Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
Правапіс чуйна рэагуе на перамены ў грамадстве, бо з’яўляецца інструментам рэгулявання пісьмовых зносін і павінен заўсёды быць напагатове “прыняць” той ці іншы моўны факт у свае нормы. Часам гэта адбываецца адразу ж, іншым разам зацягваецца на дзесяцігоддзі. Напрыклад, з’яўляецца новы факт, а значыць, і новая назва, адразу паўстае пытанне пра яе напісанне. Калі рэч становіцца попытнай, набываецца шмат-лікімі людзьмі, адразу актуалізуецца пытанне, як пісаць яе найменне. Асабліва выразна гэта прасочваецца ў наш дынамічны час, калі даступнымі сталі разнастайныя тавары, машыны розных марак. На вуліцах замест савецкіх “жыгулёў”, “масквічоў”, “Волгаў” сталі звыклымі “опелі”, “таёты”, “мерседэсы” “кадылакі”, “хонды”, “міцубісі”, “фольксвагены”, “вольва”, БМВ і інш.
Паводле сучасных слоў-нікаў (Лопатин В.В., Нечае-ва И.В., Чельцова Л.К. Как правильно? С большой буквы или с маленькой? Орфографический словарь. М., 2002.) назвы марак машын заключаюцца ў двукоссе і пішуцца з вялікай літары: аўтамабілі “Масквіч-412”, “Волга”, “Вольва”, самалёты “Боінг-707”, “Руслан”, трактар “Беларус” (раней “Беларусь”). Аднак назвы саміх машын пішуцца ў двукоссі з малой літары: “кадылак”, “масквіч”, “таёта”. Калі ж назвы супадаюць з імёнамі ўласнымі, то пішуцца з вялікай літары: “Волга”, “Ака”. Мусім заўважыць, што і тут ёсць выключэнне: з малой літары пішуцца, хаця супадаюць з імёнамі ўласнымі, словы “жыгулі”, “мерседэс”. У побытавым ужыванні слоўнікі дапускаюць напісанне назвы транспартных сродкаў без двукосся: марыць пра кадылак, прадаў свой старэнькі масквіч, прыехаў на ўазіку, маленькі фордзік. Як правіла, абрэвіятурныя назвы пішуцца без двукосся: МТЗ-80, ЗІЛ, ВАЗ, КамАЗ.
Назвы, напісаныя лаці-ніцай, у двукоссе не заключаюцца: аўтамабілі Toyota Yaris, Peugeot 306, Daewoo Matiz, Skoda Fabia, Lada Priora. Неаднаслоўныя назвы, якія складаюцца з маркі і мадэлі аўтамабіля і напісаны на кірыліцы, пішуцца праз злучок, пры гэтым усе часткі наймення пішуцца з вялікай літары: “Лада-Прыёра”, “Таёта-Карола”, “Рэно-Меган”, “Ні-сан-Тэана”, “Хёндай-Гетц”, “Нісан-Альмера-Класік”, “Судзукі-Гранд-Вітара”, але: “Фольксваген-жук” (агульны назоўнік “жук” ужыты ў пераносным значэнні).
Такім чынам, пры напісанні ў якасці назвы вытворчай маркі машыны правільна ўжываць: аўтамабіль “ВАЗ-2106”, аўтамабіль “Газэль”, аўтамабіль “Фольксваген-жук”, але як назва самой машыны: ВАЗ-2106, “газэль”, “фольксваген-жук”. Грувасткія рэкамендацыі выкліканы стракатай маўленчай практыкай.
Новая рэдакцыя “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” рэгламентуе напісанні такога кшталту. З вялікай літары пішуцца ў двукоссі адна-слоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах арганізацый: адкрытае акцыянернае таварыства “Камунарка”, рэспубліканскае ўнітарнае прад-прыемства “Мінскі трактарны завод”, установа “Рэдакцыя газеты “Рэспубліка”, кінатэатр “Перамога”, гасцініца “Юбілейная”, рэстаран “Журавінка”, кафэ “Світанак”, кандытарскі магазін “Ласунак”, кнігарня “Слова”, рэспубліканскае ўнітарнае прад-прыемства “Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, спарткомплекс “Раўбічы”, санаторый “Крыніца”, турбаза “Дняпро”, медыцынская служба “Хуткая дапамога”, Беларускі рэспубліканскі фонд “Узаемаразуменне і прымірэнне”, студыя “Сябры”, установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”.
Звернем увагу на адну даволі распаўсюджаную памылку: пісаць з вялікай літары пры назвах раённых газет адносныя прыметнікі (вілейская, драгічынская, добрушская і інш.). З вялікай літары пішуцца аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах перыядычных выданняў, кніг, атласаў, карт і інш.: часопіс “Полымя”, газета “Звязда”, вілейская раённая газета “Шлях Перамогі”, добрушская раённая газета “Добрушскі край”, драгічынская раённая газета “Драгічынскі веснік”, інфармацыйны бюлетэнь “Беларусіка”, летапіс “Хроніка Быхаўца”, даведнік “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, кніга “Літоўскі статут”, перыядычнае даведачнае выданне “Летапіс друку”, карта “Рэспубліка Беларусь”.
З вялікай літары павінны пісацца:
аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах літаратурных, публіцыстычных, навуковых твораў, твораў розных галін мастацтва і інш.: паэма Якуба Коласа “Новая зямля”, камедыя Янкі Купалы “Паўлінка”, верш М.Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”, песня “Ой, рэчанька”, кінафільм Э.Клімава “Ідзі і глядзі”, карціна В.К. Бялыніцкага-Бірулі “Зазелянелі беларускія бярозкі”, габелен Г.Ю. Юзеевай-Шаблоўскай “Жанчыны Палесся”, акварэль М.Л. Тарасікава “Букет бэзу”, опера А.В. Багатырова “У пушчах Палесся”, танец “Лявоніха”, казка “Сцяпан — вялікі пан”;
аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў побыту, прамысловых і прадуктовых тавараў: набор мэблі “Вязынка”, зубная паста “Лясная”, пральны парашок “Ветразь”, хлеб “Водар”, сыр “Нарач”, цукеркі “Крыжачок”;
назвы вытворчых марак тэхнічных вырабаў (машын, механізмаў, прылад, збудаванняў і інш.) бяруцца ў двукоссе і пішуцца з вялікай літары: аўтамабіль “Жыгулі”, камбайн “Ніва”, трактар “Беларус”, тэлевізар “Гарызонт”, іанізатар “Аніён-40Т”, радыё-прыёмнік “Селена-403”. Назвы саміх вырабаў (акрамя назваў, што супадаюць з асабовымі і геаграфічнымі назвамі) пішуцца ў двукоссі з малой літары: “масквіч”, “вольва”, “боінг” (самалёт), “гарызонт” (тэлевізар), але: “Мінск” (халадзільнік), “Волга” (аўтамабіль).
Зваротная сувязь
Добры дзень! Ці можна ўжываць наступны сказ “прайшоў пікет у падтрымку”. Мне здаецца, што ён пабудаваны ня-правільна.
Вольга, г. Мінск
— Вы маеце рацыю. Лексема “пікет” у прыведзеным кантэксце ўжыта няправільна, бо семантычна не сумяшчаецца са словамі “ў падтрымку”. Пікет — гэта ‘група дэманстрантаў, якія выражаюць пратэст, нязгоду з рашэннямі, палітыкай урадавых органаў’.
Прывітанне, рубрыка! Колькі разоў чула, як псіхолагі слова рэфлексія вымаўляюць з націскам на перадапошнім складзе: рэфлекс??ія. Хіба гэта так? Дзякуй.
Таццяна Яўгенаўна, г.Мінск
— Правільна вымаўляць: рэфл?ексія. З націскам на другім складзе.
Добры дзень! Як перакласці на беларускую мову выраз “половое созревание”? З удзячнасцю выкладчык БДПУ.
— Карэктна па-беларуску: палавое выспяв?анне (ужыта ў пераносным значэнні).
Добрага вам здароўя! Дзякуй за рубрыку! Дазвольце пытанне. Правільна: Ефрасіння ці Еўфрасіння?
— Правільна: Ефрасіння. У “Правілах” (2008) зафіксавана: Крыж Ефрасінні Полацкай.