Кабардзiнскi Янка Купала

У Бабруйску адзначаць 110-годдзе з дня нараджэння Алi Шагенцукава

У Бабруйску свята захоўваюць памяць пра паэта Алi Шагенцукава, якi загiнуў тут у гады Вялiкай Айчыннай вайны

Гэтыя вершаваныя радкi належаць пяру Алi Шагенцукава. Яго iмя добра вядома ў Кабардзiна-Балкарыi. У творчай скарбонцы паэта сем вершаваных раманаў, дзевяць паэм, шмат iншых твораў, якiя сабраны больш чым у дзесятку кнiг. Не дзiва, што Алi быў у сябе на радзiме паэтам нумар адзiн, узначальваў мясцовую пiсьменнiцкую арганiзацыю. Паэт, мыслiцель, уплывовая асоба.

Калi бы тая чорная хмара насунулася вайна, Шагенцукаў адпраўляецца на фронт. Паводле адных звестак, ён сам, нягледзячы на тое, што распачаў пяты дзясятак, выказаў такое жаданне, па iншых — яго адправiлi ў самую мясарубку, бо быў «нязручны» як сапраўдны паэт, займаў высокую грамадзянскую пазiцыю, мог у сваiх творах выказаць крытыку, незадавальненне…

Так цi iнакш, але Шагенцукаў надзеў ваенную форму. Разам з такiмi ж, як сам, рэзервiстамi быў адпраўлены пад Кiеў, дзе немцы разварочвалi наступленне. Аднак па дарозе, у раёне станцыi Лохвiца Палтаўскай вобласцi, эшалон з вайскоўцамi быў перахоплены ворагам. Шагенцукава i яго таварышаў адправiлi ў канцлагер пад Крамянчуг, праз месяц — у лагер смерцi № 131, якi размяшчаўся на тэрыторыi старой крэпасцi ў Бабруйску.

Пачалося нялёгкае лагернае жыццё. Немцы, даведаўшыся, што сабой уяўляе асоба Шагенцукава, спрабавалi схiлiць яго на свой бок. Аднак калi зразумелi, што гэтыя намаганнi дарэмныя, пачалi яго дапытваць, катаваць… Гэта ўсё трэба было вытрымаць, не зламацца. Паэт адказваў ворагам сваiмi вершамi. Яго творы падхоплiвалi таварышы, нехта пераклаў яго верш на музыку. Трымалiся, наколькi гэта было магчыма. Шагенцукаў кожны дзень малiўся. «За каго?» — пыталiся ў яго. «За краiну, народ, за вас, мае таварышы, — адказваў ён. — Дзякуй Богу, што яшчэ адзiн дзень пражылi!»

Аднак сiлы, падарваныя лагернымi ўмовамi, слабелi. Выратавання не было…

Вось як потым будзе ўспамiнаць зямляк паэта Дукман Шыдугаў: «Я быў у пахавальнай камандзе, адвозiлi на самаробнай цялежцы памерлых цi закатаваных сваiх таварышаў з тэрыторыi лагера ў блiжэйшы яр. Няўдзячная справа, але ж i без яе не абысцiся… Дык вось аднаго разу ў нашу цялежку трапiла цела Алi Шагенцукава, мы яго пазналi па высокiм iлбе, па твары, на якiм, здавалася, застылi думкi. Я папрасiў таварышаў па пахавальнай камандзе дапамагчы выкапаць магiлу на дне яра. Гэта мы рабiлi рукамi, бо нiякага iнструменту ў нас не было. Апусцiлi цела ў магiлу, пастаялi каля яе ў маўчаннi: «Хай табе, браце, зямля будзе пухам…»

Праз некаторы час пра смерць Шагенцукава да­ведаюцца жонка i дзецi ў яго роднай вёсцы Старая Крэпасць. Блiзка да сэрца ўспрымуць гiбель свайго знакамiтага земляка жыхары Кабардзiна-Балкарыi, яго iмем назавуць пiк Эльбруса, шэраг прадпрыемстваў i арганiзацый, вулiцы, праспекты. На ра­дзiме iснуе тэатр яго iменi, адкрыты музей, ён i сёння ва ўдзячнай памяцi нашчадкаў.

Ды i беларусы не засталiся ўбаку: бабруй­скай гарадской бiблiя­тэ­цы № 7 прысвоена iмя Алi Шагенцукава. Яе работнiкi ўсё зрабiлi, каб больш даведацца пра сына кабардзiнскага народа: тут i яго творы, i скульптурны партрэт, запiсы гасцей з Кабардзiна-Балкарыi. У немалой ступенi садзейнiчала гэтаму тое, што работнiкi бiблiятэкi пабывалi на радзiме Шагенцукава, змаглi лепш адчуць i самога паэта, i той край, дзе ён жыў.

— Шагенцукаў у кабардзiнцаў, што ў беларусаў Купала, — удакладняе выконваючая абавязкi загадчыцы бiблiятэкi Алена Халадок. — Яго там вельмi шануюць. Напрыканцы кастрычнiка мы адзначаем 110-годдзе з дня нараджэння паэта. Плануецца шэраг мерапрыемстваў, чакаем гасцей з Кабардзiна-Балкарыi…

На здымку: Алi Шагенцукаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter