Што хаваюць у полі жыхары вёскі Валосавічы Чачэрскага раёна?

Каб жыта ўрадзіла

У старажытным абрадзе “Страла” выразна прасочваецца сімвалізацыя звароту да розных сіл і з’яў прыроды аб дапамозе ва ўраджаі. У ваджэнні “Стралы” — своеасаблівая спроба ўмяшацца ў прыродныя працэсы з мэтай адвесці бяду ад паселішчаў і хлебных ніў.

Фота аўтара

Старэйшыя жыхары вёскі Валосавічы Чачэрскага раёна вераць, як верылі і іх дзядулі з бабулямі, што “Страла” не толькі адводзіць ад хат і палеткаў маланкі, град, ураганы і іншыя небяспечныя стыхійныя праявы, але і ўмацоўвае здароўе, спрыяе ў хлебаробскіх клопатах, а значыць, паляпшае і дабрабыт.

Штогод мясцовыя жыхары праводзяць “Стралу” за вёску ў жыта. Абрад з ваджэннем карагодаў і пад адмысловыя песні праходзіць праз усё паселішча. Валосавіцкія песні — сапраўдны помнік палескага фальклору, іх спявалі яшчэ ў тыя далёкія часы, калі людзі пакланяліся богу Перуну. Водзяць “Стралу” тут на праваслаўнае свята Ушэсце (у гэтым годзе яно прыпадае на 17 мая). У пачатку спяваюць “вясну” — так званыя вясновыя песні.

Першае скрыжаванне ў Валосавічах спрадвеку называюць “Цэнтральнае”, на ім сыходзяцца спеўныя гурты з усіх вясковых вуліц і куточкаў. Жанчыны бяруцца за рукі і водзяць карагод па ходу сонца.

“А давайце пойдам у жыта, павядзём “Стралу” хаваць!” — кліча адна з удзельніц абрада. Гучны строй шматлікіх галасоў зараз жа падхоплівае: “Пойдам, пойдам!..” Жанчыны становяцца шырокім фронтам на ўсю вуліцу і, моцна трымаючыся адна за адну, ідуць у поле. Над вёскай плыве “стрэльная” песня:

Ой, ляці, “Страла”, дай у край сяла,

Ой лі, ой люлі, дай у край сяла.

Ты не бей, “Страла”, добра моладца,

А ўбі, “Страла”, чорнага ворана,

Па чорнаму ворану некаму крахаці,

Па добраму моладцу ёсць каму плакаці...

На “раскрэсах” — другім скрыжаванні на шляху “стралы” (у Валосавічах яго называюць яшчэ і “Старасельскі”) — дарогі разыходзяцца ў чатыры бакі. На ўскрайку жытнёвага поля “Страла” спыняецца — нельга без малітвы і Божага блаславення заходзіць на ніву. З гурта выходзіць старэйшая з жанчын, робіць некалькі крокаў у жыта і, хрысцячыся, нетаропка пераказвае малітвы. З яе вуснаў злятаюць словы “Ойча наш” і “Святая Тройца”, у яе малітвах зварот да Бога, просьба аб блаславенні на добры ўраджай, на заступніцтва ад бяды, якую можа ўчыніць летняя маланка альбо дождж. Жанчына апускаецца на калені, цалуе “святую зямельку-карміцельку”. Усе ўдзельнікі працэсіі моляцца, моўчкі пазіраюць на зялёную рунь.


Дзяўчынкі і хлопчыкі, ледзь дачакаўшыся апошніх слоў малітвы, бягуць у глыб поля, разыходзяцца, каб патаемна ад чужых вачэй схаваць у зямлі пярсцёнак, манетку, бліскучы гузік альбо шкляную гарошынку з пацерак. Нельга, каб хто бачыў, дзе яны закопваюць свае ахвяры “Страле”.

Пакуль у полі цягнецца гэтая вясёлая гульня-хованка, а старыя і маладыя жанчыны качаюцца па жыце (каб не балелі спіны), на ўскрайку распальваецца агеньчык. У Валосавічах у адрозненне ад іншых мясцін, дзе дагэтуль водзяць “Стралу”, захаваўся звычай скакаць праз вогнішча і качацца вакол яго па ходу сонца.

“Цяпло” (гэтак называюць вогнішча) ачышчае цела ад хвароб, а душу — ад дрэннага”, кажуць у Валосавічах. Дзеці скачуць праз агонь, старэнькія бабулькі і тыя хочуць пераскочыць праз “цяпло”.

Уволю нацешыўшыся каля вогнішча, удзельнікі “Стралы” разыходзяцца па хатах, каб падрыхтаваць святочныя стравы і вынесці сталы на вуліцу, запрасіць да іх суседзяў, родных, сваякоў. Галоўная ежа — яешня са смажаным салам. Гэтак вядзецца з даўніх-даўніх часоў і захоўваецца ў наш, багаты на самыя розныя стравы час. За святочнымі сталамі да самага вечара гучаць песні ў валосавіцкай манеры, не падобнай ні на якія іншыя.

Максім Вечар

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter