Почему водители оставляют машины возле остановок общественного транспорта

Каб вас тут не стаяла!

Дзверы на прыпынку зачыніліся, аўтобус пачынае рухацца, як рап­там вадзіцель рэзка цісне на тормаз. Пасажыры амаль што валяцца адзін на аднаго, а выкрыкі «Не дровы вязеш!» — бадай, адны з самых бяскрыўдных з тых, што ў такіх выпадках даводзіцца чуць. А вадзіцель і не вінаваты: аўтобус падрэзала і не прапусціла легкавое аўто, нягледзячы на тое, што ў Мінску грамадскі транспарт карыстаецца прыярытэтам. Найбольш вадзіцелі і пасажыры грамадскага транспарту церпяць ад машын, прыпаркаваных ці проста на прыпынку, у зоне дзеяння жоўтай звілістай лініі, ці непасрэдна перад ёй. Карэспандэнт «Р» адправілася на прыпынкі разам з супрацоўнікамі ДАІ Маскоўскага раёна Мінска.

Аўтааматары чамусьці любяць пакідаць машыны ў зоне дзеяння знака «Прыпынак забаронены».
Фот аўтара

Прыпынак супраць патрабаванняў

Вуліца Уманская заўсёды была праблемнай у сэнсе парушэнняў правіл паркоўкі. На ёй знаходзіцца буйны гандлёвы цэнтр, і хаця маюцца пры ім і даволі вялікая бясплатная стаянка, і платны трохпавярховы паркінг, аўтааматары чамусьці любяць пакідаць машыны ў зоне дзеяння знака «Прыпынак забаронены». Некаторыя ставяць свае аўтамабілі проста на прыпынку грамадскага транспарту. Між тым, трафік на ім досыць актыўны: тут спыняюцца аўтобусы, тралейбусы, якія рухаюцца з буйных спальных раёнаў у бок вуліц Чыгуначнай, Сямашкі. 

Аўтамабіль ДАІ аснашчаны апаратна-праграмным комплексам «ПаркРайт» — прыборам, які прымяняецца для фіксацыі парушэнняў правіл стаянкі і
прыпынку. Адна з відэакамер прыбора фіксуе нумары аўтамабіляў, другая распазнае дапушчаныя імі парушэнні. У першы раз мы проста праязджаем міма шэрагу машын, прыпаркаваных у зоне дзеяння знака «Прыпынак забаронены» — магчыма, некаторым вадзіцелям проста спатрэбілася крыху часу, каб забраць або высадзіць пасажыраў. А вось пры наступным праездзе хвілін праз пяць разумны прыбор супаставіць інфармацыю з папярэдняй і зафіксуе нумары парушальнікаў. Пазней яны атрымаюць так званыя «пісьмы шчасця» з паведамленнем аб штрафе ў памеры адной базавай велічыні (27 рублёў).

І мудрагелісты прыбор не патрэбны, каб заўважыць дзве машыны, прыпаркаваныя з яўным парушэннем правілаў. Адна стаіць увогуле на жоўтай звілістай лініі, якая паведамляе, што тут зона прыпынку грамадскага транспарту. Другая — адразу за ёй, на адлегласці, значна меншай за 15 метраў, прадугледжаных правіламі. За яе рулём сядзіць жанчына, якая засяроджана нешта шукае ў тэлефоне, таму Андрэй Калясенка, інспектар ДПС АДАІ Маскоўскага РУУС Мінска, адразу падыходзіць да яе.

— Я заблукала, — сцвярджае дама-вадзіцель. — Спынілася, каб у навігатар «забіць» патрэбны адрас. 

Між тым ад гандлёвага цэнтра подбегам спяшаецца да нас жанчына сярэдніх гадоў. Дарогу хадзіла пытацца, ці што? Яна імкліва заскоквае ў салон, аўто кранаецца з месца. 

Белы «Рэно» падміргвае «аварыйкай» з тэрыторыі, якая пры­значана выключна для грамадскага транспарту, але вадзіцеля ні ў салоне, ні побач з машынай няма. Добра, што пакінуў пад шклом нумар тэлефона, які і набірае Андрэй Калясенка. Неўзабаве малады чалавек прыбягае з апраўданнямі. Ён атрымлівае вусную заўвагу і папярэджанне, што хутка тут будзе працаваць эвакуатар, і тады парушэнне правіл паркоўкі абыдзецца значна даражэй.

Добра, што вадзіцель пакінуў пад шклом нумар тэлефона.
Фота Аляксея МАЦЮША

Праблемы па нарастаючай

— Апошнім часам набылі масавы характар выпадкі, калі аўтаама­тары парушаюць правілы дарожнага руху, паркуючыся паблізу прыпыначных пунктаў, — зазначае Цімафей Кіруценка, намеснік дырэктара філіяла «Тралейбусны парк № 3» ДП «Мінсктранс». — З-за гэтага вадзіцелям маршрутных аўтобусаў, тралейбусаў бывае складана ажыццявіць якасны і бяспечны пад’езд да прыпынку. Яны не могуць наблізіцца да бардзюра, вымушаны заставацца ў першай паласе і высаджваць пасажыраў на праезджай частцы. Гэта нязручна, небяспечна, а для пасажыраў з маленькімі дзецьмі, з абмежаванымі магчымасцямі ці сталага ўзросту — увогуле недапушчальна! Тым самым пагаршаецца якасць пасажырскіх перавозак. Здараецца і такое, што, «праціскаючыся» на прыпынак, тралейбус «чапляе» прыпаркаваную машыну. Гэта цягне за сабой прастой транспарту ў чаканні афармлення ДТЗ, нязручнасці для пасажыраў. 

У асноўным праблемы на прыпынках узнікаюць у спальных раёнах — вечарам, калі вадзіцелі вяртаюцца дадому і ставяць аўто на «свабодным», як ім здаецца, месцы, а таксама раніцай, калі начныя аўтамабілісты, якія прыткнулі сваю машыну на прыпынку, яшчэ спяць, а грамадскі транспарт ужо ідзе па маршруце. 

Па словах Алега Шкурскага, намесніка начальніка АДАІ Маскоўскага РУУС, праблема паркоўкі ў спальных раёнах, асабліва вечарам і раніцай, датычыць таксама месцаў, бліжэйшых за 15 метраў да пешаходных пераходаў. З-за прыпаркаванага транспарту вадзіцелі не бачаць пешаходаў, а тыя, на жаль, не заўсёды спыняюцца, каб пераканацца, что машыны спыніліся або ўвогуле адсутнічаюць паблізу. 

Андрэй Калясенка напамінае, што пешаходы, якія ў пагоні за статусам пасажыра бягуць на чырвоны сігнал святлафора, таксама могуць быць пакараны:

— З такімі парушальнікамі праводзім прафілактычныя размовы. Калі чалавек усведамляе памылку, абмяжоўваемся папярэджаннем. У іншым выпадку штраф складзе ад 1 да 3 базавых (ад 27 да 81 рубля).

Між іншым, за студзень і люты гэтага года ў Мінску зафіксавана 2222 парушэнні правіл паркоўкі і стаянкі.

nevmer@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...