В Юрьев день шли на поле и качались по ниве

Каб зямля радзіла

Юр'я — старадаўняе свята земляробчага календара, якое адзначалася 6 мая ў гонар святога Георгія Пераможцы — заступніка хатняй жывёлы і гаспадаркі.



У гэты дзень здзяйснялі абрадавы абыход палёў, варажылі на будучы ўраджай, качаліся па ніве, каб зямля радзіла і давала здароўе. Моладзь абыходзіла двары, спяваючы юр'еўскія песні — пра тое, як Юрый адмыкае зямлю ключамі і выпускае расу і вясну. Да Юр'я прымяркоўваўся першы выган статка ў поле — «на юр'еву расу», якой надавалася цудадзейная моц. Вечарам напярэдадні свята ўпершыню выводзілі на начлег коней, рабілі спецыяльныя абрады для абароны жывёл.

Свята і сёння адзначаюць у многіх рэгіёнах Беларусі. Найбольш вядомы абрад — «Юраўскі карагод» — ладзяць у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Яго галоўны атрыбут — абрадавы хлеб-каравай, які называюць «карагод». Вяскоўцы разам яго гатуюць, упрыгожваюць кветкамі з яркіх папяровых стужак і жывымі квітнеючымі галінкамі садовых дрэў, а пасля ідуць з ім на поле на ўскраіне вёскі. Акраец хлеба закопваюць у зямлю — каб шмат урадзілася збожжа. Там жа, у полі, водзяць карагоды, спяваюць абрадавыя песні, пасля чаго ўсе вяртаюцца ў вёску. Цікава, што «Юраўскі карагод» першы з нематэрыяльных аб'ектаў папоўніў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. А 11 снежня 2019 года абрад быў уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.



Даведацца больш пра гэты ўнікальны абрад можна будзе заўтра ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту — там пройдзе абрадавае мерапрыемства «Юр'я». У праграме майстар-клас па вырабе лялькі коніка, расповед пра традыцыі свята і ікону святога Георгія Пераможцы, традыцыйны абыход двароў, юр'еўскія песні, народныя гульні і танцы, выступленне фальклорнага калектыву і іншае.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter