Унікальны абрад ладзяць у лунінецкім аграгарадку Лобча на другі дзень Тройцы

«Каго Куста мінае, той господар ураджаю нэ маэ»

ЗАЎТРА праваслаўныя вернікі адзначаюць Тройцу. Традыцыйна ў гэты дзень падлогу ў царкве высцілаюць свежаскошанымі травамі альбо галінкамі клёна. Зялёнае ўбранства гэтага ж дрэва выкарыстоўваюць па-свойму жыхаркі аграгарадка Лобча Лунінецкага раёна. На другі дзень аднаго з галоўных хрысціянскіх святаў шмат гадоў запар ладзяць абрад “Ваджэнне Кусты”. Удзельнічаць у ім маюць права  толькі гаспадыні і дзяўчыны, а галінкі клёна становяцца галоўным атрыбутам дзеі. 

Падчас абраду ўдзельніцы спяваюць спецыяльныя песні— куставыя.

Дзе знаходзяцца карані ўнікальнага абраду, які прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі, даведвалася карэспандэнт “СГ”.

68-ГАДОВАЯ Анастасія Якавец ведае пра “Кусту” (так скарочана называюць абрад вяскоўцы) колькі сябе памятае:

— Цяжка вызначыць дакладна, колькі стагоддзяў гэтай традыцыі. З дзяцінства памятаю, як назіралі за нашымі матулямі і бабулямі, якія вадзілі Кусту па вёсцы. Мы, дзеці, памятаю, з-за цікаўнасці мітусіліся каля іх ног, крыху, можа, і заміналі. Атрымалася, што менавіта так і засвоілі абрад: спецыяльна ніхто нікога не вучыў. Цяпер жа запрашаем да ўдзелу і прадстаўнікоў малодшага пакалення: каму як не маладым пераймаць абрад? Па-першае, таму, што вёска пакрысе аджывае свой век, па-другое, таму, што ў свой час унікальны абрад мы ўжо ледзь не забылі. Але, дзякуй Богу, адрадзілі. Традыцыю ўзяў пад сваё крыло народны фальклорны калектыў “Лабчанка”.

Справа ў тым, што самадзейны сельскі ансамбль стварыла ў 1984 годзе Анастасія Якавец. У мінулым яна работнік чыгункі, але ўсё жыццё, як сама кажа, “спявала ў клубе, якія б цяжкія абставіны ні падкідвала жыццё”.

Пачыналася “Лабчанка” з сямі ўдзельнікаў, былі часы, калі ў калектыве займаліся нават цэлымі сем’ямі. Цяпер у ансамблі 14 чалавек. Калі традыцыя “Кусты” стала знікаць з вясковага быцця (адыходзілі старажылы, якія ведалі пра мудрасці абраду), Анастасія Іванаўна прапанавала спраўна сачыць за яе выкананнем і ладзіць свята сваімі сіламі. Удзельнікі “Лабчанкі” кіраўніка падтрымалі. Ну а потым унікальную дзею заўважылі культработнікі раёна і вылучылі на наданне статусу нацыянальнай гістарычнай каштоўнасці.

Карані старадаўняга палескага абраду дахрысціянскія. Ён, па некаторых звестках, яшчэ называецца “Зялёным святам”. “Куста” — гэта своеасаблівая забарона на знішчэнне прыроды, шанаванне дрэва-продка, казалі старажылы. Нашы прашчуры верылі, што душа чалавека пасля смерці можа адрадзіцца і ў дрэве, жывым і зялёным.

Да “Кусты” лабчанскія гаспадыні старанна прыбіраюцца ў хатах. Прычым лічыцца, што смецце з падлогі трэба змятаць менавіта венікам з зялёных галінак клёна. Потым па хаце, нават на дываны і дарожкі, раскладваюць парасткі аеру — ад гэтага ў доме з’яўляецца незвычайны, саладкавата-прыемны пах. Затым гаспадыня гатуе розныя пачастункі, бо ў дзень абраду прынята збірацца ўсімі родзічамі за вялікім сталом. Далікатэсы ці стравы больш простыя — не так важна, што павінна прысутнічаць на стале, аднак абавязковы атрыбут будучага святочнага абеду — яйка. Прычым яго можна як падаваць асобна, так і дадаваць да іншых страў.

АБРАД пачынаецца ў першай палове дня, калі ўдзельніцы збіраюцца ў адной хаце. З клёна робяць вянок і адзежу для Кусты, на ролю якой выбіраюць самую прыгожую, пажадана ўжо заручаную дзяўчыну. Затым разам с Кустай працэсія выходзіць на вуліцу. Цікава: у групе з галоўнай гераіняй дзеі павінна быць няцотная колькасць жанчын і дзяўчын. Узяўшыся пад рукі, яны з песнямі ідуць праз усё сяло. Пасярэдзіне ўпрыгожаная зелянінай Куста.

— Сэнс у тым, каб працэсія зайшла на кожны сельскі падворак, — звяртае ўвагу Анастасія Якавец, — таму што “Ваджэнне Кусты” — гэта пажаданне добрага ўраджаю і прыплоду. У нас на гэтую тэму нават кажуць: “Каго Куста мінае, той господар ураджаю нэ маэ”. Крый Божа, калі не зойдзе Куста на падворак… Мы стараемся да ўсіх завітаць, праўда, апошнім часам, калі сталі ўжо ногі стамляцца, бяром брычку — і паехалі. Спяваем спецыяльныя песні — куставыя. Традыцыя такая, што мы просім абдарыць галоўную гераіню абраду. Гаспадары частуюць хлебам, пірагамі, мёдам, мясам, салам, яйкамі, даюць грошы. Усё спецыяльна рыхтуюць да гэтага дня.

Дзея завяршаецца святочным застоллем. Гаспадыні жадаюць “гэтыя святы адсвяткаваць і праз год ізноў Кусту збіраць”. Жанчыны вераць у лячэбную сілу зеляніны, у якую была апранута галоўная гераіня абраду, і тых галінак клёна, што насілі з сабой. Асаблівасць яшчэ і ў тым, што кожны год да свята рыхтуецца вялікі вянок, які пасля заканчэння абраду захоўваецца ў адной з сельскіх хат. Вешаецца ён у чырвоным куце, пад абразамі. Лічыцца, што вянок, з якім хадзілі па ўсёй вёсцы, збірае негатыў, таму і спальваецца ён (павінен правісець год) менавіта ў ноч на Івана Купалу.

Для ўважлівага аматара традыцый відавочна: абрад “Ваджэнне Кусты” падобны на Каляду. Тлумачыцца проста: раней, у часы паганства, нашы продкі лічылі пачаткам года не Нараджэнне Хрыстова, а вясну — лета. Таму “Куста” і пачынала хлебаробскі год.

ЦІКАВА, што ёсць незвычайная абрадавая прыкмета. Па-першае, у той дзяўчыны, якая выконвае ролю галоўнай гераіні абраду, верагодна, хутка адбудзецца шлюб. Па-другое, калі на працягу другога дня Тройцы лісты на сарваных галінках клёна пасохнуць, то лета будзе сухое.

Лічылася таксама, што знаёмства і сватаўство ў гэты дзень абяцаюць шчасце ў сямейным жыцці. У гэты ж час дзяўчыны праводзілі абрад кумаўства: цалаваліся адна з адной праз бярозавыя вянкі і станавіліся сардэчнымі сяброўкамі. Тым часам у царкве асвячаюць свежыя травы — яны, паводле павер’я, могуць зберагчы дом ад пажару, а сабраныя на свята і высушаныя лечаць хваробы: сіла лекавых раслін у гэтыя дні ўзмацняецца.

Бралі, напрыклад, чабор. Яго клалі ў падушкі для моцнага сну. Жанчыны зашывалі сушаны чабор у ладанку і давалі мужу: лічылася, што ён супакойвае буйных норавам. Палын, па паданнях, “трава праклятая”, адпужвае нечысць ад хаты, не дае заводзіцца мышам. Аер, “анёльская трава”, ці плешнік, як называюць расліну ў Лобчы, дорыць дадатковую энергію, настойкай расліны лячылі зубны боль і запаленні дзяснаў, умацоўвалі валасы. І, вядома ж, у гэты час назапашвалі мяту. Ёй абкурвалі гандлёвыя месцы для прыцягнення пакупнікоў. А гаспадыні дадавалі мяту ў салаты: мятны водар спрыяе ажыўленай застольнай гутарцы.

uskova@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter