«Каб сябраваць, трэба ведаць людзей»

НА МІНУЛЫМ тыдні ў сталічнай сярэдняй школе № 207 сустракалі сваіх латышскіх сяброў. Цёплыя адносіны з даўгаўпілскай школай імя Яна Райніса ўсталяваліся ў іх дзякуючы намаганням латышскіх беларусаў і «Радзімы» — беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой. Прыбалтыйскія педагогі прыехалі, каб бліжэй пазнаёміцца з сучаснай сістэмай адукацыі ў Беларусі і расказаць пра сваю. Школа № 6 горада Даўгаўпілса вядома не толькі тым, што калісь тут вучыліся паэт, драматург і грамадскі дзеяч Ян Райніс і мастак Рыхард Зарыньш, — цяпер гэта школа для нацыянальных меншасцяў, дзе роднай мове і традыцыям вучацца таксама беларускія дзеткі.

Беларускія і латышскія педагогі дзеляцца не толькі вопытам.

— Наша школа мае вельмі даўнія традыцыі, — расказала ў інтэрв’ю «БН» намеснік дырэктара Людміла Войтава. — Яна адлічвае сваю гісторыю з 1875 года. Сёння тут вучацца прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. У нас поўнае ўзаемапаразуменне!

Добра пачуваюць сябе тут і беларусы. Родную мову і традыцыі нашыя маленькія землякі ў Даўгаўпілскай школе факультатыўна вывучаюць, дарэчы, з Таццянай Бучэль, выкладчыцай Даўгаўпілскага педагагічнага ўніверсітэта і актыўнай дзяячкай беларускай дыяспары за мяжой. Увогуле ў Латвіі сёння жывуць каля васьмідзесяці тысяч нашых суайчыннікаў.

— І горад у нас таксама шматкультурны: ёсць і рускія, і беларусы, і палякі, і цыгане, — падтрымала калегу Сална Валыя. — Мы жывём у Еўропе — розныя людзі на адной прасторы. Нам трэба сябраваць, а каб сябраваць, трэба ведаць людзей, іх традыцыі, культуру. Гэтыя веды толькі ўзбагачаюць нас саміх.

Латышскія педагогі мараць аб тым, каб латышская і беларуская школы маглі абменьвацца не толькі настаўнікамі, каб навучэнцы таксама ездзілі адзін да аднаго ў госці, аднак пакуль больш цеснаму сяброўству перашкаджаюць візы. Тым не менш развіваць добрасуседскія адносіны вельмі важна. Тое негатыўнае, што часам адбываецца ў палітычных адносінах, лічаць латышскія настаўнікі, гасіцца менавіта ў адносінах паміж людзьмі.

Наталля ШЧАСНАЯ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter