За плячыма веды не насіць, лічыць верхнядзвінскі трактарыст Анатоль Гушчык

Каханавiцкi арол

СЯРОД лідараў жніва на Верхнядзвіншчыне — механізатар КУВСГП “Каханавічы” Анатоль ГУШЧЫК. На КЗС-1218 намалаціў больш за 1200 тон збажыны. Нарадзіўся на Бягомльшчыне, дзяцінства прайшло на цаліннай зямлі Казахстана, сярэднюю школу закончыў на Віцебшчыне і працягнуў справу бацькі — сеў за руль.

Пачынаў  працоўную  дзейнасць  калгасным шафёрам, працаваў на трактары, асвоіў розныя сель- гасмашыны. Вясною рыхтуе глебу пад сяўбу, апрацоўвае пасевы прэпаратамі. У жніво кіруе зернеўборачнай тэхнікай. Неаднаразова выходзіў пераможцам сярод камбайнераў гаспадаркі і Верхнядзвінскага раёна, адзначаўся ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама  прэміямі. Чалавек года Віцебшчыны-2015.


БЯГОМЛЬСКУЮ вёсачку Азярцы, больш падобную на хутарок, з усіх бакоў акружалі стромкія сосны. У ваенны час аблавы на партызан лясны гушчар ратаваў тутэйшых жыхароў ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Многія навакольныя вёскі карнікі знішчылі, а 44 мірныя жыхары суседняй Дальвы спалілі жывымі. Імёны ахвяр выбіты на пліце мемарыялу, які паўстаў на месцы неадроджанай вёскі. 

Цудам уцалелі маленькія Азярцы, хоць сяляне і падтрымлівалі народных мсціўцаў. Пасля вызвалення савецкімі войскамі мясцовасці ад гітлераўцаў  вяскоўцы вярнуліся з лесу. З дачкой і сынам прыйшла ў сваю хаціну і Палашка Гушчык. Разам з іншымі жанчынамі працавала ў паляводчай брыгадзе. Дзеці выраслі, свае сем’і займелі. Дачка Ніна паехала вучыцца ў Мінск і там пазнаёмілася з маладым уйгурам Абішам Айсабакеевым і выйшла за яго замуж. Жывуць на радзіме Абіша ў пагранічным з Кітаем горадзе Панфілаве. 

Сын Канстанцін стаў механізатарам. Прывёў у бацькоўскую хату маладую гаспадыню Леаніду Самусёнак з верхнядзвінскай вёскі Кісялі. Маці парадавалася нявестцы. Першынцу маладыя далі імя Анатоль, а праз два гады яшчэ адзін хлопчык нарадзіўся. Шчаслівая Палашка песціла маленькіх ўнукаў. 

Нялёгка жылося. У канцы года калгаснікі на заробленыя працадні атрымлівалі натураплату. Пяць азярцоўскіх сямей вырашылі адправіцца на асваенне цалінных зямель у далёкую Карагандзінскую вобласць. Адважыліся на пераезд і Гушчыкі. 

Занепакоеная рашэннем сына і нявесткі Палашка спешна пякла хлеб.
 АнатольГУШЧЫК.1978 год.


Спакавалі спажыткі і з маленькімі дзецьмі адправіліся ў невядомы цалінны край. Амаль тыдзень дабіраліся ў аддалены куток Казахстана, дзе перасяленцам выдзелілі жыллё. Канстанцін прыняў гусенічны трактар, а Леаніда дома выхоўвала дзяцей. 

Не ўтрымалася ў апусцелых Азярцах адзінокая Палашка. Звяла гаспадарку, зачыніла хату і прыехала ў цалінны край, дзе сцюдзёнаю зімою сумёты замяталі дамы да самага даху. Каб дагледзець у хляве жывёлу, у снезе пракладвалі тунэль.

— Сена загадзя складалі на даху хлява, каб пасля снегавых заносаў лягчэй было даставаць для каровы, — узгадвае цаліннае жыццё Анатоль Гушчык. — Пасля завеі прачыналіся ў поўнай цемры. Вокны мазанкі засыпала снегам. У гаспадарцы будаваліся жылыя дамы, і нам выдзелілі кватэру ў адным з іх. У сцюдзёныя дні ў школе адмянялі заняткі.

Вясною хутка ажывала стэпавая прастора, напаўнялася гулам рухавікоў трактароў. Пачыналася сяўба. Бацька выводзіў трактар у загонку. Мы амаль што яго ў такія дні не бачылі. За вялікае шчасце было для мяне, калі ён браў з сабою ў поле. Бясконцымі здаваліся доўгія загонкі. Гусенічны трактар роўна рухаўся па цаліне, пакідаючы за сабою пласты раллі. На тэхніцы ў полі шчыравалі перасяленцы з розных куткоў былой вялікай краіны.

Маці працавала ў дзіцячым садку, а калі нарадзіўся яшчэ адзін брацік, упраўлялася па гаспадарцы. Ёй дапамагала бабуля Палашка, а мне даручалі глядзець маленькага Мішку. Доўга на цаліне мы не затрымаліся. Як я закончыў трэці клас, мы вярнуліся на Віцебшчыну. 

— А чаму не ў Азярцы, што каля Бягомля?

— Там ужо ні аднаго жыхара не засталося. Вёска знікла. Нас запрасіў да сябе мамін стрыечны брат Леанід Завадскі, які працаваў трактарыстам на Верхнядзвіншчыне. Да яго мы і накіраваліся. Цягніком праз Курган і Куйбышаў даехалі да Масквы. Калі пераязджалі на Беларускі вакзал, здзівіў сталічны тлум, бясконцы натоўп людзей. На пскоўскай чыгуначнай станцыі Себеж нас сустрэў на калгасным грузавіку Леанід Іванавіч і прывёз да сябе ў хату.

Бацьку запрашалі на працу ў суседнія гаспадаркі, але ён застаўся трактарыстам у Каханавічах. Цеснавата было двюм сем’ям у невялікай вясковай хаце. Кіраўніцтва гаспадаркі нам выдзеліла пакойчык у двухпавярховым жылым доме каля калгаснай канторы. Маці стала даяркай. З сярэднім братам мы дапамагалі ёй на ферме. А калі нарадзілася сястрычка, глядзелі яе. З намі жыла і бабуля Палашка. У час школьных канікулаў не сядзелі без справы. Працавалі на калгасным збожжатаку.

— У старэйшых класах вясковых школ навучэнцы атрымлівалі сельскагаспадарчую прафесію. У вас такая магчымасць была?

— Трэба было ездзіць у вучэбна-вытворчы камбінат у Верхнядзвінск. Правы шафёра я атрымаў на курсах ДТСАФ. З атэстатам сталасці бацька прымусіў паступаць у Ленінградскае вышэйшае ваеннае вучылішча. А мяне вабіў футбол. З малых гадоў ім захапляўся, і добра атрымлівалася. Разам з сябрамі Віктарам Манько і Валодзяй Яскевічам павезлі дакументы ў Пушкін. Нас пасялілі ў казарму, і ў першы дзень ваенныя дзяжурныя зрабілі заўвагу за беспарадак на ложку. Другую заўвагу атрымалі перад экзаменамі, калі без дазволу паехалі паглядзець на Ленінград. Жаданне быць ваенным у мяне адпала.

— Але дакументы ўжо здадзены, і вас чакалі ўступныя экзамены. Як вытрымалі іх?

— З нас траіх толькі Віктар Манько быў настроены на паступленне. Але ў яго не хапіла ведаў. І Валодзя не здаў экзамен па матэматыцы, а я схапіў тройку, і праз некалькі дзён застаўся пісьмовы экзамен па рускай мове і літаратуры. А перад ім трэба было прайсці медыцынскую камісію, дзе я наўмысна пажаліўся на дрэнны зрок. Урач праверыў мой зрок і сказаў, што ўсё ў норме. Тады шчыра прызнаўся, што хачу працаваць у калгасе. 

— Вярнуліся дамоў?

— У раённым ваенкамаце мяне крыху пажурылі. Пайшоў у будаўнічую брыгаду калгаса.  На аўтамашыне вазіў салдат на вучэнні. Пра мяне пісалі ў аркужной ваеннай газеце “Во славу Родины”. Праз два гады вярнуўся, і дырэктар каханавіцкага саўгаса Дзмітрый Клім прапанаваў сесці за руль старэнькай ГАЗ-59. Перавозіў збожжа, іншыя грузы. Больш рамантаваў, чым ездзіў. Працаваў і ў райсельгастэхніцы. Бацькам дапамагаў.

Вечарамі каханавіцкая моладзь збіралася ў клубе. Там прыкмеціў ладную незнаёмку. Запрасіў на танец і даведаўся, што прыехала з Верхнядзвінска ў госці да маёй аднакласніцы Любы Маліноўскай. Праз тры месяцы ў вясковым кафэ, што на беразе рэчкі, згулялі вяселле. 

— Не зманіла вас нявеста ў горад?

— Браты ўжо раз’ехаліся. Сястра, бабуля Палашка і бацькі засталіся ў доме. Бацькі пакойчык выдзелілі, а праз паўгода атрымалі кватэру. Дзве дачкі мы з жонкаю выхавалі, дапамаглі атрымаць адукацыю. Старэйшая Жана настаўнічае ў Оршы. Сваю сям’ю мае. Дзве ўнучкі, Настасся і Паўлінка, падрастаюць. Дзесяцігадовая Настасся паспяхова саліруе на конкурсах у Оршы і Віцебску. 

Малодшая дачка Алёна закончыла тэхнікум, выйшла замуж і вярнулася ў Каханавічы. Зяць знайшоў сабе тут занятак. Унук Уладзік стаў школьнікам. Чакаем хутка яшчэ папаўнення. 

— Анатоль Канстанцінавіч, вы атрымалі тытул “Чалавек года Віцебшчыны”. Чакаеце яшчэ аднаго ўнука. Які багаты на прыемныя падзеі год!

— Не толькі для нашай сям’і, але і ўсёй гаспадаркі! Паспяхова справіліся са жнівом. Праўда, летась я намалаціў амаль на 600 тон збожжа больш і выйшаў пераможцам у раённым спаборніцтве. Да жніва дзень у дзень на трактары МТЗ-892 даглядаў пасевы. Шырыня захвату агрэгата 24 метры, і за дзень паспяваў апрацаваць да 120 гектараў пры норме 80. На хімічнай праполцы належыць па 6 гадзін у суткі працаваць, а я ў два разы больш за рулём. 

Майму трактару 15 гадоў. Рухавік яшчэ ні разу не падводзіў. Зімою ў час рамонту самастойна  памяняў паршнявыя. І камбайн старанна рыхтаваў. Не падвёў ён мяне. Пятнаццатае жніво правёў. Першыя гады ўбіраў на лідскім камбайне, а трэці сезон перасеў на больш магутны гомсельмашаўскі КЗС-212. Са жнівом справіліся. Азімыя спяшаліся ў тэрмін пасеяць. З раніцы да вечара ў полі.

— На хатнія справы часу не застаецца?

— Упраўляецца жонка Галіна Фёдараўна. З намі жыве і цесць Фёдар Фёдаравіч. Выпрацаваўся за 86 гадоў сялянскага жыцця. Хатняя гаспадарка ў нас моцная. Раней трымалі тры каровы, а цяпер адну. У Паненкі малако тлустае і смачнае. Летам па дваццаць літраў штодня прадавалі — выгадна! Сенам забяспечвае гаспадарка. Бычок, пяцёра вепручкоў, два дзясяткі бройлераў, шмат курэй-нясушак на падворку. На прысядзібных дзесяці сотках вырошчваем гародніну, а ў полі на сарака сотках — і бульбу. 

Кожную восень у гаспадарцы выдаюць збожжа. Летась атрымаў больш як тры тоны, і сёлета не менш будзе. Фуражом падворак забяспечаны. 

Летам у госці прыязджалі швагры з Латвіі. Дом у нас прасторны: чатыры пакоі, прыхожая і кухня. Мы яго атрымалі ад гаспадаркі, прыватызавалі і дабудавалі. 

— Заробкі дазваляюць размахвацца і на будоўлю?

— У сезон па дваццаць мільёнаў зарабляю. Дзе такія грошы яшчэ можна атрымаць? Не лянуйся — і будзеш годна жыць у вёсцы. Дзякуючы добрым заробкам дах перакрыў, сайдынгам абіў дом. Дзецям яшчэ дапамагаю.

— На вашых вачах вясною ажывае поле. Зараз гаспадарыць восень. Які час года больш любіце?

— У дзяцінстве чакаў зімы, каб у хакей пагуляць, на лыжах пахадзіць. І цяпер спорт люблю. За зборную калгаса па футболу выступаў. Атрымаў траўму, перанёс аперацыю. Вясною еду па полі, а ўсё навокал пачынае зелянець! Ад пачуццяў не ўтрымаюся і заспяваю за рулём, а калі і заплачу. Цяжка перажыў страту бацькі. Ён для мяне — эталон. 

— У тым, што сталі чалавекам года Віцебшчыны, пэўна, заслуга і бацькавага выхавання?

— Безумоўна! Упершыню быў на такой ўрачыстасці ў Віцебску. Выклікалі на сцэну, і старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў ўручыў медаль, букет кветак і грамату. Моцна паціснуў руку і спытаў, ці многа ў нас такіх арлоў у гаспадарцы. Адказаў: “Усе!” 

У Каханавічах першымі мяне віншавалі школьныя настаўніцы Ніна Шапіла, выкладала ў нас гісторыю, і Галіна Галынская, вучыла маіх дачок. 

— Вы класам сустракаецеся?

— Амаль штодня з многімі бачымся. У родных мясцінах засталіся Віктар Манько, Галя Ярмоленка, Коля Глінскі, Міша Забалонскі, Вася Мароз, Валерый Аднапол, Валерый Горбач. Не шкадую і я, што не стаў ваенным. 

Заўважаю, што ўнучок Уладзік цікавіцца тэхнікай. У другім класе вучыцца. Як выдаецца вольны час, любіць на трактары праехаць. Паказваю, як руліць, як некалі бацька мяне вучыў. Хто ведае, як складзецца лёс хлопчыка, а ўмець кіраваць тэхнікай не пашкодзіць. За плячыма веды не насіць.

Уладзiмiр СУБАТ

Верхнядзвінскі раён

Фота аўтара і з сямейнага альбома Анатоля ГУШЧЫКА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter