Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы Кішынёва паўдзельнічалі нядаўна ў круглым стале “Мова, якая аб’ядноўвае нас”

Каб у свеце не згубіцца

Дзякуючы Міжнароднаму дню роднай мовы ў многіх краінах больш увагі надаецца мовам, культурам нацыянальных меншасцяў. Вось і ў Малдове сярод іншых ушаноўвалі й беларускую мову. Калі я ўдзельнічала ў круглым стале, пачала пісаць артыкул, то настроена была досыць аптымістычна. Сапраўды, можна й па-філасофску на ўсе праблемы мовы глядзець, аднак… Хочацца падзяліцца думкамі з тымі, каму, як і мне, удалечыні ад Бацькаўшчыны за нашу мову — душа баліць.

Г. Мазур (другая справа) сярод удзельнікаў круглага стала

Удзельнічала не раз у падобных сустрэчах, канферэнцыях. Прыгожа: з прадстаўнікамі іншых народаў сядзім, гаворым на тэмы родных моваў. Слухаючы іншых, адстойваючы інтарэсы беларусаў, прыходжу заўсёды да адной думкі-праўды. Якой там не падзелішся, а сярод сваіх людзей, што цябе зразумеюць, выказацца трэба. Непакоіць мяне зусім не той факт, што ў іншай краіне (у Малдове…) без адпаведных навучальных інстытуцыяў цяжка самастойна дзяцей навучаць роднай беларускай мове — а ў мяне, дарэчы, тры сыны падрастаюць… Па-сапраўднаму хвалюе становішча з роднаю мовай у маёй роднай краіне. Адзін знаёмы ў Кішынёве, які займаецца бізнэсам і рэгулярна бывае ў Беларусі, неяк спытаў: “А навошта ў Малдове вывучаць тую беларускую мову, калі нават i ў Беларусі ёй ніхто не карыстаецца?” Я змагла з’арыентавацца ды адказала яму шматзначным Купалаўскім: “Каб людзьмі звацца!”. Але ж, прызнацца, мне й самой цяжка становіцца на душы, калі прыедзеш дадому — і ну зусім анідзе не чуеш на вуліцах Мінска беларускай мовы.

Нехта скажа: ды кінь ты! “Людзьмі звацца” можна й па-англійску ці па-кітайску. Ну гэта як каму… Так можна і далей разважаць: а ці не ўсё роўна, у якой беларусам дзяржаве жыць… Але ж Незалежнасць — гэта святое для нас! У прыватных выпадках магчымае й “кінь ты”, але ж дзяржаўныя людзі, беларуская інтэлігенцыя, да якой і сябе адношу, даўно адчуваюць тут трывогу. Бо дзяржаўная мова — гэта адзін з найважнейшых элементаў дзяржбяспекі Беларусі. Мовы дзяржаўныя цяпер — як дзве сястрыцы ў нас, але ж ці правільна, што адна з іх — “на пасадзе”, а другая, кажучы па-народнаму, недзе пад лаўкаю ці ў каморцы… Гэткаю Папялушкаю… У нядаўнім “Голасе Радзімы” чытаю: “Самым папулярным на імпрэзе быў верш “А хто там ідзе?”: прагучаў больш за 10 разоў”. Гэта замежныя дыпламаты ў беларускім МЗС выступалі. Я прачытала радкі — як меседж: увесь свет да нашых душаў хоча нарэшце дастукацца. Хочаце “людзьмі звацца” — аддайце роднай мове належнае! І пры тым у галаве маёй не ўкладваецца: як гэта некаторыя з грамадзян Беларусі за 25 гадоў яе Незалежнасці мову беларускую (дзяржаўную!) не вучылі, не вучаць ды яшчэ цынічна заяўляюць: “А зачем учить?.. Никто же на белорусском не разговаривает”…

Прыязджаю дадому — заўсёды цягне паразмаўляць па-беларуску. Мае сваякі, сябры тое добра ведаюць. Ды, на жаль, агульнай беларускай гаворкі хапае ненадоўга. Адвяду крыху душу, пагавару з мамай на мове роднай, а потым накрывае агульная русіфікаваная хваля блізкіх і сяброў. Ну і я ўжо з імі... А пытанне застаецца: за што, чаму гэта мы так самі сябе? Куды ідзём?.. Няўжо не засвоілі ўрокі гісторыі, няўжо досвед старажытнага Полацкага княства, ВКЛ, Рэчы Паспалітай нічому не вучыць? Няўжо навечна быць нам “тутэйшымі” на гэтым свеце...

Адстойваючы родную мову на чужыне, вельмі хочацца верыць у святасць, неабходнасць гэтай справы. Дарэчы, адзін знаёмы, з якім дзялілася развагамі, прапанаваў выбраць для суполкі свой гімн — песню беларускую, якая ўсім спадабаецца. Каб разам яе, збіраючыся, потым спяваць. Мы над тым падумаем. А яшчэ неяк пачула: “Каб святло ўставала ў сілу — трэба й цемра каб была...” І што агонь свечкі ў прыцемках больш “духоўны”, чым сонечным днём. То не будзем саромецца, не будзем стамляцца свечкі роднай мовы ўсюды запальваць!

Мяркую, думкі пра лёс беларускай мовы — не адной мне ў галаве. Любіць мову бацькоў, карыстацца ёй у паўсядзённасці, клапаціцца пра яе будучыню — гэта, мяркую, і ёсць праява сапраўднага патрыятызму. “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”, — многія памятаюць радкі Францішка Багушэвіча з прадмовы да “Дудкі беларускай”. Пра сябе ж я кажу: беларуская мова — гэта першае і асноўнае, што робіць мяне беларускай! Пра тое, дарэчы, гаварыла й 21 лютага ў Бюро міжэтнічных адносін Малдовы на круглым стале “Limba care ne uneşte” (“Мова, якая аб’ядноўвае нас”). Гендырэктар Бюро Алег Бабенка там падкрэсліў, што падобныя сустрэчы ўжо традыцыйныя, такія акцыі “дапамагаюць абараніць і адрадзіць багацце культурнай разнастайнасці шляхам узвышэння моў як формы зносін, узаемадзеяння і ўзаемаразумення паміж народамі”.

Г. Мазур і кіраўнік Бюро міжэтнічных адносін Малдовы А. Бабенка

У круглага стала — высокі статус: у ім паўдзельнічалі саветнік прэм’ер-міністра Міхай Годзя, прадстаўнікі Урада, Мінадукацыі, дыпмісій, лідэры этнаменшасцяў. Міхай Годзя, віншуючы ўсіх са святам, нагадаў пра блізкую і мне ісціну: “Да таго часу, пакуль існуе мова, жыве і сам народ!”.

Кіраўнікі розных этнасуполак расказвалі пра стан, перспектывы развіцця сваёй мовы ў краіне. Я ж акрэсліла шэраг пытанняў наконт жыцця беларускай мовы ў Малдове. На жаль, у краіне няма ніводнай адукацыйнай формы, каб паўнавартасна вывучаць мову тым, хто пажадае. Спадзяемся і верым у лепшае! Я падзякавала кіраўніцтву Бюро міжэтнічных адносін за спрыяльны псіхалагічны клімат для захавання беларускай мовы і культуры ў Малдове. А на заканчэнне імпрэзы беларусы парадавалі ўсіх жывым гучаннем беларускай мовы: у замалёўцы “Мая мова” гучалі вершы Яўгеніі Янішчыц і Генадзя Бураўкіна.

Цяпер на Нацыянальным радыё “Moldova” штомесяц гучыць радыёперадача на беларускай мове “Беларуская крыніца” (яе прафесійна робіць Генадзь Зяньковіч). Мы можам чытаць кнігі ў багатым фондзе беларускай літаратуры ў муніцыпальнай бібліятэцы імя М. Ламаносава. Ахвочыя глядзяць прадстаўленні, самі ўдзельнічаюць у інтэрактыўных беларускамоўных спектаклях Беларуска-малдаўскага этнічнага тэатра “Куфар”. Штогод прыязджаюць да нас творчыя беларускія гурты, прывозяць выдатныя беларускамоўныя праграмы. У нас ідуць праграмы спадарожнікавага тэлеканала “Беларусь 24”. І, натуральна, вялікія магчымасці дае прастора Сеціва: доступ да любых беларускамоўных інтэрнэт-рэсурсаў. Адзінае: каб усім тым карыстацца — беларускую ж мову трэба добра ведаць! І варта ўзвесці яе на пачэсны пасад і ў сваёй душы, і ўсюды, дзе толькі магчыма.

Закончу словамі вялікага паэта Алеся Гаруна, напісанымі яшчэ ў 1910 годзе: “Дык шануй, беларус, сваю мову —/ Гэта скарб нам на вечныя годы./ За пашану радзімаму слову/ Ушануюць нас брацця-народы!”. Дарэчы, радкі можна ўзяць нам і дэвізам для Міжнароднага дня роднай мовы.

Голас Радзімы № 10 (3514), чацвер, 9 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter