Конкурс «СГ» продолжается: мы ищем лучшую частушку на аграрную тему

Каб з прыбыткам год закончыць, трэба граматна дзяліць

Нагадваем, што нас цікавяць усе яе кірункі — хлеб, хлебароб, родная зямля, любімая вёска, сельская моладзь… Пераможцы конкурсу не толькі атрымаюць памятныя падарункі, але і змогуць бліснуць сваімі талентамі ў Мінску на XXIII Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ  ў Беларусі» 2–4 мая.

Загадчыца клуба-бібліятэкі з вёскі Мусічы Слуцкага раёна Марына ДУРЫЦКАЯ (справа) з дачкой Дар'яй у кампаніі Наталлі ВАРАНЕЦКАЙ (у цэнтры).

Адзін з яскравых прэ­тэн­дэнтаў на перамогу — Наталля Варанецкая, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце філіяла «Падсобная сельская гас­падарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат». Наш конкурс натхніў жанчыну на складанне цэлай серыі прыпевак. Адметныя яны таму, што іх літаратурныя героі — зборны вобраз супрацоўнікаў правінцыяльнага «калгаса».

– Прызнаюся, доў­га прымерва­ла­ся да та­го, каб вам выслаць свае работы. Але рызыкнула: сын пад­ба­дзё­рыў, — расказала Наталля Георгіеў­на. — Спачатку «ўзгадніла» прыпеўкі з кі­раў­ні­ком нашай гаспадаркі. Ён даў дабро. Калі пераможам, хоць цэлым калектывам завітаем да вас на выставу «СМІ ў Беларусі». Гэта будзе для нас вялікі гонар. Тым больш «Сельскую газету» асабіста я выпісваю вельмі даўно, нават не ўспомню, колькі дакладна гадоў.

Наталля Варанецкая нарадзілася ў вёсцы Маяк Слуцкага раёна. Па адукацыі эканаміст. У гаспадарцы, дзе зараз працуе, з 1994 года. Муж частушачніцы — таксама там жа, вадзіцель. Сын — студэнт факультэта інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Вершы, прыпеўкі, байкі і сцэнарыі свят Наталля Варанецкая піша даўно. Але не выконвае аўтарка сваіх твораў: яе прыпеўкі пяюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці клуба-бібліятэкі з вёскі Мусічы, дзе жыве наша канкурсантка. Сёння мы друкуем яе сатырычныя чатырохрадкроўі.

Каб паўдзельнічаць у нашым спаборніцтве, патрэбна запісаць відэаролік на адну хвілінку, дзе вы сольна ці з цэлым калектывам выконваеце свае прыпеўкі. Нам не прынцыпова, якая ў вас прафесія, узрост, мова выканання. Мы шукаем арыгінальныя, за­вад­ныя, нават забіяцкія ча­ты­рох­рад­коўі. Відэа павінна суправаджацца паведамленнем, у якім патрэбна пакінуць свае каардынаты, расказаць пра сябе і гісторыю стварэння прыпеўкі. Заяўкі прымаюцца да 23 красавіка. Паважаныя частушачнікі, запрашаем да ўдзелу! Засталося не так шмат часу!
Наталля ВАРАНЕЦКАЯ

* * *

А ў бухгалтара тыя грошы,
Нібы птушкі «фіць ды фіць».
Каб з прыбыткам год закончыць,
Трэба граматна дзяліць.

* * *

Аграном наш назакладваў
Цэлу яму сенажу.
Як бычкі дадуць прывесу,
Махнём у водпуск за мяжу.

* * *

А наш Косця жарты любіць —
Гэта ведаюць усе.
То ён жатку ў полі зложыць,
То бутэльку прынясе.

* * *

Навігацыю прыдбалі,
Сталі хлопцы кіслыя.
Адзін рэйс яны рабілі,
Ну а тры — прыпісвалі.

* * *

Аграном наш садавод
Усё ніяк ні жэніцца.
У садзе, дзеўкі, заваліце,
Нікуды не дзенецца.

* * *

Вельмі пільны «зам» у нас,
Кругом углядаецца.
З торбай зерня ў кустах
Ніхто ні схаваецца.

* * *

Як праверка ў калгас едзе,
Дык мне падабаецца.
Бо й гультай тады шчыруе,
Прыбіраць стараецца.
УВАГА!

Каб прыняць удзел у нашым конкурсе пры­пе­вак, ваш ролік трэ­ба запісаць на CD-дыск і даслаць пош­тай на адрас: г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а. Ці накіраваць сваю заяўку праз ін­тэр­нэт. Для гэтага неабходна за­гру­зіць ролік на адно з воблачных схо­ві­шчаў — «Google Диск» ці «Яндекс.Диск». Ска­піраваць спасылку на загружаны ролік (не сам ролік!) і даслаць яе на электронную пошту uskova@sb.by. Тэлефон для сувязі (8-017) 287-16-21.

uskova@sb.by

Фота з архіва Наталлі Варанецкай.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter