Iснуючыя і будучыя тэхналогіі, якія забяспеч­ваюць бесперабойную працу атамных электра­станцый, абмеркавалі на канферэнцыі на базе БДУІР

Кадры для АЭС праходзяць загартоўку

Iснуючыя і будучыя тэхналогіі, якія забяспеч­ваюць бесперабойную працу атамных электра­станцый, абмеркавалі на канферэнцыі на базе БДУІР.

Каля ўстаноўкі для вывучэння датчыкаў параметраў тэхналагічных працэсаў Максім ШАПЯТУНКА, Яўген ЗВЯРКО, загадчык кафедры электронікі Сяргей Віктаравіч ДРОБАТ, Дзмітрый ДУБАТОЎКА, Юлія РУКОЙЦЬ і Міхаіл БОГДАН.

Месца правядзення канферэн­цыі, расказала першы прарэктар па вучэбнай рабоце і менеджменце якасці БДУІР Алена Жывіцкая, было абрана не выпадкова: з 2008 года ВНУ ўдзельнічае ў дзяржпраграме па падрыхтоўцы кадраў для атамнай энергетыкі краіны. Першы выпуск спецыялістаў, якія стануць ля руля ў тым ліку і Беларускай АЭС, прайшоў у мінулым годзе.

Расійскія ўдзельнікі канферэн­цыі не толькі госці, але і даўнія партнёры ВНУ – яны паставілі сюды сучаснае лабараторнае абсталяванне. «Адукацыйныя праграмы ВНУ распрацаваны на між­народным узроўні, а стандарты адобраны МАГАТЭ, таму студэнты атрымліваюць самыя сучасныя і канкурэнтныя на сусветным рынку веды, — кажа Алена Жывіцкая. — Студэнты БДУІР праходзяць практыку, а выкладчыкі стажыруюцца за мяжой. Гэта АЭС і навучальныя цэнтры Расійскай Федэрацыі, якія даюць веды, каб працаваць на рэактары, падобным таму, што будзе ўсталяваны на Беларускай АЭС. Месцамі стажыровак былі Італія, Францыя, Швецыя».

Першы намеснік галоўнага канструктара ФГУП «УНДІА» доктар тэхнічных навук Уладзімір Кіш­кін перакананы, што канферэнцыя — адно з мерапрыемстваў, якія азначаюць новую старонку ў развіцці Беларусі як атамнай дзяржавы. Інстытут, распрацоўкамі якога аснашчаны фактычна ўсе АЭС расійскага ўзору, асаблівую ўвагу надае аспектам бяспекі працы атамных электрастанцый. Апошняя з навінак дазваляе абараніцца ад сістэмных памылак праграмы. «Гэта значыць, два розныя напрамкі працуюць паралельна і створаны рознымі людзьмі, на рознай апаратуры, запраграмаваныя рознымі праграмістамі, — тлумачыць спецыяліст. — Таму верагоднасць узнікнення памылкі роўная нулю. Сістэм, аналагічных нашай, пакуль няма. Мы прапанавалі таксама методыку эксперыментальнай ацэнкі верагоднасці ўзнікнення такой памылкі. Гэта ўжо пятае пакаленне нашай тэхнікі».
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter