Кафэ пры дарозе

На аўтазапраўках  Магілёўшчыны можна разлічыцца па замежнай картцы і купіць сувенір з эмблемай чэмпіянату свету-2014 па хакеі

На аўтазапраўках  Магілёўшчыны можна разлічыцца па замежнай картцы і купіць сувенір з эмблемай чэмпіянату свету-2014 па хакеі

Адзінаццаць кіламетраў ад Чэрыкава — і на павароце да аграгарадка Сакалоўка трапляеш акурат у «Панскі двор». Чаму сям’я Чарновых менавіта так назвала сваё прыдарожнае кафэ? Па-першае, каб кожны вадзіцель ведаў: накарміць тут, сапраўды, могуць па-панску! Па-другое, былая паштовая станцыя вартая добрага статуса.

Хаця, каб давесці да ладу будынак, якому больш за сто гадоў, гаспадарам прыйшлося пастарацца.

— Вокны былі разбітыя, дзверы выламаныя, сцены абсыпаліся. Але ўсё роўна аказаліся моцнымі — як ні кажы, а нашы продкі сваю справу ведалі, — расказаў Аляксандр Чарноў.

Нямала часу пайшло на ўзгадненне дакументаў. А на аднаўленне асабняка наогул затрацілі цэлы год! «Усе грошы, якія сабралі на рамонт уласнай кватэры, выдаткавалі на гэтыя мэты», — прызнаўся Аляксандр Віктаравіч. Затое зэканомілі на будаўніках: амаль усё рабілі сваімі рукамі. Вядома, спрачаліся, хваляваліся: новы праект радыкальным чынам мяняў уклад усёй іх сям’і. Жонцы Ларысе Пятроўне прыйшлося ўспомніць сваю першую прафесію — повара. А Таццяна Міхайлаўна, маці прадпрымальніка, стала бухгалтарам. Сямігадовы сын Іван таксама дапамагае і двор падмесці, і посуд са стала сабраць.

— Першага кліента ў дзень адкрыцця чакалі да вечара, — успамінае Аляксандр Віктаравіч. — А праз месяц-другі з’явіліся ўжо «свае» дальнабойшчыкі. Некаторыя нават спецыяльна робяць невялікі крук па дарозе на Маскву, каб у нас паабедаць. «Панская» кухня, кажуць, вельмі смачная! І ўсё здзіўляюцца, што цэны не растуць.

Зараз Чарновы ладзяць стаянку для машын, а ў перспектыве плануюць  адкрыць і міні-гасцініцу.

— Паесці і адпачыць на трасах рэгіёна сёння можна ў 65 кафэ, барах, рэстаранах, — расказала намеснік начальніка аддзела Ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Кацярына Сарокіна. — А ў шматлікіх міні-маркетах — купіць у дарогу тое, што трэба.

У цэлым у Прыдняпроўскім краі працуе каля 200 аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. Гэта стаянкі і АЗС, гасцініцы і станцыі тэхабслугоўвання. Большасць — на магістралях рэспубліканскіх і міжнароднага значэння, дзе вялікая інтэн-сіўнасць руху.

— Напрыклад, па трасе Мінск—Гомель, па апошніх падліках, за суткі праязджае каля 9 тысяч аўтамашын, — удакладніў кіраўнік сектара па ўтрыманні дарог і бяспецы руху РУП «Магілёўаўтадор» Васіль Пасканны. — Даволі бойкія таксама магістралі Крычаў—Бабруйск, Бабруйск—Мазыр.

Попытам карыстаюцца і паслугі прыдарожных аб’ектаў у раёнах, якія мяжуюць з Расіяй. У аграгарадку Звянчатка Клімавіцкага раёна, ад якога да Смаленшчыны рукой падаць, адкрыты адміністрацыйна-гасцінічны комплекс. З карчмой, гасцініцай, стаянкамі і іншымі выгодамі. І ён не пустуе. Прадпрымальнікі, якія вырашылі заняцца прыдарожным бізнесам, шукаюць розныя шляхі, каб зацікавіць ва-дзіцеляў спыніцца менавіта на іх кропках. «Гандлёвы дом Красніцкіх» ля вёскі Салтанаўка ў Магілёўскім раёне прапануе адпачынак у рэстаране ці бары ў нацыянальным стылі. Усёй сям’ёй можна заехаць і на страусавае ранча, што непадалёк ад Чавус. Ні дзеці, ні дарослыя тут сумаваць не будуць. Адна ферма з экзатычнай птушкай чаго толькі каштуе! Кафэ, стаянка, драўляныя альтанкі — з тым, што гэты прыдарожны комплекс выгадна адрозніваецца ад іншых, ніхто спрачацца не будзе.

— Згодна з апошнімі патрабаваннямі ўсе АЗС, якія пра-пісаліся на галоўных трасах, павінны быць абсталяваныя аўтастаянкамі, мець міні-магазіны і кафэ. Розныя ж суве-ніры, карты і атласы дарог тут можна набыць і сёння. Мы плануем яшчэ больш пашырыць пералік такіх тавараў, дапоўніць спіс сувенірамі з эмблемай чэмпіянату свету па хакеі-2014, які будзе праходзіць у Беларусі, — адзначыла Кацярына Сарокіна.

Наведвальнікі таксама маюць выбар спосабу разліку — наяўнымі грашыма ці па картцы. Дарэчы, першыя тэрміналы, якія прымаюць замежныя пластыкавыя карткі, з’явіліся на АЗС Магілёўшчыны амаль два гады назад. «Гэта лепшае вырашэнне праблемы адсутнасці там абменнікаў, — лічыць Кацярына Уладзіміраўна. — Для большай зручнасці гасцям здалёку заўсёды гатовы і меню падаць на замежнай мове.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter