяжы, трапiў у палон да фашыстаў i быў расстраляны. 

Шумеў сурова бранскi лес

…Фашысты захоплiвалi адзiн населены пункт за другiм, i тады ў райцэнтры Палескай вобласцi паступiла распара­джэнне: усю тэлеграфна-тэлефонную тэхнiку даставiць у Калiнкавiчы, куды павiнны былi прыехаць сувязiсты 3-й Армii i iншых вайсковых часцей, якiя выходзiлi з акружэння. Веры Марчанка, якой давялося дастаўляць тую тэхнiку, сказалi: табе няма васямнаццацi гадоў, таму едзь дадому.

— Я камсамолка! — заўпарцiлася дзяўчына. — Нiкуды не паеду! Запiшыце ў дабравольцы.

Ваенкаматаўцы так i зрабiлi. У Калiнкавiчах быў створаны 109-ы асобны полк сувязi 3-й Армii. У iм налiчвалася больш як паўтысячы чалавек, з якiх да 115 — жанчыны. Адны з iх былi прызваны па мабiлiзацыi, iншыя з’яўлялiся дабравольцамi. Галоўнымi задачамi палка было наладжванне бесперабойнай сувязi са Стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання, Генеральным штабам, штабамi фронту, тылавiкамi, камандаваннямi вайсковых злучэнняў, карпусамi, дывiзiямi, батальёнамi i г. д.

— Самым цяжкiм, — уздыхае Вера Iванаўна, — быў выхад з акружэння, у якое 3-я Армiя трапiла ў другi раз у раёне горада Трубчэўска. У бранскiя лясы мы ў вераснi дабiралiся з Калiнкавiч праз Чарнiгаўскую вобласць, пера­праў­ляю­чыся праз вялiкiя i малыя рэкi. У жанчын-сувязiстак нiякай ваеннай зброi не было. Як i спецыяльнага абмундзiравання. Мы былi апрануты хто ў што. Праўда, пазней нам выдалi мужчынскае абмундзiраванне, якое мы прыстасоўвалi на свой лад i ў якiм адчувалi сябе нязручна. 

Па дарозе на Браншчыну часта траплялi пад бамбёжкi нямецкiх самалётаў i артылерыйскiя абстрэлы ворага. Магчымасцi транспарту для перавозкi нашай спецыяльнай апаратуры былi абмежаваныя, таму мы, сувязiсткi, рухалiся групкамi, пехатой, збiраючы па дарозе грыбы ды ягады, бо з-за тых бамбёжак ад нас адсталi абозы з харчам. 

Калi дайшлi да Трубчэўска, высветлi­ла­ся, што разгортваць вузлы сувязi давядзецца пад пастаяннымi бамбёж­камi. Вельмi важна было тады найбольш эфектыўна расставiць абмежаваную колькасць дзяўчат-сувязiстак па рабочых кропках, бо хто-нiхто з iх загiнуў. Тэлеграфiстка-марзiстка Вера Марчанка падтрымлiвала тэлеграфную сувязь са 137-й дывiзiяй, а яе сяброўкi Нiна Новiкава i Валя Баравiк — з 283-й i 269-й дывiзiямi. Цяжкасцi i нязручнасцi былi i ў тым, што з-за абстрэлаў i бамбёжак ворага сувязiстам раз-пораз даводзiлася мяняць свае пазiцыi i разварочваць апаратуру ў iншых месцах.

Разам з мужам Вера Iванаўна выгадавала трох дачок.

Бамбёжкi

Вера Iванаўна прыгадала такi выпадак. 

— Здаралася, што сувя­зiс­ты знахо­дзi­лiся за кiламетр-паўтара ад варожых пазiцый i снарады цi бомбы рвалiся побач. Аднойчы мы ехалi на машыне разгортваць вузел сувязi. А тут зверху самалёт пачаў скiдваць бомбы. Спынiлiся — i ў траншэю, што за дзесяць метраў ад дарогi, кiнулiся. А там — некалькi фрыцаў. Убачылi нас i з перапуду сiганулi прэч. 

Падчас адной бамбёжкi загiнулi камандзiр палка сувязi Iосiф Груша, намеснiк начальнiка сувязi Армii Мiкалай Нiкалаеў i яфрэйтар (прозвiшча яго Вера Iванаўна не памятае). Iх целы не былi знойдзены, таму што бомба вялiкай разбуральнай сiлы трапiла прама ў блiндаж, у якiм яны знаходзiлiся.

— Падобнае магло б здарыцца i са мной, — прызнаецца Вера Iванаўна. — Сваю прыгожую адрэзаную касу я заўсёды насiла з сабой у салдацкай сумцы. А ў той раз пакiнула яе ў зямлянцы, i падчас бамбёжкi, калi мы хавалiся ў акопе, я памкнулася вярнуцца па яе. Добра, што дзяўчаты адгаварылi. Бомба разнесла зямлянку ўшчэнт. Дагэтуль памятаю прозвiшчы радыстаў i тэлеграфiстаў палка, якiя загiнулi падчас вайны: Атар Цэрэтэлi, Уладзiмiр Рахманаў, Аляксандр Чыкiн, Хабiбул Хабiбулiн, а многiя сувязiсты атрымалi цяжкiя раненнi… 

Калi летам 1942 года полк папоўнiўся выпускнiкамi вучылiшчаў i курсаў сувязi, Вера Марчанка разам з iншымi вопытнымi сувязiстамi дапамагала iм асвоiцца ва ўмовах франтавой абстаноўкi. У гэты ж час сувязiсткi пачалi атрымлiваць форменнае жаночае абмундзiраванне i карабiны з 45 патронамi для магчымай абароны ад фашыстаў. Iх вучылi страляць, кiдаць гранаты, хадзiць строем i асвойваць iншыя спецыяльнасцi.

Сама ж Вера Iванаўна авалодала ПКШ (пiсталетам-кулямётам сiстэмы Шпагiна). У сакавiку 1942 года яна была адзначана першай урадавай узнагародай.

129-ы полк сувязi ў складзе 3-й Армii ўдзельнiчаў у Курскай бiтве, найбуйнейшай аперацыi пад назвай «Баграцiён» па вызваленнi Беларусi, ваяваў у Польшчы i Германii, калi савецкiм воiнам скарыўся Кёнiгсберг i пачалася Берлiнская аперацыя. Пасля заканчэння яе па загадзе Стаўкi Вярхоўнага Галоўнакамандавання асабовы склад палка сувязi пешаходным двухмесячным маршам пераадолеў адлегласць у паўтары тысячы кiламетраў з Германii ў Мiнск, дзе ўлiўся ў вучэбны полк сувязi. На гэтым i скончылiся вогненныя шляхi-дарогi старшага сяржанта Веры Iванаўны Марчанка, узнагароджанай ордэнам Чырвонай Зоркi, медалямi «За баявыя заслугi», «За ўзяцце Кёнiгсберга», «За перамогу над Германiяй у Вялiкай Айчыннай вайне». 

— Вера Iванаўна, не паверу, калi скажаце, што ў вашым палку сувязi не было кахання…

— I правiльна зробiце. Бо жыццё ёсць жыццё. Каханне нельга нi забiць, нi затаптаць, нi забаранiць. Мне, напрыклад, спадабаўся камандзiр узвода нашага палка капiтан Аляксей Сачалiн, якi ўдзельнiчаў у фiнскай вайне. Я яму — таксама. I мы ажанiлiся пасля вайны, выгадавалi трох дачок. 

Пасля вайны Сачалiны жылi i пра­ца­валi ў Мiнску, Гродне, Нясвi­жы i ў рэшце рэшт пераехалi ў Жыткавiчы, дзе Аляксей Васiльевiч 28 гадоў узначальваў раённы вузел сувязi, а Вера Iванаўна працавала тэлеграфiсткай. 

P. S. Калi матэрыял быў падрыхтаваны да друку, мне патэлефанавала дачка Веры Iванаўны Ала Аляксееўна Сухарава з сумным паведамленнем: яе мацi не стала. Не дажыла да векавога юбiлею чатыры гады. 

Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter