Писатель Илья Гурский возглавлял журнал "Партизанская дубинка"

Качагар з Уздзеншчыны

Мінчанам добра знаёма вуліца Гурскага. Ці ўсе, аднак, ведаюць, у гонар каго яна названая? Нагадаем: Ілля Гурскі — беларускі пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, нарадзіўся 120 гадоў таму ў вёсцы Замосце Ігуменскага павета. 
Давайце ўспомнім цікавыя факты з жыцця сённяшняга юбіляра.

1. Працаваў качагарам

Ілля нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і і ў 1914-м, калі пачалася Першая сусветная вайна, скіраваўся ў Петраград у пошуках заробку. Працаваў нейкі час «мужычком» — так называўся падсобны рабочы на пякарні. Тады ўладкаваўся качагарам на паравозе, які абслугоўваў Абухаўскі сталеліцейны завод. Пасля ён напіша п’есу «Качагары», прысвечаную жыццю пралетарыяту.

2. Чуў прамову Леніна з балкона палаца Кшэсінскай

На Абухаўскім заводзе Ілля ўпершыню і пачуў выступленне Леніна. Юнак цалкам падзяліў рэвалюцыйныя настроі петраградаўскіх рабочых. Давялося слухаць правадыра пралетарыяту і з балкона палаца балерыны Кшэсінскай, фаварыткі царскай сям’і, дзе быў штаб бальшавікоў. Амаль кожны зборнік апавяданняў Іллі Гурскага пачынаўся з аповеду «Перад бурай», пра Леніна ў Шушанскім. Іван Шамякін у сваіх успамінах згадваў: «У хуткім часе пасля заканчэння партшколы мяне паклікаў сакратар партбюро Ілля Данілавіч Гурскі на «сур’ёзную размову» і паведаміў, што ёсць думка выбраць мяне сакратаром. Па-мойму, стары схітраваў: хацеў вызваліцца ад гэтай нялёгкай для таго часу нагрузкі, а ківаў угору: «Ёсць думка». Шамякін, дарэчы, заўсёды цёпла згадваў свайго папярэдніка на пасадзе сакратара пісьменніцкай партарганізацыі: «Круціўся, як уюн на патэльні, як пісаў некалі Ілля Данілавіч Гурскі, добры і мудры чалавек».

3. Быў у складзе стваральнікаў Саюза пісьменнікаў БССР

У пастанове Бюро ЦК КП(б)Б ад 27 мая 1932 г. «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый у БССР» у п. 2 гаворыцца, што для правядзення работы па стварэнні Саюза савецкіх пісьменнікаў трэба вылучыць арганізацыйнае бюро. У складзе дзесяці сяброў гэтага бюро значыцца Ілля Гурскі. Цікавы факт: у праекце В.Жаброўскага пастановы Бюро ЦК КП(б)Б «О фактах проникновения классово-враждебных, национал-демократических влияний в художественной литературе БССР» усім адказным таварышам даюцца вымовы, але выкраслена «тов. Гурскому — б. зав. Главискусства — строгий выговор». Зрэшты, Ілля Гурскі сам адсочваў «варожыя вылазкі»: «Артысты беларускага народнага ансамбля песні і музыкі звычайна выступалі на сцэне ў нацыянальных строях: у кашулях, вышытых беларускім арнаментам, і белых штанах. Гурскі загадаў замяніць белыя штаны на чорныя, а кашулі сталі нагадваць пінжакі, толькі без беларускага арнаменту». 

4. Падпісваўся «Лявон Бушма»

Цікава, што сярод псеўданімаў Іллі Гурскага быў Лявон Бушма — прынамсі, менавіта так ён падпісваў свае фельетоны ў газеце «За Савецкую Беларусь» у 1942 годзе. А ў Кузьмы Чорнага ёсць аповесць «Лявон Бушмар», надрукаваная ў 1939 годзе, за якую яго праследавала «аглабельная крытыка». Нават тэрмін «узнік» — «бушмараўшчына». Лявон Бушмар у аповесці — хутаранін, кулак, які падпальвае калгасную маёмасць. Цікава, гэта супадзенне ці Ілля Гурскі свядома запазычыў амаль дакладна імя літаратурнага героя Чорнага? 

5. Узначальваў газету «Партызанская дубінка»

Падчас вайны Ілля Гурскі стаў сакратаром газеты «За Савецкую Беларусь», прызначанай для партызан i насельніцтва акупіраванай Беларусі. А ў сакавіку пры газеце пачало выходзіць сатырычнае выданне «Партызанская дубінка» пад рэдактарствам Гурскага. Гэта была газета-лістоўка, якую закідвалі ў тыл ворага, і праіснавала яна да 1943‑га. Ілля Гурскі сам нямала пісаў для свайго баявога выдання. Вось, напрыклад, фельетон «Ого-го, каза»: обер-лейтэнант Вілі Шульц зайшоў у хату беларускай сялянкі Тадоры Барысевіч і запатрабаваў, каб яму арганізавалі калядныя святы. Калі мясцовыя хлопцы прывялі яму казу, тая выявілася пераапранутым партызанам Піліпам Пацярухам, які і забіў карніка.

   
Памёр Ілля Гурскі ў 1972 годзе, пахаваны на Усходніх могілках. Самае вядомае яго выказванне — «Паэту трэба многа ведаць, каб было пра што людзям гаварыць».

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter